Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
25 красавіка
1918. Тэлеграма кайзеру Вільгельму ІІ
Сумная падзея ў гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі адбудзецца праз месяц пасля абвяшчэння яе незалежнасці ў сакавіку 1918 года.
Фракцыя «Менскага беларускага прадстаўніцтва» на пасяджэнні Рады БНР ініцыявала прыняцце тэлеграмы кайзеру Вільгельму II, у якой заяўлялася, што будучыню Беларусі яны бачаць пад апекай германскай дзяржавы.
Ужо ў часы стварэння гэтага дакумента сам факт яго існавання выклікаў зяцятыя спрэчкі паміж умоўнымі «правымі», якія і склалі тэлеграму, і «левымі», якія не маглі змірыцца з гэтым. Так, Сымон Рак-Міхайлоўскі выступіў катэгарычна супраць яе, зазначыўшы, што «грамада сябе гэтай тэлеграмай пахавала».
Крок быў, пэўна, сапраўды недальнабачны. Бо ні кайзераўская Германія, ні яе саюзнікі Беларускай Народнай Рэспублікі не прызналі ні ў якім выглядзе. А савецкай прапагандзе потым гэты акт даў нагоду для шматлікіх спекуляцый.
26 красавіка
1883. Памёр Напалеон Орда
Ці не самы пазнавальны з беларускіх мастакоў пайшоў з жыцця ў Варшаве пасля працяглай хваробы. Жыццё Орды складвалася драматычна, хаця ён і займаўся нібыта бяскрыўднай справай.
Зусім малым ён страціў бацьку, таму ягоным выхаваннем займалася маці. Па маладосці далучыўся да таемнага таварыства, за што займеў праблемы з уладамі і нават трапіў за краты. Браў актыўны ўдзел у паўстанні 1830–1831 гадоў, пасля чаго быў вымушаны з’ехаць у Еўропу. Царскія ўлады да ўсяго пазбавілі яго правоў на родавы маёнтак.
У эміграцыі Напалеон Орда зарабляў на жыццё жывапісам і выкладаннем музыкі. Паспеў нават троху пабыць дырэктарам італьянскай оперы ў Парыжы. Дамоў вярнуўся толькі пасля таго, як была абвешчана амністыя.
Падобна да таго, што і на Радзіме ён абышоў усе куткі, бо пакінуў нам у спадчыну больш за тысячу акварэляў і графічных работ, значная частка якіх зафіксавала беларускія мясціны.
27 красавіка
1792. Створана Таргавіцкая канфедэрацыя
Гэты саюз магратэрыі і шляхты Рэчы Паспалітай меў на мэце ліквідацыю прагрэсіўных рэформ, якія былі ўведзены ў выніку працы Чатырохгадовага сойма, што адбываўся ў Варшаве з кастрычніка 1788 года па травень 1792 года і касаванне дзейнасці канстытуцыі 3 траўня 1791 года.
Канфедэрацыя была фактычна арганізавана ў Санкт-Пецярбургу, дзе пад наглядам Кацярыны ІІ падрыхтавалі адмысловы акт Таргавіцкай канфедэрацыі, а фіктыўна яна абвешчалася ва ўкраінскай Таргавіцы.
Ужо ў траўні расійскі ўрад запатрабаваў ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага адмяніць Канстытуцыю 1791 года, адначасова з гэтым расійскія войскі перайшлі мяжу. Следам рушылі канфедэраты, а ўжо ў ліпені да іх далучыўся і сам кароль.
Пасля гэтага ўлада на месцах пераходзіла да канфедэратаў, якія выконвалі патрабаванні Расіі і Прусіі. Таргавіцкая канфедэрацыя ўхваліла Другі падзел Рэчы Паспалітай, чым канчаткова сябе скампраметавала. Ліквідавана яна была надзвычайным Гродзенскім сеймам, які зацвердзіў гэты падзел.
28 красавіка
1953. Нарадзілася Валянціна Аксак
Гэтая беларуская паэтка з’явілася на свет у вёсцы Смалічы Нясвіжскага раёна. У 1975 годзе скончыла гістарычны факультэт БДУ. Працавала карэспандэнтам, аглядальнікам у газетах, загадчыкам аддзела культуры часопіса «Беларусь».
Дэбютавала з вершамі ў Наваполацкай шматтыражцы «Хімік». Аўтарка 9 зборнікаў паэзіі: «Цвінтар» (1992), «Капліца» (1994), «Антычны дождж» (1999), «Віно з Каліфорніі» (2003), «Ружоўніца» (2008), «Дзікая сліва» (2015), «Завінены рай» (2017), «Кава ў арліным гняздзе» (2019), «Трэці Эдэм» (2021).
Вершы Валянціны Аксак — гэта найперш філасофскія роздумы на «вечныя» тэмы, дзе важнае месца займаюць зварот да рэлігіі і гісторыі, як уласна беларускай, так і агульнаеўрапейскай. Творы паэткі перапоўнены гістарызмамі, і яна нібыта імкнецца да аднаўлення даўнейшай лексікі.
У 2008 годзе Валянціна Аксак была ўганаравана літаратурнай прэміяй «Залаты апостраф» за найлепшую паэзію на старонках часопіса «Дзеяслоў».
29 красавіка
1921. Нарадзіўся Мікола Ермаловіч
Галоўны даробак гэтага чалавека — вяртанне ў беларускі кантэкст «літоўскай» спадчыны. Бо яшчэ ў маладыя гады яго хвалявала пытанне «літоўскага заваёву» беларускіх зямель. Штодня ён паўсляпы ездзіў з Маладзечна ў Мінск, каб працаваць у бібліятэках і архівах.
Праца, якая па сутнасці стала маніфестам Міколы Ермаловіча і яго галоўным жыццёвым даробкам, пісалася блізу 10 гадоў і была скончана ў 1968-м. Часткова яна хадзіла па руках у рукапісных і самвыдатаўскіх варыянтах пад някідкай назвай «Сто старонак», штосьці з яе было апублікавана ў пачатку 1970-х у выглядзе артыкулаў.
Але цалкам пад адной назвай «Па слядах аднаго міфа» яна выйшла толькі ў 1989-м і нарабіла шмат шуму. Спачатку яе надрукавалі ў «Маладосці», а толькі потым асобным выданнем. Асноўная ідэя была ў тым, што ніякага заваёву беларускіх земляў літоўцамі не было.
І хаця шмат у чым аўтар памыляўся, бо карыстаўся вельмі вузкай базай крыніц, а шмат чаго папросту і не ведаў, ён зрабіў каласальную працу ў справе вяртання беларусам іх гістарычнай памяці.
30 красавіка
1953. Пачынае выходзіць «Маладосць»
Уладзімір Караткевіч у вандроўцы па Прыпяці, 1969 год. Фота Валянціна Ждановіча
Першапачаткова выданне, якое пабачыла свет 70 гадоў таму, задумвалася як рупар для камсамолу. Адным з натхняльнікаў, дарэчы, быў Пётр Машэраў.
Першы нумар «Маладосці» амаль цалкам прысвечаны асобе Іосіфа Сталіна, які памёр у пачатку сакавіка. Унутры можна знайсці вершы, прысвячэнні, фотаздымкі помніка і многае іншае. Але гэта было лебядзінай песняй сталіншчыны.
Новае выданне стала ўвасабленнем новай эпохі. Ачоліў часопіс пісьменнік-франтавік Аляксей Кулакоўскі, які страціць сваю пасаду ў 1958 годзе за публікацыю аповесці «Дабрасельцы», дзе будуць паказаны ўсе хібы калгаснага жыцця.
У рэдакцыйную калегію будуць уваходзіць Янка Брыль, Максім Танк, Міхась Лынькоў ды іншыя творцы. У розны час на старонках выдання будуць друкавацца Якуб Колас і Уладзімір Караткевіч, Вячаслаў Адамчык і Васіль Быкаў, Іван Мележ і Іван Шамякін, Андрэй Федарэнка і Юры Станкевіч.
Асобна варта адзначыць працу фотакора «Маладосці» Валянціна Ждановіча, які доўгія гады ствараў пазнавальныя вобразы беларускіх літаратараў у нязмушанай атмасферы.