Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
26 снежня
1926. На экраны выйшла «Лясная быль»
Гэты быў першы беларускі мастацкі фільм, які зняў кінарэжысёр Юры Тарыч паводле аповесці Міхася Чарота «Свінапас».
Рашэнне аб арганізацыі ўласнай кінавытворчасці і стварэнні для гэтага адмысловай арганізацыі было прынята ўрадам БССР яшчэ ў снежні 1924 года. Так з’явілася «Белдзяржкіно». На першым этапе здымаліся збольшага хранікальныя і навукова-папулярныя фільмы, потым перайшлі і на мастацкае кіно.
Прэм’ера «Лясной былі» адбылася ў мінскім кінатэатры «Культура» і сабрала поўную залю. У хуткім часе фільм стаў, як цяпер бы сказалі, касавым. Бо яго імкнуліся паглядзець калі не ўсе жыхары сталіцы, дык многія.
Дарэчы, цікава, што па гэтай жа аповесці Міхася Чарота праз два гады, у 1928 годзе, быў зняты іншы фільм пад назвай «Грышка-Свінапас». На вялікі жаль, ён да нашага часу не дайшоў...
27 снежня
1925. Памёр Зыгмунт Мінейка
Гэты удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў з’явіўся на свет у 1840 годзе ў шляхецкай сям’і. У 1852–1858 гадах вучыўся ў гімназіі ў Вільні, а пасля яе заканчэння паступіў у Мікалаеўскае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу.
У 1861 годзе вярнуўся дамоў, дзе прыняў ўдзел у польскіх маніфестацыях і агітацыі сярод сялян. Пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, распаўсюджваў ананімны сатырычны твор «Гутарка старога дзеда». Каб не зазнаць пераслед царскіх уладаў, вымушаны быў выехаць у Геную, дзе паступіў у Польскую ваенную школу, заснаваную Джузэпэ Гарыбальдзі.
У часе паўстання быў кіраўніком паўстанцкага атрада ў Ашмянскім павеце. Летам 1863 года ягоны атрад быў разбіты, а сам Мінейка трапіў у палон. Яму пагражала пакаранне смерцю, але дзякуючы хабару яго ўдалося замяніць на 12 гадоў высылкі. Праз два гады Мінейка разам з яшчэ некалькімі таварышамі збег з катаргі і ўцёк за мяжу.
Далей жыццё Мінейкі прымае вострасюжэтны характар. Ён вучыцца ў Францыі, выкладае ў Італіі, жыве ў Асманскай імперыі. Будаваў чыгункі, масты і каналы. З 1891 года жыў у Грэцыі, на баку якой браў удзел у вайне за Крыт.
Быў папулярызатарам Алімпійскіх гульняў 1896 года, якія адбываліся ў сталіцы Грэцыі, пісаў аб іх рэпартажы ў польскія газеты.
28 снежня
1927. I з’езд Таварыства беларускай школы
Таварыства было створана ў ліпені 1921 года і стала адной з найбуйнейшых беларускіх грамадскіх арганізацый у міжваеннай Польшчы. Першапачаткова ТБШ была абсалютна лаяльнай структурай да ўладаў спачатку так званай Сярэдняй Літвы, а потым і Другой Рэчы Паспалітай.
На піку развіцця ў 1927 годзе ТБШ мела амаль 500 гурткоў і налічвала каля дзесяці тысяч сяброў. Найбольш гурткоў было на Наваградчыне, Косаўшчыне, Слонімшчыне, Стаўбцоўшчыне, Лідчыне. Абсалютным лідарам была Гродзенская павятовая акруга ТБШ, якая налічвала аж 63 гурткі.
Сярод тых, хто складаў ядро арганізацыі, былі і тыя, хто з сімпатыяй глядзеў на БССР і агітаваў не толькі за нацыянальную справялівасць, але і за сацыяльную. Таму з часам стаўленне польскіх уладаў да таварыства змянілася, і ў жніўні 1928 года дзейнасць ягонай галоўнай управы была забароненая.
У ліпені 1929 года забарона на дзейнасць ТБШ польскімі ўладамі была знятая. Але тым не менш у 1936 годзе яго дзейнасць была ўжо цалкам забаронена.
29 снежня
1884. Памёр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры пайшоў з жыцця ў невялічкі фальварку Люцынка на Валожыншчыне, які набыў яшчэ ў 1840 годзе. З той пары ён там і жыў, час ад часу наведваючыся ў Мінск. Там ён і пісаў свае творы.
Марцінкевіч рана кінуў дзяржаўную службу, удзельнічаў у паўстанні 1863 года, сядзеў, ягоная дачка Каміла была сасланая ў Сібір... Ён адным з першых пачаў пісаць па-беларуску, хоць круціўся ў колах польскамоўнай інтэлігенцыі.
Ягоная «Пінская шляхта», «Залёты», «Гапон» ды іншыя творы выйшлі па-беларуску, але лацінкай. Унармаванай мовы яшчэ не існавала, таму камедыі Марцінкевіча можна лічыць смелымі эксперыментамі.
«Удзячна і сардэчна ўзгадаюць яго некалі — калі пасталеюць — наступныя беларускія пакаленні», — так напісаў пра літаратара польскі часопіс Kraj, які выдаваўся ў Пецярбургу.І гэта адбудзецца ў пачатку ХХ стагоддзя, калі беларусы займеюць свае выданні і выдавецтвы.
30 снежня
1937. Расстраляны Аляксандр Цвікевіч
Гэты вядомы дзеяч, які з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай дыпламатыі і гістарычнай навукі, нарадзіўся ў чэрвені 1888 года. Адзначыўся не толькі на навуковай ці грамадскай ніве, але таксама і палітычнай.
У 1917 года быў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады — культурна-асветнай арганізацыі, якая дзейнічала ў той час у Расіі і аб’ядноўвала ўраджэнцаў Беларусі. Прадстаўляў інтарэсы беларускіх бежанцаў на Першым усебеларускім з’ездзе.
У ліпені 1918 года увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага займаў пасаду міністра замежных спраў у 1921–1923 гадах. Потым, пасунуўшы разам з адзінадумцамі Ластоўскага з пасады, сам заняў пасаду прэм’ер-міністра.
Менавіта Аляксандр Цвікевіч у кастрычніку 1925 года склікаў канферэнцыю ў Берліне, дзе было абвешчана аб ліквідацыі палітычнага эмігранцкага цэнтра БНР на карысць Савецкай Беларусі. А неўзабаве разам з сям’ёй перабраўся ў Мінск.
У БССР кар’ера Цвікевіча пэўны час складвалася неблага. Ён друкаваўся ў часопісе «Полымя», працаваў у Наркамаце фінансаў, у Інбелкульце, у Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук БССР. Пакуль ў 1930 годзе не быў арыштаваны ў межах справы «Саюза вызвалення Беларусі» і асуджаны на высылку.
Паўторна яго арыштавалі ў снежні 1937 года і прысудзілі да расстрэлу.
31 снежня
1802. Нарадзіўся Максіміліян Рыла
Гэты амаль забыты цяпер у Беларусі мысляр з’явіўся на свет у маёнтку Падароск на Гарадзеншчыне ў сям’і збяднелага шляхціча. Скончыў павятовую школу і Полацкую езуіцкую акадэмію, што і вызначыла яго далейшае жыццё.
Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі перабраўся ў Рым, дзе стаў прафесарам філасофіі. З 1833 года — святар. Езуіты дзейнічалі па ўсім свеце — так Рыла трапіў на Блізкі Усход, дзе даследаваў Вавілон. Адтуль у Ватыкан ён прывёз калекцыю археалагічных знаходак.
Рыла быў абраны ў Папскую Археалагічную акадэмію ды Арыенталагічнае таварыства ў Францыі. Пазней працаваў у Бейруце, на Мальце і нават у Цэнтральнай Афрыцы. Яго можна лічыць адным з першых беларускіх археолагаў ды арыенталістаў, прычым — высокага еўрапейскага ўзроўню.
1 студзеня
1933. пачала выходзіць газета «Родны край»
У гэты дзень 90 гадоў таму ў нефармальнай сталіцы Заходняй Беларусі пачала выходзіць газета «Родны край». Яна была друкаваным органам Таварыства беларускай асветы, якое дзейнічала ў 1932-1937 гадах.
Спачатку выходзіла 2 разы на месяц, а з 1934 года стала штотыднёвай. Аўтары і рэдакцыя паслядоўна адстойвалі права беларусаў на сваю школу і адукацыю. Пры гэтым газета была хутчэй асветніцкай, чым палітычнай.
На старонках выдання можна было ўбачыць матэрыялы краязнаўчага, гістарычнага, культурніцкага характару. Таксама даведацца аб жыцці беларусаў у іншых краінах, у тым ліку і ў Савецкай Беларусі. Акрамя гэтага там публікаваліся літаратурныя агляды, водгукі і рэцэнзіі і нават манаграфіі.
Свет пабачылі 104 нумары. Апошні выйшаў у канцы лістапада 1936 года. Газета, як і ўласна Таварыства беларускай асветы, была забаронена польскімі ўладамі.