Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
27 лютага
1991. Прэзентацыя «Старажытнай Беларусі»
У гэты дзень у сталічным Доме літаратара на вуліцы Фрунзэ адбылася прэзентацыя кнігі «Старажытная Беларусь» Міколы Ермаловіча.
Цяпер, калі гістарычная навука пайшла далёка наперад, працы Міколы Ермаловіча нельга чытаць без крытычнага падыходу. Гэта хіба што добры старт для цікаўных да мінуўшчыны. Але нельга адмаўляць і відавочнага: таго істотнага ўнёску, які зрабіў Мікола Ермаловіч у развіццё беларускай гістарыяграфіі.
У сваіх працах ён паслядоўна даводзіў, што літоўскага заваёву беларускіх земляў наўпрост не было. А ў кнігах «Па слядах аднаго міфа», «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд» і «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае», якія пачалі выходзіць у канцы 1980-х, была прапанавана аўтарская канцэпцыя стварэння Вялікага Княства Літоўскага.
Многія з тэзаў, якія прапаноўваў тады Ермаловіч, выглядаюць спрэчнымі і носяць гіпатэтычны характар. Але ў той час гэта быў сапраўдны глыток свежага паветра для тых беларусаў, хто па-новаму спрабаваў асэнсаваць сваё мінулае.
28 лютага
1768. Створаная Барская канфедэрацыя
Канфедэраты выступалі за захаванне «шляхецкіх вольнасцей» і супраць уплыву Расіі на палітыку ў Рэчы Паспалітай.
На ідэалагічным узроўні гэта азначала, што ўдзельнікі збройнага саюза шляхты ды магнатэрыі былі не толькі праціўнікамі расійскай дамінацыі ў рэгіёне, але таксама выступалі і супраць непасрэдна Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які кіраваў дзяржавай з 1764 года і быў фаварытам Кацярыны II, а таксама адмаўлялі роўныя з каталікамі правы для прадстаўнікоў іншых канфесій.
Выступленне канфедэратаў супраць цэнтральнай улады прывяло да міжусобнай вайны. Панятоўскага падтрымала Расія, а канфедэратаў Францыя, Аўстрыйская і Асманская імперыі. Найбольшая барацьба разгарнулася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, дзе канфедэраты карысталіся падтрымкай мясцовага насельніцтва, што не ўратавала іх ад паразы.
У верасні 1772 года войскі пад камандаваннем Міхала Казіміра Агінскага былі разбіты расійскай арміяй, якой камандаваў Сувораў каля вёскі Сталавічы паблізу Баранавіч. У выніку Рэч Паспалітая аказалася абсалютна безабароннай перад магутнымі суседзямі і зведала падзел сваёй тэрыторыі.
Чаму канфедэрацыя звалася Барскай? Усё проста! Яна была заснавана ў мястэчку Бар на Падоллі.
1 сакавіка
1933. Памёр Уладзімір Жылка
Хворы на сухоты паэт прыехаў у 1926 годзе з Чэхаславакіі на акадэмічную канферэнцыю па рэформе правапіса ў Мінск і вырашыў застацца. Незадоўга перад выездам ён нават назваў прычыну паездкі: «Каб яшчэ раз пабачыць Беларусь, надыхацца яе паветрам і спакойна памерці».
Застаўшыся ў сталіцы БССР, Уладзімір Жылка займаўся літаратурнай дзейнасцю: працаваў у газеце «Звязда», быў актыўным сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме. Многа пісаў сам і перакладаў іншых.
Арыштавалі яго 18 ліпеня 1930 года па справе так званага «Саюза вызвалення Беларусі» і асудзілі на 5 гадоў высылкі ў горад Уржум Кіраўскай вобласці, дзе ён працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладаў літаратуру ў мясцовым медыцынскім тэхнікуме. Там, у высылцы, ён і пайшоў з жыцця...
Рэабілітавалі Уладзіміра Жылку толькі ў 1960 годзе.
На фота: Уладзімір Дубоўка і Уладзімір Жылка ў 1920-я гады
2 сакавіка
1918. Нарадзіўся Алесь Бачыла
Аўтар знакамітага верша «Радзіма мая дарагая...» з’явіўся на свет у вёсцы Лешніца на Міншчыне. У 1934 годзе ён скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум і потым выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Каралішчавіцкай і Сінілаўскай школах.
У 1939 годзе завочна скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут, а ўвосень таго ж года быў прызваны ў Чырвоную Армію, дзе служыў да 1945 года. Прайшоў усю вайну, удзельнік многіх вайсковых кампаній, аб чым пакінуў успаміны.
Пасля вайны працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, а таксама рэдактарам у выдавецтвах. Друкаваўся з 1934 года. Аўтар дзясятку зборнікаў паэзіі, а таксама нарыса пра жыццё Багдановіча «Дарогамі Максіма» і кнігі роздумаў і успамінаў «Крыло неспакою».
Пісаў лібрэта да опер і аперэты, а таксама складаў вершы для песняў. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх і латышскіх пісьменнікаў.
3 сакавіка
1918. Брэсцкі мір
У гэты дзень 105 гадоў таму паміж Германіяй і Савецкай Расіяй быў заключаны Брэсцкі мір.
Падзеі, якія прывялі да яго, пачалі разгортвацца яшчэ ў лістападзе 1917 года, калі бальшавікамі быў апублікаваны спачатку «Дэкрэт аб міры», а следам і «Дэкларацыя правоў народаў Расіі». Чым і скарысталіся немцы, пераследуючы на перамовах свае інтарэсы. Бо ў цэнтральным фокусе перамоваў, якія цягнуліся са снежня, было ў тым ліку і права нацый на самавызначэнне.
І адныя, і другія хацелі замірыцца, каб перавесці дух. Бальшавікам гэта было патрэбна, каб працягнуць справу сусветнай рэвалюцыі, у перамозе якой яны нават не сумняваліся. Немцам трэба было спыніць вайну на некалькі франтоў і папоўніць збяднелыя запасы.
Прадстаўнікі Беларусі хаця і былі на перамовах, але не прымалі ў іх удзелу, як і прадстаўнікі Польшчы. У выніку перамір’я, якое было заключана ў Брэсцкай крэпасці, тэрыторыя Беларусі збольшага аказалася ў нямецкай зоне акупацыі.
4 сакавіка
1484. Памёр Казімір Казіміравіч
Каралевіч польскі і вялікі княжыч літоўскі, які быў кананізаваны каталіцкай царквой, пражыў усяго 25 гадоў.
Сын Казіміра IV і ўнук Ягайлы атрымаў добрую адукацыю — яго вучыў сам Ян Длугаш ды іншыя выбітныя навукоўцы і асветнікі свайго часу. Пасля таго, як ягоны старэйшы брат Уладзіслаў Ягелончык стаў у 1471 годзе чэшскім каралём, малады каралевіч зрабіўся спадкаемцам польскай кароны. З гэтага часу ён часта наведваў Вільню, а ў 1481–1483 гадах кіраваў справамі ў Польшчы.
У канцы 1483 года ён прыехаў у Гародню, дзе шмат маліўся ў Фары Вітаўта. Рэч у тым, што Казімір Казіміравіч быў надта рэлігійным для свайго ўзросту і сацыяльнага статусу. Справам веры ён надаваў болей увагі, чым дзяржаўным.
Зімой 1484 года здароўе Казіміра настолькі сур’ёзна пагоршыся, што яго ў пачатку сакавіка вывезлі ў Вільню, дзе ён і памёр. Каралевіч лічыцца апекуном былога Вялікага Княства Літоўскага. Святочны кірмаш Казюкі, які ладзіцца ў Вільні па вясне — у яго гонар.
5 сакавіка
1898. Нарадзіўся Казімір Дарашкевіч
Гэты святар з’явіўся на свет у фальварку Клетка Сакольскага павета Беластоцкага ваяводства. Вучыўся спачатку ў народнай школцы, а потым у 4-класным вучылішчы ў Саколцы, якое скончыў у 1914 годзе. Працягнуў вучобу ў адной з гімназій Вільні.
Сваю першую імшу Казімір Дарашкевіч цэлебраваў у чэрвені 1924 года ў касцёле Святога Станіслава ў Вільні. Месцам жа першай працы ў якасці ксяндза-вікарыя стала для яго парафія ў Кузніцы каля Гродна. Затым маладога святара накіравалі ў Жупраны, адкуль ён перайшоў у фарны касцёл у Гродне. А з 25 красавіка 1931 года і да самай смерці ён служыў у Даўгінаўскім касцёле.
У 1936–1937 гадах пробашч здолеў адрамантаваць касцёл, а ў 1938 годзе туды прывезлі арган, які ён замовіў для касцёла. У часе вайны Казімір Дарашкевіч хаваў у святых сценах яўрэяў, якім пагражала смерць.
Памёр Казімір Дарашкевіч у вілейскай бальніцы пасля таго, як на яго быў здзейснены напад невядомымі злодзеямі ў 1965 годзе.