• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
03.01.2023 | Каляндар

Каляндар з 2 па 8 студзеня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы. 


2 студзеня

1864. Павешаны Ігнат Здановіч

800px-Ignacijus_Zdanavičius.jpg

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў у Беларусі і Літве, блізкі сябар Кастуся Каліноўскага, на момант смерці меў усяго 22 гады.

Ягоны бацька, Аляксандр Здановіч, быў вядомым на той час гісторыкам, які ахвяраваў грошы на кнігадрук. У прыватнасці, ён знайшоў сродкі на выданне «Шляхціца Завальні» Яна Баршчэўскага ў 1844 годзе. Быў настаўнікам Марыі Ямант. Пэўна, ад бацькі да сына перадалася цяга да чытання.

Ігнат Здановіч вучыўся ў адной гімназіі з Францішкам Багушэвічам, але быў на год старэйшы за яго. Па сканчэнні гімназіі паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, дзе меў прыяцельскія стасункі з Эдмундам Дзяржынскім — бацькам Фелікса Дзяржынскага. Там жа пасябраваў і з Кастусём Каліноўскім.

Меў цікавасць і здольнасць не толькі да літаратуры, але і да матэматыкі. У 1862 годзе ён нават паступіў у Берлінскі ўніверсітэт. Але ў лютым 1863 года малады чалавек вырашыў вярнуцца ў Вільню, каб там далучыцца да паўстанцаў.

Спачатку яго ўключылі ў правінцыйны выканаўчы камітэт Літвы. Там ён парадкаваў фінансавыя справы. А са жніўня 1863 года стаў кіраўніком паўстанцаў у Вільні. Ужо ў канцы верасня таго ж года ён быў схоплены.

Быў публічна пакараны смерцю на Лукiшскай плошчы ў Вільні.

3 студзеня

2022. Памёр Адам Мальдзіс

9sbmpmggr5adzlmk4mwulq65kk04smlt.jpg

У гэты дзень год таму ў рэанімацыі аддзялення гнойнай хірургіі 2-й гарадской клінічнай бальніцы горада Мінска пайшоў з жыцця Адам Мальдзіс.

Гэты вядомы беларускі дзеяч нарадзіўся ў жніўні 1932 года на Астравеччыне. У 1956 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Потым працаваў у радашкавіцкай раёнцы, дзе пазнаёміўся з удовамі Браніслава Тарашкевіча і Аляксандра Уласава.

Працягнуў вучобу, скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры пры Акадэміі навук БССР, дзе і працаваў на розных пасадах ад 1962 года да 1991. Даследаваў гісторыю беларускай культуры і літаратуры XVII–XIX стагоддзяў. Аўтар мноства навуковых публікацый і некалькіх дзясяткаў кніг розных жанраў. Доктар філалагічных навук.

Публікавацца пачаў з невялікімі нататкамі на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» ў пачатку 1950-х. Пазней друкаваў свае артыкулы ў часопісе «Маладосць», які пачаў выходзіць у траўні 1953 года.

Аказаў вялікі ўплыў на многіх дзеячаў беларускай культуры пасляваеннай пары.

4 студзеня

1729. Нарадзіўся Яўхім Храптовіч

Jaŭchim_Chraptovič._Яўхім_Храптовіч_(J._Kosiński,_1798).jpg

У гэты дзень у маёнтку Ясянец Наваградскага павета нарадзіўся Яўхім Храптовіч — грамадскі і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, апошні канцлер вялікі літоўскі, які займаў гэтую пасаду ў 1793–1795 гадах.

Адразу пасля смерці свайго бацькі ў 1766 годзе і атрымання ў спадчыну маёнткаў на Наваградчыне, пачаў упарадкоўваць сваю сельскую рэзідэнцыю — сядзібу Шчорсы — галоўны адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр усіх маёнткаў, а таксама рэарганізоўваць панскую гаспадарку ў фальварках і асабліва сістэму карыстання зямлёй сялянамі.

Яўхім Храптовіч быў буйным землеўласнікам: на 1799 год толькі ў маёнтку Шчорсы было 25 вёсак з 505 сялянскімі гаспадаркамі. У сваіх маёнтках у Шчорсах і Вішневе Храптовіч замяніў паншчыну чыншам, а ў саміх Шчорсах пабудаваў палацава-паркавы ансамбль, школу, уніяцкую царкву, заснаваў бібліятэку. У яе графам было перавезена каля 20 000 кніг з усёй Еўропы.

Шчорсаўская бібліятэка стала прыцягальным аб’ектам для эліты з ўсёй краіны. Частым госцем тут бывала прафесура Віленскага ўніверсітэта, а таксама такія знакавыя постаці для культураў нашага рэгіёна, як Адам Міцкевіч. Ян Чачот тут працаваў бібліятэкарам.

Памёр Яўхім Храптовіч у сакавіку 1812 года ў Варшаве.

5 студзеня

1938. Прысуд Максіму Гарэцкаму

Maksim_Harecki_photo.jpg

У гэты дзень 85 гадоў таму «тройка» НКУС прысудзіла да расстрэлу класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Гарэцкі перабраўся ў БССР яшчэ ў 1923 годзе з Заходняй Беларусі, дзе зазнаў пераслед з боку польскіх улад і нават паспеў пасядзець у Лукішскай турме. Па першым часе ўсё складалася нібыта і няблага: ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ва ўніверсітэтах, займаўся даследчыцкай дзейнасцю і творчасцю. У гэты перыяд ім была апублікаваная фундаментальная «Гісторыя беларускае літаратуры», якая вытрымала некалькі выданняў.

У ліпені 1930 года яго арыштавалі і выслалі ў Вятку. Паўторна яго арыштавалі яго ў лістападзе 1937 года, этапавалі ў Вязьму, дзе і прысудзілі да расстрэлу. Прысуд быў прыведзены ў выкананне 10 лютага а 15-й гадзіне. Жонцы Гарэцкага шмат пазней цынічна паведамілі, што муж памёр ад інсульту 20 сакавіка 1939 года.

Вядомая апошняя запіска Максіма Гарэцкага да Леанілы Чарняўскай з вяземскай турмы, якая датуецца 8 студзеня 1938 года, дзе напрыканцы ёсць радкі «Заботьтесь о себе».

6 студзеня

1892. Нарадзіўся Адам Станкевіч

232px-Adam_Stankevich.jpg

Нарадзіўся ў Арлянятах на гістарычнай Ашмяншчыне. У 1910 годзе паступіў у духоўную семінарыю ў Вільні, дзе арганізаваў беларускі гурток, потым — у духоўнай акадэміі ў Петраградзе, стварыў беларускае хрысціянскае выдавецтва.

Быў старшынёй Беларускага таварыства помачы пацярпелым ад вайны, апекуном дзіцячага прытулку. У 1917 годзе быў адным з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і актыўных прыхільнікаў беларусізацыі касцёла. З таго ж года праводзіў набажэнствы па-беларуску, за што падвяргаўся ўціску польскіх уладаў. Быў рэдактарам часопіса «Хрысьціянская думка» і газеты «Крыніца».

Стаяў ля вытокаў Таварыства беларускай школы, якое пакінуў у 1926 годзе, калі арганізацыя стала імкліва радыкалізавацца і хіліцца ў прасавецкі бок. Разам з аднадумцамі стварыў альтэрнатыўны Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.

У 1938 годзе за сваю дзейнасць быў высланы польскай адміністрацыяй на 5 гадоў у Слонім. У 1949 годзе быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў лагераў. Адпраўлены ў Азерлаг пад Тайшэтам, дзе і загінуў.

7 студзеня

1897. Нарадзіўся Язэп Адамовіч

3-7_kopiya_9.jpg

Уладальнік характэрных і запамінальных вусаў меў даволі тыповую біяграфію для актывіста бальшавісцкай партыі: на свет з’явіўся ў Барысаве ў сям’і працоўных.

З юнацтва быў захоплены левымі рэвалюцыйнымі ідэямі, якія нейкім чынам удала спалучаліся з нацыянальнымі. Меў праблемы з законам. Браў удзел у Першай сусветнай вайне, за што быў узнагароджаны трыма Георгіеўскімі крыжамі.

У ранняй БССР зрабіў сабе добрую кар’еру, падняўшыся на самы верх тагачаснага палітычнага Алімпу. Займаў пост старшыні СНК БССР. Адзін з ініцыятараў двух узбуйненняў рэспублікі — 1924 і 1926 гадоў. Натхняльнік палітыкі беларусізацыі — сярод іншых справаў знаходзіў час на тое, каб асабіста браць удзел у паседжаннях літаратурных аб’яднанняў.

Быў жанаты з Сафіяй Шамардзіной, якая ў 1920-я гады стаяла на чале Галоўпалітасветы БССР і была музай расейскага паэта Уладзіміра Маякоўскага.

Не чакаючы арышту, застрэліўся ў красавіку 1937 года.

8 студзеня

Дзень памяці іконы Маці Божай Вастрабрамскай

MatkaBoskaOstrobramska.jpg

Абраз Маці Божай Вастрабрамскай — адна з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі і Літвы, які знаходзіцца ў віленскай Вострай браме. Адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы без дзіцяці на руках.

Паводле падання, ікона была прывезена ў Вільню самім вялікім літоўскім князем Альгердам у 1363 годзе з Корсуні. Ягоная жонка Юльянія перадала ікону ў Віленскі манастыр Святой Тройцы. Пазней з яго яна была перанесена ў капліцу над Вострай Брамай, дзе знаходзіцца і цяпер.

Дэталёвае даследаванне і кансервацыя іконы былі праведзены Янам Руткоўскім у 1927 годзе, перад яе каранацыяй. Па тэхніцы, грунтоўцы і складзе фарбаў было вызначана, што ікона створана ў другой палавіне XVI стагоддзя, хутчэй за ўсё італьянскім мастаком. Але дакладна аўтарства так і не было вызначана.

Сёння гэты абраз шануецца хрысціянамі ўсіх канфесій, але праваслаўныя прыгадваюць яго менавіта 8 студзеня.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Вызначыліся лаўрэаты Прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі

23 верасня прайшоў другі дзень работы Кангрэса, паведамляе Наша ніва. Акрамя працы ў секцыях і «круглых сталах», адбыліся...

valiancina_shauchenka
Грамадства Беларусы свету

Ва Уроцлаве ў кастрычніку пройдзе ХI Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры

З 1 па 8 кастрычніка пад слоганам «Разам — лепей» ва Уроцлаве адбудзецца ХІ Фестываль Незалежнай Беларускай...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Вампіры, прывіды, шкілеты і крывавыя дрэвы: расказваем пра містычныя месцы ў Беларусі

У Беларусі шмат цікавых мясцін, якія прыцягваюць турыстаў сваёй містычнай энергетыкай, дзеліцца Palatno Media. Расказваем...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі

23 верасня 1771 году ў бітве пад мястэчкам Сталовічы, як аказалася, вырашаўся лёс Рэчы Паспалітай. Тады яшчэ ніхто...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Вызначыліся лаўрэаты Прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі
    Грамадства Беларусы свету
    Ва Уроцлаве ў кастрычніку пройдзе ХI Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры
    Грамадства
    Вампіры, прывіды, шкілеты і крывавыя дрэвы: расказваем пра містычныя месцы ў Беларусі
    Гісторыя
    Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі
    Грамадства Літаратура
    Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта
    Навіны "Будзьма!" Гатуем з «Будзьма!»
    Крышаны з бульбай і грыбамі. Гатуем сезонную палескую страву
    Музыка
    Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
    Культура Грамадства
    «Ідзём шляхам Паўночнай Карэі». Сяргей Будкін пра новыя патрабаванні да арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў у Беларусі
    Краіна
    Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь
    Вандруем разам
    Вандруем па Магілёўшчыне: што паглядзець у Мсціславе
    Грамадства Замежжа
    У Гданьску праходзіць 11 Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
    Гісторыя
    Як Альгерд і Кейстут стварылі братэрскі хаўрус? Тлумачыць у відэа прафесар Алесь Краўцэвіч
    Культура
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 23-24 верасня
    Культура Тэхналогіі
    Магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры і айцішнікаў: можна падаць заяўку на анлайн-пітчынг праектаў да 27 верасня
    Культура
    Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах

Афіша

  • 24.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 24.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 24.09МІЖНАРОДНЫ КАНГРЭС ДАСЛЕДЧЫКАЎ БЕЛАРУСІ Ў ГДАНЬСКУ
  • 24.09Дранік-фэст у Суле
  • 24.09Фэст беларускай супольнасці BelFEST у Філадэльфіі
  • 24.09Квэст у чыгуначным музеі ў Брэсце
  • 24.09Лекцыя Ксеніі Тырсікавай «Digital Art: што гэта і дзе яго глядзець» у Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    • Андрэй Дурэйка: «Філасофія калабарацыянізму — галоўная небяспека для беларускай культуры»
    • Беларусы прыдумалі класны каляндар на 2024-ы: адкрытая перадзамова
    • Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі адкрыўся ў Варшаве. Чым запомніўся першы дзень
    • «Карані таго, што з намі адбываецца цяпер — у цалкам падпарадкаванай Маскве Советской Белоруссіі». Лявон Вольскі наўздагон дню народнага адзінства
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип