Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
31 кастрычніка
1937. Нарадзіўся Яўген Кулік
Вядомы беларускі мастак, грамадскі і культурніцкі дзеяч з’явіўся на свет у Мінску. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, экслібрысе.
Яўген Кулік Фота bdamlm.by.
На шлях беларушчыны трывала стаў яшчэ за савецкім часам. Назвы яго твораў кажуць самі за сябе: мастацкая серыя «Помнікі дойлідства Гарадзеншчыны» 1974 года, малюнкі-рэканструкцыі «Замкі Беларусі» 1977 года, «Паўстанне 1863 г. на Беларусі» 1988 года.
Малюнак паводле рамана У. Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1978). Крыніца ілюстрацыі: Мастацтва. – 2012. – № 4. – С. 6. Крыніца: bis.nlb.by
Быў мастацкім рэдактарам часопісаў для дзяцей «Бярозка» і «Вясёлка». Аформіў мноства кніг.
У 1960-я гады менавіта ў яго майстэрні, што была на цэнтральным праспекце сталіцы і звалася «На Паддашку», збіраліся неабыякавыя да беларушчыны. Нефармальная моладзь чытала самвыдатаўскія і забароненыя выданні, абмяркоўвала бягучыя навіны, ладзіла падпольныя імпрэзы.
Сумесна з Уладзімірам Крукоўскім распрацаваў эталон герба «Пагоня», а таксама сцяга, якія ў верасні 1991 года былі зацверджаны ў якасці новых дзяржаўных сімвалаў незалежнай Беларусі.
Пайшоў з жыцця ў 2002 годзе.
1 лістапада
1987. Першыя «Дзяды»
Самыя першыя «Дзяды» адбыліся не ў 1988 годзе, як прынята лічыць, а годам раней. У той раз не было брутальнага разгону і ўсё адбывалася мірна.
Збор адбываўся ў парку Янкі Купалы каля помніка паэту. Прысутныя чыталі вершы, згадвалі папярэднікаў, дзеячаў беларускай культуры, якія пацярпелі ў часы сталіншчыны. Сярод прамоўцаў былі многія вядомыя цяпер літаратары.
1 лістапада 1987 г. паэт Анатоль Сыс зачытвае імёны, рэпрасаваных дзеячаў культуры. Аўтар фотаздымка Алесь Суша
Паэт Анатоль Сыс, цяпер прызнаны класік, а тады ўзыходзячая зорка найноўшай беларускай літаратуры, прачытаў не толькі ўласныя вершы, але і спіс расстраляных і рэпрэсаваных у 1930-я гады.
Гэта было адно з першых публічных прыгадванняў за савецкім часам, бо нават у біяграфіях рэабілітаваных у 1950-я гады пісьменнікаў звычайна апускаўся момант з рэпрэсіямі.
Фота: На сайце ёсць гутарка з Сысом, якая была зроблена ў 1988 годзе Алесем Ліпаем, там ёсць фота з помніка.
2 лістапада
1912. «Наша Ніва» пераходзіць на кірыліцу
Рэдакцыя Нашай Нівы на вуліцы Завальнай у Вільні, 1907 г.
Да гэтага адна з першых беларускіх газет выходзіла, згодна з беларускай традыцыяй, у двух варыянтах: і кірыліцай, і лацінкай. Рашэнне не было выпадковым, але на гэты конт існуюць дзве абсалютна супрацьлеглыя версіі.
Паводле першай, да пераходу рэдакцыю падштурхоўвалі вялікія выдаткі, якія прымусілі пакінуць толькі адзін варынт.
Размовы аб пераходзе выдання на адзін варыянт пачаліся яшчэ ў 1911 годзе, што вылілася ў абмеркаванне на старонках газеты. Пераважная большасць чытачоў «Нашай Нівы» выказалася адназначна за кірыліцу. У прынцыпе такая рэакцыя не можа выклікаць здзіўлення.
Разам з тым рэдакцыя газеты, баючыся пакрыўдзіць беларусаў-каталікоў, якім было зручней і больш звыкла чытаць матэрыялы лацінкай, цягнула фінансавыя выдаткі на друкаванне газеты ў двух варыянтах, пакуль была такая магчымасць.
Паводле другой версіі, пераход газеты на выданне толькі кірыліцай быў крокам ідэйным, каб аб’яднаць грамадства. Бо ў 1912–1913 гадах выданне пачувалася ў фінансавым плане адносна стабільна.
Выходзіла «Наша Ніва» з 1906 па 1915 год без перапынку ў Вільні, пакуль горад не быў заняты немцамі ў час Першай сусветнай вайны. Легальная беларускай газета на беларускай мове, дзе друкаваліся аўтары, якія ў будучым стануць прызнанымі класікамі беларускай літаратуры.
3 лістапада
1882. Нарадзіўся Якуб Колас
З’явіўся на свет будучы класік беларускай літаратуры і адзін з яе стваральнікаў у засценку Акінчыцы каля Стоўбцаў (цяпер у межах горада) у сям’і лесніка. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, якую скончыў у 1902 годзе. Працаваў настаўнікам у розных рэгіёнах Беларусі.
За арганізацыю і актыўны ўдзел у нелегальным сходзе настаўнікаў у 1906 годзе ў Мікалаеўшчыне атрымаў тры гады турмы. У часе Першай сусветнай вайны быў на Румынскім фронце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года жыў і працаваў на Куршчыне.
У Беларусь вярнуўся толькі ў траўні 1921 года. Выкладаў беларускую мову і методыку выкладання беларускай мовы ў Беларускім педагагічных тэхнікуме, на педагагічным факультэце БДУ, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інбелкульце. У 1926 годзе атрымаў званне Народнага паэта Беларусі. З 1929 года і да смерці быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук.
У літаратуры дэбютаваў у 1906 годзе з вершам «Наш родны край» на старонках «Нашай долі». За паўвека творчай дзейнасці паспеў неверагодна шмат: вызначыўся як добры паэт, празаік, публіцыст, мовазнавец, педагог. На сённяшні момант акадэмічны збор твораў Якуба Коласа налічвае 20 тамоў.
Памёр Якуб Колас 13 жніўня 1956 года. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
4 лістапада
1887. Нарадзіўся Зміцер Жылуновіч
Гэты беларускі дзеяч з’явіўся на свет у сялянскай сям’і ў Капылі. Праявіў сябе як добры гісторык, публіцыст, архівіст і дзяржаўны дзеяч. У літаратуры вядомы найперш пад псеўданімам Цішка Гартны.
У 1905 годзе скончыў Капыльскае двухкласнае вучылішча. Працаваў рабочым-гарбаром, а потым на заводах у Санкт-Пецярбургу. Прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905–1907 гадоў. Быў перакананым марксістам, што не замінала яму быць неабыякавым таксама і да беларускай справы.
Друкаваўся з 1909 года з вершамі і прозай. Напісаў адзін з першых раманаў у гісторыі беларускай літаратуры. Быў рэдактарам і выдаўцом «Дзянніцы» — першай беларускай «савецкай» газеты на беларускай мове. З’яўляецца аўтарам легендарнага маніфеста 1 студзеня 1919 года аб стварэнні ССРБ. Непрацяглы час быў старшынёй часовага ўраду рэспублікі.
У 1920-я гады рэдагаваў газеты «Савецкая Беларусь», часопіс «Полымя», ачоліў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. У 1922 годзе наладзіў выдавецтва беларускіх кніг у Берліне, дзе сам правёў цэлы год.
Некалькі разоў трапляў пад партыйныя чысткі. У 1936 годзе быў арыштаваны, а потым змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу пад Магілёвам, дзе і загінуў трагічнай смерцю 11 красавіка 1937 года.
Чытайце яшчэ: Цішка Гартны: захоплены ідэяй адраджэння Беларусі
5 лістапада
1642. Памёр Жыгімонт Караль Радзівіл
Сын Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі і Эльжбеты Яўфіміі Вішнявецкай нарадзіўся у 1591 годзе. Акрамя яго ў сям’і было восем дзяцей. Быў IV нясвіжскім ардынатам, ваяводам Навагрудскім, рыцарам Мальтыйскага ордэна.
Навучаўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, універсітэце Балонні. У 1612 годзе ўступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн і ваяваў з туркамі ў Міжземнамор’і. У 1614 годзе ўзначаліў заснаваную для яго бацькам Сталовіцкую камандорыю ордэну ў складзе маёнткаў Сталовічаў і Пацейкаў у Новагародскім ваяводстве.
Удзельнічаў у бітве з туркамі пад Хоцінам 1621 года. У час Трыццацігадовай вайны 1618–1648 гадоў з 1622 года ў арміі Габсбургаў ваяваў супраць пратэстанцкіх нямецкіх князёў. У 1625 годзе ўзначаліў таксама Пазнаньскую камандорыю Мальтыйскага ордэна.
На вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600–1629 гадоў у 1628 годзе выставіў уласны полк. Удзельнічаў у баях пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632–1634 гадоў. Абіраўся паслом на соймы 1625, 1626, 1632, 1633, 1635, 1637 і 1639 гадоў.
У апошнія гады жыцця Жыгімонт Караль Радзівіл шмат падарожнічаў па Еўропе, што было звязана як з ордэнскімі справамі, так і з клопатамі аб уласным здароўі. Ён пакутаваў на рэўматызм, пачалі адымацца пальцы на правай руцэ. Спачатку лячыўся ў Падуі і Неапалі, потым перабраўся ў Асізі, дзе і пайшоў з жыцця.
Жыгімонт Караль Радзівіл не пакінуў пасля сябе нашчадкаў, паколькі як рыцар-манах не мог уступаць у шлюб і мець дзяцей.
6 лістапада
1987. Заснаваны Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
У гэты дзень роўна 35 гадоў таму па загадзе Міністэрства культуры БССР быў заснаваны Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Праўда, для наведвальнікаў ён быў адкрыты толькі ў 1991 годзе.
Сёння гэты музей — адзін з найбуйнейшых музеяў у краіне і адзіны літаратурны музей, які займаецца фіксаваннем літаратурнага працэсу на Беларусі ў шырокім гістарычным кантэксце: ад часоў узнікнення пісьменства да сённяшніх дзён.
Фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і яго філіялаў уяўляюць сабой унікальны збор музейных прадметаў, якія непасрэдна звязаны з гісторыяй беларускай літаратуры, і налічваюць больш за 108 тысяч адзінак захоўвання.
Асноўны будынак музея месціцца ў Траецкім прадмесці. Акрамя гэтага музей мае яшчэ 9 сваіх філіялаў, якія знаходзяцца не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах.
budzma.org