Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
5 снежня
1947. Нарадзіўся Алесь Разанаў
Будучы паэт і перакладчык з’явіўся на свет у вёсцы Сялец на Берасцейшчыне ў сям’і служачых.
У 1966 годзе паступіў на філфак БДУ. А ў кастрычніку 1968 года Алесь Разанаў разам са жменькай аднадумцаў пачалі збор подпісаў, каб на беларускім аддзяленні філфака БДУ ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Пад тым патрабаваннем падпісалася некалькі сотняў чалавек, а сам факт яго з’яўлення выклікаў вялікі розгалас.
У 1969 годзе Алесь Разанаў перавёўся ў Берасцейскі педінстытут, які скончыў у 1970 годзе. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна. З 1972 года жыў і працаваў у Мінску — быў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», а таксама бюлетэня «Родная прырода». У 1974–1986 гадах — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
З вершамі ў друку ўпершыню выступіў у 1961 годзе. Аўтар цэлага шэрагу паэтычных кніг. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы ў 1990 годзе за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы».
Памёр 26 жніўня 2021 года ў Мінску.
6 снежня
1930. Акадэмікі пазбаўлены званняў
У гэты дзень Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Гаўрыла Гарэцкі і Аляксандр Дубах былі пазбаўленыя звання акадэмікаў.
Фармальна іхная правіна была ў тым, што яны з’яўляліся «ворагамі пралетарскай рэвалюцыі». Так, Вацлаў Ластоўскі і Сцяпан Некрашэвіч былі вызваленыя са сваіх пасадаў годам раней — яшчэ ў кастрычніку 1929-га, а летам 1930-га іх ужо арыштуюць. Усе навукоўцы, за выняткам гісторыка Уладзіміра Пічэты, будуць праходзіць па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі».
Пад дакументам, які быў апублікаваны ў гэты дзень, стаіць подпіс Мікалая Галадзеда. Ён меў дзіўныя стасункі з беларускай элітай: прыязныя з Купалам, адмоўныя з некаторымі іншымі творцамі.
Зрэшты, сам Галадзед зазнае рэпрэсіі ў другой палове 30-х, як і тыя, каго ён пазбавіў статусу акадэмікаў. У гэтым плане гісторыя паставіла знак роўнасці між імі.
7 снежня
1550. Барбара Радзівіл стала каралевай
У гэты дзень яна была каранавана ў Кракаве і стала каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай.
Нарадзілася Барбара Радзівіл 6 снежня 1520 года. Прадстаўніца біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, дачка Юрыя, гетмана вялікага літоўскага, і Барбары Кола. Мела брата Мікалая «Рудога» і сястру Ганну Альжбэту. Нейкі час была жонкай ваяводы наваградскага Станіслава Гаштольда.
У 1547 годзе яна таемна пабралася шлюбам у Вільні з самім Жыгімонтам ІІ Аўгустам. І ў наступным годзе была прадстаўлена ў якасці яго жонкі сойму Вялікага Княства Літоўскага, які пагадзіўся вызнаць яе вялікай княгіняй літоўскай. Але з гэтым катэгарычна не магла пагадзіцца ейная свякроў — Бона Сфорца, якая ўсяляк імкнулася раздзяліць пару.
Тым не менш урачыстая каранацыя Барбары Радзівіл адбылася ў Кракаве. Але ўжо ў траўні 1551 года маладая каралева памерла, што паклікала да жыцця чуткі, нібыта яе атруцілі па загадзе маці мужа. Але гісторыкі схіляюцца да таго, што прычынай смерці магла быць анкалогія.
У гісторыю Барбара Радзівіл увайшла як жанчына трагічнага лёсу, што мела неверагодную прыгажосць. Яна была ці не адзінай са свайго роду, што дабілася такіх жыццёвых вышыняў.
Ян Матэйка. Жыгімонт Аўгуст з Барбарай у Радзівілаўскім палацы ў Вільні (1867)
8 снежня
1432. Ашмянская бітва
Грамадзянская вайна ў ВКЛ пачалася яшчэ ў канцы жніўня, калі Жыгімонт Кейстутавіч і Сямён Гальшанскі паспрабавалі забіць Свідрыгайлу, а па сутнасці ўчынілі дзяржаўны пераварот. Замах аднак не ўдаўся, але свідрыгайлава жонка трапіла ў палон.
Рэч у тым, што пасля смерці Вітаўта Вялікага ў 1430 годзе вялікім літоўскім князем быў абраны Свідрыгайла, які быў даўнім супернікам і Вітаўта, і Ягайлы, а таксама праціўнікам уніі з польскай каронай. У часе свайго ўладарства ён імкнуўся праводзіць максімальна незалежніцкую палітыку.
Жыгімонт Кейстутавіч належаў да так званай «прапольскай партыі», якая бачыла толькі плюсы ад уніі з палякамі і хацела яшчэ больш паскорыць інтэграцыйныя працэсы паміж дзвюма дзяржавамі. І вось у красавіку 1432 года ён аднавіў дзяржаўную унію з Польшчай, якая была скасавана Свідрыгайлам. А потым перайшоў да больш рашучых дзеянняў.
Падчас самой бітвы ініцыятыва спачатку была на баку Свідрыгайлы, але ў выніку перамог Жыгімонт Кейстутавіч. Многія з свідрыгайлавых прыхільнікаў трапілі ў палон або былі забітыя. Яму давялося збегчы ў Полацак, дзе была ягоная рэзідэнцыя. У выніку гэтай феадальнай вайны Вялікае Княства Літоўскае на некаторы час фактычна распалася на два: «Рускае» са сталіцай у Полацку і «Літоўскае» са сталіцай у Вільні.
Канчаткова вырашылася ўсё, калі безапеляцыйна ў змаганні перамог Жыгімонт Кейстутавіч, што і акрэсліла далейшы вектар развіцця краіны.
9 снежня
1891. Нарадзіўся Максім Багдановіч
Максім Адамавіч заслужана лічыцца адным са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратуры. Яго імя ідзе следам за Янкам Купалам і Якубам Коласам. І мала ў каго выклікае сумненне думка аб тым, што каб ён пражыў троху болей, то здолеў бы ўзняцца на самыя вяршыні літаратурнага Алімпу.
Пры жыцці Багдановіча выйшаў усяго адзін ягоны зборнік — «Вянок» — але ў ім былі закладзеныя ўсе асноўныя сэнсы беларускай дарэвалюцыйнай паэзіі. Кажуць, на Багдановіча паўплывалі доўгія гады жыцця ў Расіі: адсюль светлы сум па Бацькаўшчыне. Магчыма, абвостранае адчуванне прыгажосці ды хуткага канца ўзнікла праз сухоты, якія ўрэшце і забілі паэта.
Яшчэ пры жыцці Багдановіч стаў класікам, а ягоны культ пачаў складацца ўжо ў 1920-я гады. Прычым зрабіў сабе імя Максім не толькі ў паэзіі, але і ў публіцыстыцы і крытыцы. Ён відавочна ўдыхнуў у беларускую літаратуру новае жыццё і наблізіў яе да тагачаснай еўрапейскай культуры.
Акадэмічны збор твораў Максіма-кніжніка складае ўсяго тры тамы, але яны вартыя таго, каб быць прачытанымі. Бо ў іх бачым актуальнасць і ў сённяшні час.
12 снежня
1852. Нарадзіўся Вандалін Шукевіч
Адзін з пачынальнікаў архелагічнай навукі на Беларусі з’явіўся на свет у маёнтку Нача, які тады ўваходзіў у склад Лідскага павета. Сёння гэта Воранаўскі раён у Гродзенскай вобласці.
У хуткім часе пасля нараджэння бацькі будучага даследчыка — адвакат Аляксандр Шукевіч і Аліна Воўк-Карачэўская — разышліся, таму ўвесь цяжар па выхаванні клаўся на маці і бабулю. Менавіта яны займаліся адукацыяй малога і фарміравалі ягоны характар.
З 1883 года Вандалін Шукевіч заняўся даследаваннем паўночнага захаду сучаснай Беларусі і поўдня цяперашняй Літоўскай Рэспублікі, дзе ў свой час і знаходзіўся арэал той старой гістарычнай Літвы, з якой потым і паўстала ВКЛ.
Адкрыў больш за 130 помнікаў каменнага веку, вёў раскопкі грунтавых і курганных могільнікаў. Акрамя гэтага запісваў народныя паданні, легенды і прыкметы, якія потым публікаваў у часопісах. Увосень 1903 года зрабіў вельмі цікавае адкрыццё, якое было адразу ж заўважана ў навуковым свеце — грунтовыя могільнікі.
Памёр у 1919 годзе.
11 снежня
2002. Памёр Сяргей Грахоўскі
Нарадзіўся гэты пісьменнік, мемуарыст і перакладчык у верасні 1913 года ў вёсцы з красамоўнай назвай Нобель, якая цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, а тады была ў складзе Пінскага павета Мінскай губерні.
Свой літаратурны шлях ён пачынаў у якасці карэктара ў Дзяржвыдавецтве БССР, працаваў таксама ў «Чырвонай змене» і на беларускім радыё. Пісаў вершы, перакладаў на беларускую Жуля Верна і Аркадзя Гайдара. Быў арыштаваны ў 1936 годзе і канчаткова выкараскаўся са зняволення толькі пасля смерці Сталіна. Свае прыгоды і пакуты апісаў у трылогіі мемуараў: «Такія сінія снягі», «Зона маўчання», «З воўчым білетам».
У савецкі час, па вяртанні ў БССР, пісаў прозу і публіцыстыку: кнігі пра Мінск, сцэнары да кінафільмаў, лірычную прозу ды вершы. Перакладаў на беларускую творы Шаўчэнкі, Пушкіна, Блока, Гамзатава ды інш. Лаўрэат шматлікіх прэмій. Каб паказаць адрознасць беларускай мовы ад рускай, адмыслова склаў верш «Ветразь». Яго не зразумее чалавек, які не валодае беларускай мовай ці хаця б яе не чуў.
Пайшоў з жыцця ва ўзросце 89 гадоў у Мінску.