• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
06.06.2022 | Гісторыя Каляндар

Каляндар з 6 па 12 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


6 чэрвеня

1757. У Віцебску згарэў Ніжні замак

Віцебскі Ніжні замак знаходзіўся на паўднёвы ўсход і поўдзень ад Верхняга замка. З усходу і поўдня быў агароджаны ручаём, а з захаду Заходняй Дзвіной. Агульная плошча складала каля 7,5 гектараў.


zamak.jpg

Першае паселішча паводле археалагічных знаходак было ў заходняй частцы замка ўжо ў VI–VIII стагоддзях.

Будаўніцтва замка пачалося ў перыяд княжання Альгерда ў Віцебску прыкладна ў 1330 годзе, а скончана было, паводле пісьмовых крыніц, у 1351 годзе другой альгердавай жонкай Ульянай. Да XVII стагоддзя тут было ўжо 12 вежаў: 3 вежы-брамы і 9 глухіх вежаў. Даўжыня лініі абароны складала 1256 метраў.

На тэрыторыі Ніжняга замка знаходзіліся Дабравешчанская царква, Аляксееўскі манастыр, палац Агінскага, дом Шапкіна і іншыя пабудовы.

Пасля пажару ў 1757 годзе Ніжні замак у Віцебску ніколі болей не аднаўляўся.

7 чэрвеня

1492. Памёр Казімір Ягелончык

У гэты дзень 530 гадоў таму ў Гародні пайшоў з жыцця вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір ІV Ягелончык.

kazimierz_jagiellonczyk_1645.jpg

Запомніўся тым, што ў траўні 1447 года выдаў прывілей, які істотна пашыраў правы баяраў і паклаў пачатак запрыгоньванню сялян у Вялікім Княстве Літоўскім.

Згодна з прывілеем, пашыраліся правы феадалаў, гарантавалася права ўласнасці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад іх людзей. У прывілеі прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў княстве маглі атрымліваць толькі мясцовыя феадалы.

Менавіта ў гэтым дакуменце ўпершыню зафіксавана абмежаванне сялянаў у правах, а ўжо Статут 1588 года канчаткова зафіксаваў поўнае падпарадкаванне селяніна пану. Гэтае падпарадкаванне перарасло ў Рэчы Паспалітай у вельмі суворую форму, якая так і называлася — «прыгон».

Канчаткова прыгоннае права было адмененае ў лютым 1861 года, калі былое Вялікае Княства Літоўскае ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі.

8 чэрвеня

1772. Утворана Магілёўская губерня

Магілёўская губерня была ўтворана ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1772 годзе, калі тры вялікія еўрапейскія манархіі — Расійская імперыя, Аўстрыйская імперыя і Прускае каралеўства паставілі краіну, якая знаходзілася ў стане глыбокага палітычнага крызісу, перад фактам аб яе падзеле.

mahiliouskaja_hubernia.jpg

Указ Кацярыны ІІ аб стварэнні губерні быў падпісаны яшчэ да таго, як войскі краін, якія ўдзельнічалі ў анексіі, увайшлі на землі Рэчы Паспалітай. Само ўварванне адбылося ў пачатку жніўня, а ўжо 16 чысла ў Пецярбургу ўдзельнікамі была падпісана канвенцыя аб частковым падзеле краіны-суседкі. Такім чынам, усходнія землі Вялікага Княства Літоўскага апынуліся ў складзе Расійскай імперыі.

У сакавіку 1777 года Магілёўская губерня была падзелена на 12 паветаў. Уваходзіла ў склад Віцебскага, Магілёўскага i Смаленскага генерал-губернатарства, а ў 1863–1869 гадах была ў складзе Віленскага генерал-губернатарства.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі праводзіў спробы рэфармавання палітычнай сістэмы краіны. Але гэтыя пераўтварэнні не прынеслі плёну, і Рэч Паспалітая зведала яшчэ два падзелы, якія прывялі да яе фактычнай ліквідацыі.

9 чэрвеня

1919. Пачаўся Беларускі з’езд Віленшчыны і Гарадзеншчыны

Мерапрыемства адбывался ў складаных геапалітычных умовах і мела на мэце пацвердзіць вернасць ідэалам незалежнасці і непадзельнасці беларускіх земляў. Удзел прымала 125 дэлегатаў.

Zjezd_Vilienščyny_i_Hrodzienščyny.jpg

Ідэя склікаць з’езд у Вільні належала групе беларускіх дзеячаў на чале з Браніславам Тарашкевічам і Паўлам Алексюком. Фактычна гэта быў крок супраць той «паланафільскай» плыні ў беларускім руху, якая агітавала за далучэнне беларускіх земляў да Другой Рэчы Паспалітай.

На з’ездзе з дакладамі выступалі вядомыя беларускія дзеячы таго часу:

— «Аб кааперацыі», Клаўдзій Дуж-Душэўскі;

— «Аб стане і неадкладных задачах беларускай асветы», Міхаіл Кахановіч;

— «Аб выдавецкай дзейнасці», Ян Станкевіч.

Удзельнікі з’езду арыентаваліся на Літву, выказваліся аб стварэнні федэратыўнай літоўска-беларускай дзяржавы, дзе кожная з краін будзе мець роўныя правы. Разам з тым яны падкрэслівалі, што Віленшчына і Гарадзеншчына — гэта менавіта беларускія тэрыторыі.

З’езд прыняў рэзалюцыю, абраў Цэнтральную раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны, а таксама прыняў пастанову пра скліканне Рады БНР.

У тым жа месяцы было створана надзвычайнае прадстаўніцтва БНР, якое ачоліў Пётра Крэчэўскі. Менавіта яно мела весці перамовы з урадам Літвы.

10 чэрвеня

1917. Пачала выходзіць «Вольная Беларусь»

У гэты дзень 105 гадоў таму пабачыў свет першы нумар газеты «Вольная Беларусь» пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка. Выходзіла на беларускай мове спачатку два разы на тыдзень, а потым раз на тыдзень.

volnaja_belarus.jpeg

Рэдакцыя газеты паслядоўна развівала «адраджэнскую» лінію ў беларускім руху, якая была запачаткавана яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя «Нашай Нівай». У палітычным плане была блізкая да Беларускай сацыялістычнай грамады. Аўтары газеты прайшлі пэўную эвалюцыю ў сваіх поглядах адносна будучыні Беларусі: калі першапачаткова яны выступалі толькі за аўтаномію Беларусі ў складзе Расіі, то пасля сталі падтрымліваць незалежніцкія ідэі.

На старонках газеты шырока асвятляўся Першы ўсебеларускі з’езд, які праходзіў у снежні 1917 года і быў разагнаны мясцовымі бальшавікамі. Спыніла свой выхад «Вольная Беларусь» у самым канцы 1918 года, калі, па словах Язэпа Лёсіка, «бальшавіцкія грабежнікі ачысцілі рэдакцыю да апошняй паперкі».

11 чэрвеня

1982. Загінуў Рыгор Семашкевіч

Гэты амаль забыты цяпер пісьменнік захапіўся беларускай літаратурай яшчэ школьнікам. Публікавацца пачаў ва ўзросце 14 гадоў.

ryhor_semashkevich.jpg

Пісаў прозу, эсэістыку, складаў вершы. Меў вытанчаны літаратурны густ і добрае пачуццё гумару, што знайшло адлюстраванне ў ягоных творах. Акрамя ўласна творчасці, займаўся таксама даследаваннем літаратуры. Апублікаваў шэраг літаратуразнаўчых прац.

Пайшоў з жыцця ва ўзросце 37 гадоў. У гісторыі беларускай літаратуры застаўся як след не расчытаным і не ацэненым.

Як запаветнае ў душы нясу
І шчасце свету, і ўсю бездань болю,
І матчыну гарачую слязу,
І ціхі шэпт параненай таполі.
Ніколі мне ад тых трывог і бед
Не уцячы, нідзе мне не падзецца.
На сто часцін расколваецца свет,
А трэшчыны усе ідуць праз сэрца.

12 чэрвеня

1895. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч

З’явіўся на свет будучы беларускі літаратар і драматург у фальварку Кур’янаўшчына былога Вілейскага павета. У 1909 годзе скончыў гарадское вучылішча ў Вілейцы. Пісаць творы на беларускай мове пачаў пад уплывам «Нашай Нівы». Публікаваўся ў перыёдыцы з 1912 года.

leapold.jpg

У 1914 годзе перабраўся ў Вільню, дзе вельмі хутка ўліўся ў шэрагі беларускага руху. Паўліна Мядзёлка ўспамінала, што яго часцяком можна было бачыць у віленскай кавярні «Чырвоны штраль» разам з Максімам Гарэцкім і Змітраком Бядулем.

З 1919 года жыў у Мінску. Разам з Язэпам Дылам і зноў жа Змітраком Бядулем уваходзіў у мастацкі савет Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра (БДТ-1, цяпер — Купалаўскі). У 1921 годзе вярнуўся ў Вільню, дзе пасябраваў з паэтам Уладзімірам Жылкам, з якім разам яны займаліся тэатральнай студыяй, створанай пры Беларускай гімназіі ў Вільні.

У гэты ж час адбываецца канчатковая эвалюцыя ягоных палітычных поглядаў — Родзевіч рашуча далучаецца да віленскіх левых, займаецца рэдагаваннем газет «Наша будучыня» і «Беларускі звон», за што трапіць у сумнавядомую турму на Лукішскай плошчы. Быў сябрам КПЗБ. У 1925 годзе вымушаны быў вярнуцца ў Савецкую Беларусь праз пераслед польскіх уладаў.

Арыштаваны ў 1933 годзе па сфабрыкаванай справе так званага «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і высланы ў Саратаў, дзе яго паўторна арыштавалі ў 1938 годзе. Дата і месца гібелі невядомыя.

Леапольд Родзевіч належаў той жа плеяды заходнебеларускіх аўтараў, што і Казімір Сваяк, Ігнат Дварчанін, Ігнат Канчэўскі і ўжо прыгаданы Уладзімір Жылка.



Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства Музыка

«Застаецца толькі спадзявацца, што мы ўсе яшчэ зайграем разам». Музыка Аляксандр Казакевіч пра вымушаны пераезд і пра тое, як граць адначасова ў чатырох гуртах

Аляксандр «Роб» Казакевіч — вядомы маладзечанскі рок-музыка, прызнаны палітвязнем. На піку ўласнай металёвай кар’еры...

valiancina_shauchenka
Грамадства Гісторыя

Сёння — Дзень памяці ахвяр Халакосту. Гісторыя Магілёўскага гета

27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту. У Магілёве гета праіснавала з 13 жніўня 1941-га па 1943 год....

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

Стаў вядомы шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес»

Журы штогадовай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» абвясціла кароткі спіс намінантаў на званне лаўрэата за найлепшую...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Суд над эксперткай Таццянай Кузінай пачнецца 6 лютага

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. Палітолаг, даследчыца, адна з заснавальніц праекта SYMPA (Школа маладых...

Апошнія навіны

    Грамадства Музыка
    «Застаецца толькі спадзявацца, што мы ўсе яшчэ зайграем разам». Музыка Аляксандр Казакевіч пра вымушаны пераезд і пра тое, як граць адначасова ў чатырох гуртах
    Грамадства Гісторыя
    Сёння — Дзень памяці ахвяр Халакосту. Гісторыя Магілёўскага гета
    Грамадства Літаратура
    Стаў вядомы шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес»
    Грамадства
    Суд над эксперткай Таццянай Кузінай пачнецца 6 лютага
    Грамадства «Музыка»
    Гурт NaviBand выпусціў новы сінгл з украінскай спявачкай Tayanna. Паслухайце, як нашы мовы гучаць разам
    Грамадства «Музыка»
    Топ-5 песень Міхала Анемпадыстава
    Грамадства
    Шыльды «ахоўваецца дзяржавай» сталі мемам. Як бабруйцы жывуць і працуюць у гістарычных камяніцах
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў 28-29 студзеня
    Літаратура
    «Зекамерон» Максіма Знака выдадуць па-англійску
    Грамадства Літаратура
    «Літургія часу». У Лондане выходзіць новая кніга вершаў Алеся Дуброўскага-Сарочанкава
    Грамадства
    У турме Алесь Пушкін збіраецца намаляваць партрэты Маслюка і Тарашкевіча
    Грамадства
    «Астраномія. Сузор’і». Хутка з’явяцца яшчэ тры маркі з беларускімі назвамі сузор’яў
    Грамадства Літаратура
    Павел Баркоўскі: «Pradmova» можа пашырыць геаграфію, фэст будзе грунтавацца на якасці, а не на палітычнай кан’юнктуры
    Грамадства Музыка
    Лявон Вольскі: Прадаць гітару ды ўладкавацца грузчыкам у гіпермаркет – калі дазволяць
    Грамадства «Музыка»
    Здрада дзяржаве. Музыку Яўгену Глушкову прысудзілі 9 год калоніі за фота аэрадрома ў Зябраўцы

Афіша

  • 28.01 — 26.01

    Гісторыя Гальшкі з Астрога: гістарычная лекцыя ў Вільні

  • 28.01 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 28.01 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 28.01 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 28.01 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 28.01 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 28.01 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 28.01 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Лідар «Океана Ельзи» Святаслаў Вакарчук пракаментаваў прысуд за сваю песню ў Мінску
    • Штодзённасць паўстанцаў’1863. Смерць, зброя, алкаголь і адсутнасць сну
    • Песні, прысвечаныя паўстанню 1863–1864 гадоў
    • Мікалай Пачкаеў: «Беларуская лацінка далёкая ад польскай, а гістарычнай сувязі сучаснага кірылічнага алфавіту з тэкстамі старабеларускай мовы няма»
    • Студзеньскае паўстанне: як пачалося і чаму згасла
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип