Меладычная, летуценная, электрычная — на лэйбле Radio Plato выходзіць новая плытка гурта Vapna

Amal — гэта дзесяць новых песень ад беларускага дуэта Андрэя Вазьянава і Паўла Астахава. Альбом спявае на мовах трывогі і расчаравання, чакання і любові, якая ўсё роўна існуе — нават калі «хлеба не будзе — будзе віно і неба». У альбоме шмат вобразаў вады: сімвалы мора, возера, слёз, крыві і смалы пераплятаюцца, утвараючы цэласную міфалогію кахання, страты і прыроднай інтымнасці.

Vapna

«Як і многія вакол, у апошні час мы заглядзеліся на прыроду, — распавядае Vapna. — І ў сваёй музыцы шмат працавалі з краявідамі і атмасферамі праз гітарна-барабанны гук».

Сапраўды, у параўнанні з Аскепкамі (2023) гэта больш «жывы» альбом: тут ёсць і шугейзавыя сцены гуку («Тры канцы», «Скуль»), і перкусія, якой можна адлупіць («Ля мора», «Чорны смоўж»), і прывітанні любімым краут-рок-гуртам («Возера слёз», «Рэдкі від»). Але знаёмы з першага альбому колд-вэйв халадок таксама знойдзецца («Палёгка»), як і летуценны інды-поп («1000 краін», «Мама казала», «Амаль»).

Уся пласцінка дыхае пачуццём амаль: амаль спелі, амаль выйшлі, амаль дазналіся, амаль сказалі. У гэтым «амаль» — і сіла, і прыгажосць, і надлом.

«Мы хацелі дасказаць недасказанае на першым альбоме. Ці атрымалася? Напэўна, амаль». — Vapna

 

 Слухаць на ўсіх пляцоўках.