Нават цяжка сабе ўявіць, якім чынам звязаныя далёкая ціхаакіянская выспа Папануі ці Пасхі з усходнебеларускімі Клімавічамі, але аказваецца гэта сувязь існуе, піша Хведар Прылёпаўскі для palatno.media. Больш за тое, з каменнымі скульптурамі звязаны і сучасныя інтэрнэт-трэнды, а менавіта выкарыстанне каменнай скульптуры (каменнай галавы) у якасці эмодзі, які апошнімі гадамі здабыло папулярнасць ва ўсім свеце.
Мааі з’яўляюцца сусветна вядомымі каменнымі статуямі са спрасаванага вулканічнага попелу на аддаленай ціхаакіянскай выспе Рапануі. Усе гэтыя ўнікальныя манументы маналітныя, а гэта значыць выразаныя з адзінага кавалка каменя, а не злепленыя або змацаваныя. Усяго на выспе Пасхі (еўрапейская назва выспы) налічваецца 997 мааі.
Лічыцца, што манументы вырабілі жыхары выспы паміж 1250 і 1500 гадамі. Тэхналогіі стварэння скульптур да нашага часу канчаткова не ясныя, бо няма дакладнага тлумачэння як рапануанцам удавалася ствараць чалавекападобныя фігуры велізарных памераў без інжынерных ведаў і будаўнічай тэхнікі.
Звычайны памер мааі — 3-5 метраў, а сярэдняя шырыня асновы — паўтара метры. Сярэдняя вага такіх статуй прыблізна 5 тон. Не больш за 30-40 статуй маюць вагу больш за 10 тон. Хоць асобныя манументы ёсць вельмі буйныя. Самая буйная статуя — «Эль-Гіганте» памерам не менш за 21 метр, а прыблізная вага не менш за 50 тон.
Значная частка мааі, акрамя сямі статуй, «глядзяць» у глыб вострава. Тыя сем статуй адрозніваюцца яшчэ і тым, што знаходзяцца ўнутры вострава, а не на ўзбярэжжы.
Выгляд вялікай статуі Сярэдняга перыяду гісторыі выспы Рапануі. Фота: wikipedia.org
Больш раннія мааі ўсталёўвалі на цырыманіяльных і пахавальных платформах Аху па перыметры выспы ці на адкрытай мясцовасці. Магчыма, транспарціроўка некаторых статуй так і не завяршылася. Платформаў Аху на выспе цяпер 255 штук: на іх змяшчаліся ад адной маленькай статуі да шэрагу гігантаў.
Выгляд адной з цырыманіяльных платформаў пад назвай Аху Тангарікі. Фота: wikipedia.org
Навукоўцы высоўваюць розныя версіі, што статуі азначалі для племені рапануі. Самая распаўсюджаная — кожны балван увасабляў дух кагосьці з продкаў.
Нядаўна з’явілася новая версія, паводле якой рапануі расстаўлялі статуі па выспе, каб павысіць урадлівасць глебы. Урадлівасці спрыяла трывалае насычэнне глебы часціцамі парод з каменяломняў.
Сярод сімвалаў, якія афіцыйна ўваходзяць у наборы эмодзі, ёсць як зразумелыя і відавочныя, так і загадкавыя. Да ліку апошніх адносіцца выява каменнага твару, які афіцыйна называецца мааі, хоць часта гэта эмодзі называюць проста «каменны твар».
Такі эмодзі выглядае як стылізаваны балван з выспы Рапануі. Гэты знак выкарыстоўваецца ў адпаведнасці з фразай «сядзіць з каменным тварам». Эмодзі ўжываюць, калі трэба прадэманстраваць абсалютную абыякавасць да таго, што піша суразмоўца ў сваіх паведамленнях, ці да прачытанага допісу ў сацыяльных сетках. У некаторых выпадках яно таксама азначае маўклівае неразуменне сітуацыі ці няёмкасць ад таго, што адбываецца вакол.
У кадоўцы Юнікод смайлік з’явіўся ў 2010 годзе, а ў 2015 быў дададзены ў самую першую версію Emoji. Доўгі час эмодзі статуі-моаі лічыўся ў інтэрнэце адным з самых бескарысных, і практычна не выкарыстоўваўся. А амерыканскае інтэрнэт-выданне HuffPost назвала «каменны твар» адным з самых непатрэбных эмодзі.
Афіцыйна эмодзі называецца «моаі» — першапачаткова яго ўключылі ў японскі набор як адсылку да помніка каля станцыі «Сібуя», якая нагадвае каменныя маналітныя статуі на выспе Пасхі.
Мааі на чыгуначнай станцыі Сібуя ў Токіа. Фота: tjournal.ru
З 2016 года «каменны твар» увайшоў у інтэрнэт-лексікон прыхільнікаў K-Pop — своеасаблівага жанру паўднёвакарэйскай музыкі. Яны ўжывалі гэты эмодзі ў самых розных значэннях, напрыклад, калі хацелі прадэманстраваць, што новая песня выканаўцы іх зусім не кранае, ці калі артысты ў кліпах прымалі адпаведны выраз твару.
Наступнай пляцоўкай, на якой «каменны твар» набыў папулярнасць, стаў Instagram. Так мааі ператварыўся ў адзін з інтэрнэт-мемаў, і пакідалі яго, як правіла, у каментарыях да такіх жа мемных пастоў. З інтэрнэт-пляцовак «каменныя галовы» перавандравалі ў камп’ютарныя гульні. Адной з першых стала гульня Fortnite, прыхільнікі якой сталі шырока выкарыстоўваць новы эмодзі. Нарэшце, у 2020 годзе «каменны твар» захапіў і Twitter: у ім эмодзі выкарыстоўвалі, каб паказаць тое, што незразумела, што насамрэч адбываецца навокал. З тых часоў папулярнасць гэтага эмодзі не сціхае, і мааі актыўна выкарыстоўваецца ва ўсіх сацыяльных сетках, у каментарах, пастах і асабістых перапісках.
Выкарыстанне каменных галоў у англамоўных мемах
У цэнтры ўсходнебеларукага горада Клімавічы, на рагу вуліц Ленінскай і Савецкай, можна ўбачыць тры паменшаныя копіі статуй з вострава Пасхі. Гэтыя скульптуркі вытыркаюцца з зямлі толькі на сантыметраў трыццаць і хаваюцца сярод галінак туй.
Тэма статуй на гэтым не вычарпаецца, бо на той самай вуліцы Савецкай у Клімавічах ёсць традыцыйная скульптура Леніна. Выглядае нейкім прыхаваным сімвалізмам размяшчэнне на адной вуліцы бальшавіцкага ідала і статуй, што вельмі нагадваюць мааі з далёкага Рапа-Нуі.
Паменшаныя копіі статуй з вострава Пасхі. Фота аўтара
Бальшавіцкі балван лакалізуецца насупраць будынка з калонамі ў стылі савецкага ампіру — раённага Цэнтра культуры. Адметнасць скульптуры ў тым, што яе паставілі ўжо ў 1990-х гадах. Так сталася таму, што папярэднюю, бронзавую, скралі. Адзначым, што колішні бронзавы Ленін быў работы знакамітага беларускага скульптара яўрэйскага паходжання Заіра Азгура.
Ільіч постсавецкі — бальшавіцкі балван, выгляд звычайны, час устаноўкі нетыповы. Фота: archivarta.by
З тэмай пакланення і памяці продкаў у Клімавічах звязанае яшчэ адно месца, а менавіта тэрыторыя Свята-Міхайлаўская царква сярэдзіны ХІХ стагоддзя. На ёй знаходзіцца масіўны каменны крыж і каменнае надмагілле, якія з’явіліся тут каля дзесяці год таму.
Каменны крыж раней ляжаў на Мілаславіцкіх могілках. Спачатку яго перавезлі да мілаславіцкай царквы, а за савецкім часам прыбралі на ўскраіну могілак, дзе ён доўгія дзесяцігоддзі праляжаў на зямлі.
Увосень 2011 года каменны крыж прывезлі ў дворык Свята-Міхайлаўскага храма, а побач паставілі камень з выявай крыжа, які знаходзіўся раней у Судзілах. На яго паверхні знаходзяцца выявы хрысціянскага крыжа і паўмесяца.
Каменны крыж і каменнае надмагілле на тэрыторыі Свята-Міхайлаўская царквы. Фота: wikipedia.org
Так у Клімавічах атрымаўся рэлігійны сінкрэтызм, дзе хрысціянская традыцыя спалучылася з традыцыйнымі ўяўленнямі беларусаў. Знайшлося тут і месца для статуй мааі з далёкай выспы Пасхі.