Каму і навошта варта чытаць “Танцы над горадам” Арлова

“Танцы над горадам” нездарма ахрысцілі “містычным зборнікам”. Адно што зборнік не выключна містычны – гэта хутчэй мікс са шчырых дзіцячых рэфлексіяў аўтара, эротыкі і эзатэрыкі. Усё як мы любім. Усё, чаго нам не хапае ў беларускай літаратуры.

Цікава, што пасля выхаду кнігі нехта ўжо паспеў назваць яе “першай беларускай містычнай зборкай”, відаць, забыўшыся на Яна Баршчэўскага і ягоную “Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Атрымліваецца, з чаго наша літаратура пачынала 150 гадоў таму, да таго і прыйшла, мінуўшы доўгія дзесяцігоддзі рэалістычнай штодзённай шэрасці. Кола замкнулася, змяя ўкусіла сябе за хвост.

Колер кніжкі Арлова і паводле афармлення, і па адчуваннях – чорны. Гэта стылёва, але на стылі ўсё не заканчваецца. З аднаго боку чорны колер – адназначны і дакладны, з іншага – максімальна варыятыўны, бо ніколі не ведаеш, што хаваецца за гэтай заслонай, якое сонца ўзыдзе пасля гэтай ночы.

Кніжка напісаная на мяжы жанраў. Тут і дэтэктыў, якога сапраўды не хапае ў нашай літаратуры, і элементы мемуарнага нон-фікшн, і жахі, пасля якіх хочацца, як у далёкім дзяцінстве, запальваць уначы святло па ўсёй кватэры і прыслухоўвацца да кожнага гуку. Таксама ў зборцы ёсць смерць і эротыка. У спалучэнні са страхам атрымліваецца ідэальны экзістэнцыйны набор, які чапляе асноўныя інстынкты і патаемныя стрункі кожнага.

Віктар Марціновіч нечакана заўважыў у першым апавяданні, якое дало кнізе назву, яшчэ і сацыяльны аспект. Маўляў, самнамбулы, якія спяць удзень, нічым не адрозніваючыся ад звычайных людзей, і жывуць па-сапраўднаму толькі ўначы, – гэта вельмі беларускі код паводзінаў.

Удзень героі працуюць у школе альбо прадаюць газеты ў шапіку, уначы – танчаць, жывуць, кахаюцца. Удзень гэта машыны, уначы – асобы. Быццё асобай пры гэтым не ратуе ў звычайным чалавечым сэнсе: Настаўнік, які быў завадатарам танцаў, гіне ад снайперскай кулі падчас разгону мітынгу. Мараль простая: іншасць – гэта не спосаб пазбегнуць смерці, а кароткі шлях да яе.

Падобны сімвалічны код можна прасачыць і ў метафары з люкамі, праз якія па лесвіцах галоўныя героі штораз караскаюцца на дах, каб разам танчыць. Калі ўявіць, што будынак – гэта сімвал чалавечага мурашніка, нават калі гэта закінуты гатэль, то быць сабой можна толькі выслізнуўшы з яго на дах, бо ўнутры няма чаго рабіць – сум ды скруха. Зноў жа, свой апошні “люк на дах” Настаўнік знаходзіць на плошчы ля прэзідэнцкага палаца, лежачы з маленькай круглай адтулінай у ілбе. Выхад на дэманстрацыю стаў ягонай галгофай, а “люк” у галаве вызваліў не толькі ад сацыяльных ланцугоў, але і ад самога сябе. Смерць і страта свайго “я” – найвышэйшая ступень свабоды.

Не варта ігнараваць і два наступныя апавяданні: “Чорны чалавек на зялёнай канапе” і “Дом з дамавікамі”. Першае павярхоўна нечым нагадвае “Яно” Кінга з яскравымі элементамі непрыхаванага жывёльнага жаху, з якім аўтар спрабуе ўвайсці ў кантакт, нібы знаходзячы паразуменне з самім сабой, ключык да сябе самога.

“Дом з дамавікамі” поўны знакаў, адсылак у мінулае, фатальнай закальцаванасці гісторыі і тонкіх кармічных павуцінак. Сцэна з невядомымі істотамі, якія ў аўтарскім сне стаяць па іншы бок шыбы ад яго і спрабуюць спачатку прасвідраваць, а пасля выламаць заслону, нагадваюць наркатычныя галюцынацыі Пясэцкага ў рамане “Багам ночы роўныя”, ад якіх кроў стыне ў жылах.

І зноў жа, увесь гэты бестыярый – унутранае пекла галоўнага героя, дэманы, якія не “зайшлі на аганёк” выпадкова і не прыляцелі з іншай планеты, а жаданні і фобіі, з якімі ён жыў, якія песціў усё жыццё. Што з імі рабіць далей? Універсальнага адказу няма. Хай кожны шукае сам.

Чаго ў кнізе няма, дык гэта гістарычных пастараляў, наўпроставых развагаў пра лёсы Айчыны і яе выдатных сыноў. Цалкам магчыма, што аматары менавіта гістарычнай прозы Арлова не знойдуць таго, што шукалі.

У “Танцах” усё нашмат глыбей. Зрэшты, глыбокую псіхалагічную плынь усіх трох апавяданняў можна лёгка перанесці і на нашу гісторыю, поўную дэманаў і жахаў, дзе так мала адназначных адказаў, а люкі, праз якія можна выбрацца нагару і танчыць у сваё задавальненне, зазвычай занадта вузкія – дыяметрам з дзірку ад кулі ў ілбе.

 

Алесь Кіркевіч