«Пацібулум» Дудзінскага: антыўтопія і вытворчы раман у адным флаконе

Літаратурны крытык Зося Лугавая для «Нашай Нівы» разважае пра твор Дзяніса Дудзінскага «Пацібулум».

«Pacibułum»

Ёсць горад, сыты і задаволены сабой, які ўжо 10 гадоў жыве пад акупацыяй. Калісьці сюды прыйшла армія Консула, якая пераможна рушыла па кантыненце і захоплівала ўсё новыя тэрыторыі. Горад жа не стаў абараняцца, ён ціха здаўся і прыстасаваўся. Консул спакойна атабарыўся ў ім, але ўсе гэтыя 10 год пакутаваў: у яго не было адчування, што ён перамог. Таму Консул ставіць гораду ўльтыматум і дае 10 дзён. Цягам гэтых дзён горад моцна змяняецца, а мы бачым гэта вачыма здымачнай брыгады мясцовага тэлебачання — «найлепшага рэпарцёра з паўтарачнай стаўкай» і таленавітага аператара.

І вось тут пачытаюцца плюсы і моцныя бакі кнігі. Дудзінскі прапануе свой варыянт антыўтопіі, але адначасова стварае «вытворчы» раман. У кнізе шмат тэлевізійнай кухні, бо галоўны герой — тэлерэпарцёр. Амаль усю кнігу мы назіраем Фелікса і яго вернага аператара Марка ў працы.

Дудзінскі гаворыць пра тэлебачанне шмат і робіць гэта цікава.

«Нібыта шукаючы апраўдання перад сабой і перад уяўнымі крытыкамі, ён заўсёды нагадваў сабе, што яшчэ ні разу не зрабіў рэпартаж ці сюжэт, якія б наўпрост праслаўлялі Консула або яго кіраванне. Эканоміка, спорт, побытавыя пытанні горада, прэс-канферэнцыі ў мэрыі, надвор’е — так, менавіта гэта і было тэмамі яго працы, але ніяк не сляпое ўзвялічванне акупацыйнага рэжыму і яго лідара. Нават нягледзячы на тое, што тэлебачанне цяпер атрымлівала фінансаванне — а значыць, і ён свой заробак — непасрэдна з кішэні консульскай зграі».

Дзяніс Дудзінскі доўгі час быў адным з твараў дзяржаўнага тэлебачання. У 2020 годзе яго звольнілі за крытычныя выказванні, і ён пераарыентаваў сваю кар’еру на незалежныя праекты. Цяпер працуе на канале «Белсат».

Dzianis Dudzinski
Дзяніс Дудзінскі. Фота з ягонай фэйсбук-старонкі

«Пацібулум» (дарэчы, ці вы ведаеце, што гэта?) у пэўным сэнсе перагукаецца з апошнімі кнігамі іншых аўтараў-журналістаў — Аляксандра Чарнухі і Сашы Філіпенкі. Асабліва са «Сланом» апошняга. У Дудзінскага таксама ўмоўны горад і таксама надзвычайныя абставіны, якія прымушаюць людзей раскрывацца па-новаму. Пераважна — у горшы бок. Аднак у Дудзінскага кніга выйшла найбольш цэласная і гарманічная.

Тое, за што адразу хочацца накінуць балаў Дудзінскаму — (сама)іранічнасць і адсутнасць позы. У галоўным героі даволі пазнавальныя рысы аўтара, і пры гэтым Фелікс далёка не бездакорны. Таленавіты, кемлівы, але кан’юктурны. У пэўныя моманты інфантыльны. Быццам бы эмпатычны, але неяк выпадкова.

«Гаварыць прыгожа — гэта яго праца, але «прыгожа» не азначае «з сэнсам».

І гэта, дарэчы, было ледзь не галоўнае маё здзіўленне ў кнізе. Ад Дудзінскага я акурат чакала позы і празмерна сур’ёзнага стаўлення да сябе. У «Пацібулуме» гэтага няма, альбо добра прыхаванае. Праз тэкст не прасвечвае.

«Не бывае незалежнага тэлебачання — мы ўсе абслугоўваем нечыя інтарэсы, і часцей за ўсё на шкоду ўласным, ідзём на кампрамісы з сумленнем і заплюшчваем вочы на тое, што нам здаецца праўдай».

Кніга добра структураваная, не распадаецца на кавалкі. Усё ясна і паслядоўна. Магчыма, крыху прадказальна, але тут няма чагосьці прыцягнутага за вушы, як тая ж крыжаванка ў «Слане». Падазраю, за гэта варта падзякаваць і рэдактарцы Наталлі Давыдоўскай.

У Дудзінскага ёсць стыль. Мне спадабалася мова, нават негледзячы на тое, што яна расейская (спадзяюся, паважаны чытач адчуе тут іронію). Кніга лёгка і хутка чытаецца, але гэта не рэпартаж і не тэлеграфны стыль. У кнізе ёсць прыемныя апісанні горада, нязмушаныя, але і не павярхоўныя апісанні герояў:

«Фелікс любіў гэты горад, любіў яго побытавую нясталасць і сезонныя капрызы, любіў гарадскі шум і нават задушлівы пах аўтамабільных выхлапаў. Гэта была зусім не любоў дзеля самой любові, якую звычайныя людзі адчуваюць да месца, дзе яны нарадзіліся. Гэта была цалкам лагічная і ўсвядомленая любоў да канкрэтнага населенага пункта, да пэўнага пункту на карце ці глобусе: у гэтым горадзе ўсё адпавядала яго, Фелікса, экзістэнцыяльнаму тэмпарытму, уяўленню пра час і прастору, адчуванню кліматычнага камфорту».

«Настрой быў роўны, без усплёскаў невытлумачальнага энтузіязму, але і без упадніцкай абыякавасці і безуважнасці да свету, што час ад часу наведваюць людзей інтэлектуальных прафесій».

Дарэчы, горад у Дудзінскага напраўду абстрактны. Без аніякіх павеваў з усходу ці з захаду. Тое ж тычыцца імёнаў галоўных герояў — яны грэцкага, габрэйскага, лацінскага паходжання: Фелікс, Марк, Саламон, Серафіна, Тэадор... Не Пашы з Сашамі, не Францішкі з Алесямі. І за гэтым адчуваецца адмысловая праца.

Паклаўшы руку на сэрца, магу сказаць: адзіная хіба кнігі — што яна напісаная не па-беларуску.