Больш за 400 чалавек у будынку XVIII стагоддзя, гарадзенскім лялечным тэатры, пры мінус 15 на вуліцы – менавіта такім быў учорашні канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Гародні.
Апошнім разам Зміцер быў у абласным цэнтры год таму. Гэтым разам ён распачаў свой выступ творамі на словы Караткевіча, якія ўвайшлі ў супольны праект “Скрыпка дрыгвы”: “Карчмар”, “Заяц варыць піва”, “Імпрэсія”. Песня “Імпрэсія”, як кажа Зміцер, напісаная перад адным з канцэртаў у Мінску. “Дзецям я кажу, што гэта песня пра сон, і дарослым таксама. Гэта песня пра сны, якія час ад часу да нас прыходзяць”. “Баладу пра архангелаў” Караткевіча Зміцер упрыгожыў цікавымі фактамі з успамінаў Караткевіча: “У першым варыянце верша, яшчэ неадцэнзураваным, замест здрады і маны на крылах былі Гітлер і Сталін”. “Уявіце сабе вёску з яе сённяшнімі праблемамі”, – менавіта так раскрыў Зміцер сваімі словамі сэнс песні “У жніўны дзень”.
Скончыў Зміцер свой выступ спачатку “Брадвеем”, а на заканчэнне праспяваў “Чувіху”. Ні “Сцяга”, ні “Муроў” гарадзенцы не пачулі, аднак Зміцер запрасіў тых, “каму мала”, 25 лютага ў Бярозаўку, дзе будзе “зусім іншая праграма”.
Тэгі: Горадня