Канструктарка нацыянальнага адзення з Гародні: Варушыцца па-беларуску!

Нядаўна ў Гародні прайшоў другі “Кірмаш праектаў”, вялікую ўвагу на якім выклікаў праект Эміліі Комар – распрацоўка сучаснага адзення з беларускімі арнаментамі. Нашто гэта трэба і як зрабіць, каб гарадзенцы апраналі сваё, чытай у артыкуле.

kirmash-16“Насіць і несці беларускаць у кожным дні: вытворчасць сучаснага адзення з беларускім арнаментам” – так гучыць яго назва.

Эмілія – самая маладая ўдзельніца другога гарадзенскага “Кірмаша праектаў”, але гэта не перашкаджала ёй ўпэўнена і натхняльна прэзентаваць публіцы сваю ідэю. Крыху больш інфармацыі пра Эмілію і яе праект даведаліся і мы…

-Эмілія, на пачатку раскажы пра сябе…

Зараз мая асноўная дзейнасць – вучоба, студэнцтва. Дадаткова падпрацоўваю на палову стаўкі ва ўніверсітэце. Вольнага часу не так шмат – у студэнта справаў хапае. Стараюся ўсунуць нос ва ўсе цікавыя ўніверскія і гарадскія праекты, конкурсы. Карацей, лічу, што толькі дзякуючы руху, насычанаму жыццю, можна быць ім задаволеным.

-Калі ўпершыню пазнаёмілася з “Кірмашом праектаў”?

Неяк убачыла абвестку, што ладзіцца такое мерапрыемства. А ідэя наладзіць вытворчасць сучаснага моднага адзення з нацыянальным арнаментам у галаве была даўно  – з моманту, калі сутыкнулася з такой праблемай. Ну няма ў нас крамаў, дзе можна набыць, напрыклад, кашульку з арнаментам. Каб было бачна, што гэта беларус =) Таму  “Кірмаш праектаў” – яшчэ адна магчымасць сказаць пра сваю ідэю, знайсці аднадумцаў і будучых паплечнікаў.

Talant. grodnency-E.Komar2

– Як увогуле нарадзілася такая ідэя і як доўга ты яе “вынашвала”?

З часоў, калі я пачала цікавіцца беларускай гісторыяй, удасканальваць мову – мне заўсёды хацелася насіць штосьці беларускае. На першым курсе ўдзельнічала ў конкурсе аратарскага майстэрства – хацела выйсці на сцэну ў прыгожай сукеначцы. Абсалютна сучаснай, моднай – толькі з арнаментам. Аднак, такой я не знайшла і нават замовіць нідзе не змагла. Таму яшчэ тады захацелася і самой мець магчымасць насіць  і каб у іншых такой праблемы не ўзнікала.

– Эмілія, а ў цябе самой шмат адзення з арнаментам?

Я б сказала, што параўнальна шмат. У асноўным, гэта суколкі з арнаментам альбо проста з надпісам па-беларуску. Ёсць цёплыя байкі – ідэальны варыянт на зіму. З біжутэрыі – завушніцы, кулоны. Я вельмі зручна і камфортна адчуваю сябе, апранутая менавіта так, на беларускі манер.

Talant. grodnency-E.Komar1

-А дзе набывала, калі не сакрэт?

Суколкі, байкі замаўляла, біжутэрыю таксама. А ёсць некаторыя рэчы з арнаментам – іх я набыла ў Кіеве год таму. Арнаменты падобныя і насіць прыемна. На той час мяне радаваў і такі варыянт… Аднак зараз разумею, што прасоўваць, вяртаць да жыцця менавіта свой арнамент – патрэбна і класна. Тым больш, што яго значэнне вельмі глыбокае, сімвалічнае.

-Як вядома, ты стала лідарам “Кірмаша праектаў”, прысутныя ацанілі яго вельмі высока. Як ты лічаш, якія шанцы на рэалізацыю твайго праекта? Што для гэтага патрэбна?

Мне прыемна, што народ ідэю так падтрымаў – я бачыла, як мне ўсміхаліся, слухалі. Шанцы, безумоўна, высокія. Бо я веру, што людзі пацягнуцца, будуць цікавіцца. Што патрэбна? Найперш, як юны максімаліст, я веру, што патрэбны энтузіазм, запал і каб вочы гарэлі ў людзей, якія гэта робяць. А гэтымі якасцямі я заўсёды магла ганарыцца (усміхаецца). Канешне, патрэбныя i фінансавыя сродкі, а таксама ахвотныя дапамагаць ажыццяўляць ідэю па ўсіх накірунках.

-Ты працуеш над праектам адна?

І адна, і не адна. Распрацавала, прадумвала сама. Аднак заўсёды адчувала падтрымку сяброў, паплечнікаў. У стварэнні прыкладных узораў будучага адзення дапамагла адна таленавітая мастачка, мая былая аднагрупніца. Ідэю ахвотна падтрымалі людзі, з якімі пачалі супрацоўнічаць па вырабу хэнд-мэйд біжутэрыі. Ды і пасля кірмаша пісалі людзі з прапановамі ўдзельнічаць. Так што… ўсё ж канешне не адна.

Talant. grodnency-E.Komar4

-Ты, напэўна, адчуваеш сябе героям Гродна?

Не, не, і яшчэ раз не. Я яшчэ нічога не зрабіла, каб быць героем. Такіх людзей – герояў – адрозніваюць найперш дзеянні. А маёй дзейнасці пакуль недастаткова. І мне нават няёмка чуць гэтае слова ў дачыненні да сябе.

– І апошняе пытанне… Наша сфера – адпачынак, таму нам вельмі цікава як жа адпачываюць нашыя “зоркі”. Чаму аддаеш перавагу?

Датычна культуры – тэатр, кіно… Я да вар’яцтва люблю актыўны адпачынак. Тое, што звязана з намётамі, дарогамі, рухам… Люблю падарожжы, спорт, аўта-спын…  Спакойны адпачынак будзе на пенсіі – зараз жа трэба варушыцца. І варушыцца, пажадана, па-беларуску.

Тэгі: , , ,