«Тое, што набалела». У Вільні пройдзе бязмежна шчыры канцэрт Анастасіі Шпакоўскай і праекта Nakapiano

20.08.2022 Музыка

2 верасня ў Віленскім клубе Paviljonas адбудзецца канцэрт праекта Nakapiano. Сярод разынак імпрэзы — песні на словы Анастасіі Шпакоўскай і Аляксея Жданава, Ганны Ахматавай і Валерыя Маракова.


Nakapiano_final_afisha.jpg

«Тое, што набалела. Што шукала форму для праявы доўгі перыяд творчасці Naka і Nakapiano і зараз гатова да крышталізацыі. Тое, што было ўпушчана, ці недаказана. Тое, што засталося і хоча выплеснуцца вонкі. Замест радкоў звілістых тэкстаў — яркі музычны выступ», — абяцаюць арганізатары канцэрта.

«Усё па-чэснаму. Максімальна. Наколькі можа быць сумленнай п’яная дзяўчына са стомленым сэрцам. Наколькі можа быць сумленным тое, што мы выносім вонкі...» — гаворыць Анастасія Шпакоўская пра канцэрт.

Анастасія Шпакоўскя — актрыса НАДТ ім. М.Горкага з 2002 года да верасня 2020 года, жыла і працавала ў Мінску. У сувязі з актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыяй,звольнілася з НАДТ ім. М.Горкага. І вымушана з’ехала з Беларусі ў Кіеў.

Пачала займацца музыкай з 4х гадоў у ліцэі пры кансерваторыі. З 2004 года кампазітар, аўтар песень і лідар рок-гурта Naka, а таксама рэжысёр некалькіх кліпаў гурта. За 17 гадоў гісторыі гурт Naka выпусціў 4 нумарныя альбомы: «Тебе», «Пора», «Довольна», «Мая Малітва» і два альбомы праекта Naka Piano. У 2010 годзе Анастасія атрымала тытул «Рок-князёўна» на цырымоніі ўзнагароджання лепшых рок-музыкантаў Беларусі «Рок-каранацыя».

Кошт білета 10 еўра.

Аплата наяўнымі на ўваходзе ў клуб.

Рэзервацыя квіткоў па форме тут.