Гурт Pomidor/off даў першы канцэрт у статусе рок-караля. Праўда, сам Аляксандр Памідораў з вялікай кароны так і не выпіў, затое наліў тым, хто спрычыніўся да запісу яго апошняга альбома, сваім калегам-музыкам, журналістам, а потым і ўсім ахвочым.
На апошняй “Рок-Каранацыі” Pomidor/off атрымаў перамогу ў намінацыі “Песня года”, а таксама вялікую Рок-Карону як найлепшы гурт года. Лідар каманды Аляксандр Памідораў прызы атрымаць не здолеў, бо выступаў у гэты час у Пецярбургу. 14 траўня ў мінскім клубе “Графіці” ён даў урэшце першы канцэрт у статусе рок-караля. І як бы музыка ні ставіўся да самой “Каранацыі”, падзею гэтую ён вырашыў ушанаваць. Спачатку з кароны было даручана адпіць Паўлу Юрцэвічу – дырэктару студыі “Осмас”, дзе запісваўся альбом “Патас/Попс/Прапаганда”, а потым яна перайшла ў рукі маладых камандаў – Monkey Bite і Dа!Бл… Пасля “прычасціліся” і іншыя госці, сярод якіх быў лідар гурта “Голая манашка” Фёдар Жывалеўскі і сапраўдны жыхар Шабаноў. У дадатак Памідораў раздарыў гледачам дыскі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Музыкі з нарачанскага гурта Dа!Бл… адкрылі вечар. Вырашыў іх паклікаць сам Памідораў. Ён прадставіў іх публіцы і парадаваўся, што ў панядзелак на канцэрт прыйшло багата народу. “Спадзяюся, што гэты панядзелак на заўтра не будзе падавацца цяжкім”, – заўважыў музыка і прапанаваў усім святкаваць на выбар дзень народзінаў Святаслава Вакарчука ці Марка Цукерберга, а і то і гадавіну незалежнасці Ізраіля. Dа!Бл… нядаўна выступаў у “Графіці” ў межах Graffiti Open Music Fest і прайшоў у чарговы раўнд. Хлопцы выглядалі трохі стомленымі, але гледачам іх музыка прыйшлася даспадобы.
Уласна Pomidor/off пачаў з “Вітальнай” і надалей чаргаваў песні з альбомаў “Свята пакрадзенае” і “Патас/Попс/Прапаганда”, паміж якімі перапынак склаў амаль 10 гадоў. Музыка перыядычна ўсхопліваўся ды цікавіўся, чаму люд не танчыць, але з цягам часу праблема была вырашаная, і пад “Шабаны” ўжо варушылася добрая частка залы. У пэўны момант Аляксандр вырашыў згадаць песню, якая даўно ўжо не гралася ў электрычнасці і якую часта просяць выканаць на канцэртах. Але граць яе музыкам цяжка – і тут маецца на ўвазе хутчэй псіхалагічны бок, чым тэхнічны, бо гаворка пра “Крывавае свята” – песню, напісаную пасля трагедыі на Нямізе ў 1999 годзе.
Яшчэ адну сумную падзею прыгадаў Памідораў у гэты вечар – 17-годдзе з часу, як у беларусаў скралі іх сімвалы – герб і сцяг. “Гэтыя людзі думаюць, што кіруюць мной, але гэта не так. Мы яшчэ адваюем сваю свабоду”, – заявіў выканаўца і выканаў дзве галоўныя песні “Патас/Попс/Прапаганда” – “Дым” і “Радыё”. Але тое быў яшчэ не канец. “Мне ўжо доўгі час сябры кажуць, каб я рэгі лепей граў, дык вось і дачакаліся”, – прадставіў ён новы цёплы і кранальны трэк пад назвай “Летняя”, на якім і скончыў выступ.
Тэкст: Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч