Карціна дня: “Бярозка” Руслана Вашкевіча

Чужыя дзеці растуць хутка, яшчэ хутчэй разглядаюцца чужыя палотны. Сёння ў рубрыкі “Карціна дня” своеасаблівы медыюм – мы прадставілі ўжо 50 карцінаў, а сённяшняя – пяцьдзясят першая. Разам з пераходам паўсоценнай мяжы мы мяняем канцэпцыю: цяпер працы аднаго тыдня будуць знітаваныя якой-небудзь тэмаю. На гэтым тыдні мы будзем разглядаць працы беларускіх мастакоў у жанры ню. Першаю такой працаю мы абралі “Бярозку” Руслана Вашкевіча.

Руслан Вашкевіч

 

Пра аўтара: Руслан Вашкевіч (1966, Мінск). Персанальныя выставы мастака ў розны час праходзілі ў Мінску, Маскве, Амстэрдаме, Парыжы, Гранадзе, Чыкага, Таліне, Рыме, Кіеве. Асобныя працы і серыі працаў былі прадстаўленыя ў такіх значных калектыўных праектах, як Bel_Art_Tranzit (Масква, 1996), Balota Empire (Кіеў, 2005), 51 Венецыянская біенале (2005), Gender Check (Вена і Варшава, 2009–2010), Opening the Door? Belarusian Art Today (Вільня і Варшава, 2010–2011). Працы Р. Вашкевіча знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея сучаснага мастацтва ў Мінску, Музея сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку, Маскоўскага музея сучаснага мастацтва, Музея новага мастацтва ў Пярну, а таксама ў прыватных калекцыях па ўсім свеце.

Руслан Вашкевіч, “Бярозка”, палатно, алей.
Руслан Вашкевіч, “Бярозка”, палатно, алей.

Бярозак мы ім не аддамо

Сюжэт карціны выйшаў з моўнай гульні, таму эротыка і эпатаж у ёй паўставалі дзеля эротыкі і эпатажу разам з двухсэнсоўнасцю “бярозкі”. Гэта на палатне не выклікае асаблівай цікавасці, хутчэй нейкую няўлоўную няёмкасць – згадкі пра сумесныя для хлопчыкаў і дзяўчат урокі фізкультуры.

Я б хацеў звярнуць увагу на шклянку, якая стаіць не стале. З аднаго боку, гэта проста водгук кампазіцыяў, якія надакучваюць мастакам яшчэ ў вучылішчы (асабліва ў спалучэнні з ручніком), а з іншага, гэта не тое што ключ да палатна, бо яго можна прачытаць і без гэтай шклянкі, але падказка пра тое, як карціну трэба чытаць.

 

Андрэй Адамовіч

Хоць і без мутнага самагону, але шклянка застаецца шклянкаю і паказвае нам пальцам на алкагольную культуру: маўляў, пасля таго як “рускі чалавек” перакуліць колькі грамаў гарэлкі, яму прасцей існаваць у гэтым недасканалым свеце, прасцей весці камунікацыю з прадстаўніцамі супрацьлеглага полу, якія як адна ператвараюцца ў бярозкі і займаюць менавіта тыя пазіцыя, якіх хочацца аўтару і/ці гледачу. Нават непрапарцыйна вялікія клубы натуршчыцы і аскетычны інтэр’ер пакоя намякаюць на стылістыку роднага, як жанчына з вокладкі “Гаспадыні” ці інтэр’ер хрушчоўкі, вобраза.

Цікава тут будзе падумаць над тым, наколькі гэты вобраз сэксуальнасці і ўзаемаадносінаў са светам адпавядае ўнутранаму шаблону беларуса – так, у кожным з нас, ну хіба што за выняткам зусім маладых беларусаў, сядзіць адгалосак гэтай плыні сэксуальнасці – родныя бярозкі, сена, парное малако, вялікія цыцкі. Аднак паступова ён выціскаецца іншым шаблонам – гламурна-анарэксічным.

Вось, уласна, па тым, што ты адчуваеш, паглядаючы на гэтае палатно, – здзек з родных вобразаў, сэксуальнае ўзбуджэнне, замілаванне ці проста жарт з чужой культуры –можна прэпараваць сваю ментальнасць, свой тып сэксуальна-цывілізацыйных паводзінаў.

Галоўнае іншае – колеры фарбы тут такія лагодныя, а кампазіцыя такая ўраўнаважаная, што, здаецца, карціна была знойдзеная ў сасновым бары, бо выспявала там як дар прыроды.

 

Голас з Акадэміі:

Жанчына-муза, жанчына-сялянка, жанчына-дзева – усе гэтыя вобразы з цягам часу былі апошленыя ў рэкламе, фільмах і сучасным фальклоры. Ды і каму цікава глядзець на жанчын, услаўленых рамантыкамі, класіцыстамі або ренесансавымі мастакамі, якіх у ХХІ стагоддзі ўдзень з агнём не адшукаеш? У параўнанні з Сярэднявеччам або іншым этапам культурнага развіцця ў нас свая рэчаіснасць, свая праўда, свае гераіні. У дачыненні да жанчыны гэта голая праўда. Выява аголенай жанчыны выкарыстоўваецца для прапаганды ідэй, рэкламавання тавараў, выказвання пратэсту, прыцягнення ўвагі даміноўнай мужчынскай аўдыторыі. Толькі ў мастацкіх творах, якія ствараюцца не дзеля масавага спажывання або ўтылітарных патрэбаў, а ад унутранага памкнення мастака ўвасобіць той ці іншы вобраз, думку, перажыванне, у жанчыны застаецца шанец быць нечым большым за ні жывое, ні мёртвае цела, мастацтва рэанімуе здольнасць чалавека заўважаць незвычайнае, быць разважлівым, адмаўляцца ад павярхоўнасці, шукаць сэнс у тым, што ён бачыць.

Бадай што найбольш вядомым, цікавым і арыгінальным стваральнікам канцэптуальнага ню алейнымі фарбамі з’яўляецца Руслан Вашкевіч. Правакацыя не ёсць мэтай Руслана, і разам з тым абазнаны ў ягонай творчасці глядач ускладае менавіта такія спадзяванні на новыя карціны. “Мне кажется, искусство должно быть изобретательным и занимательным. Я стремлюсь расширить поле игры, и играю в открытый футбол”, — кажа спадар Вашкевіч і пасылае свой мяч у станікавую браму. Я невыпадкова параўноўваю станік з брамай, праз якую ў антычнасці назіралі за з’яўленнем свяціла на фоне небасхілу, а сёння гэтай брамай з’яўляецца бялізна, за якой назіраюць тысячы пар вачэй, пільнуючы, ці не пакажуцца з-пад яе аголеныя жаночыя грудзі або клубы… Жанчыны, нам не трэбаасцерагацца твораў Вашкевіча, дзеля якіх мы штодзень у транспарце, на вуліцы і дома пазіруем напаўаголенымі, скрыжаваўшы, але часцей сціпла рассунуўшы ножкі ў чорных панчошках у сетачку. Сёння нас можа скампраметаваць адно – грудзі не таго памеру, адзенне, якое прыкрывае больш за 30% цела, мужчына побач без уласнага бізнэсу і “прычындалаў”. Аднак гэтага вы на карцінах Руслана не ўбачыце, гэта застаецца па ягоны бок палатна, гэта ўжо ягоная грубая мужчынская праўда. Атрымліваецца ролевая гульня, у якую мастак мае на мэце ўцягнуць гледачоў. Для затраўкі ён ярка і непасрэдна раскрывае жаночы характар. Характар у старажытнагрэцкім значэнні слова — прыкметы, адметныя рысы, знакі, то бок малюе тое, што ўжо стала інтэрнацыянальным сімвалам, прыкметай, абазначэннем жаночага полу. І як у прапанаваным вам творы “Бярозка”, ён гулліва, вобразна і нават узнёсла выказваецца на тэму жаноцкасці і славянскай ментальнасці.

Алеся Раманюк