Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Валерый Шкаруба і яго “Дом”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.
Пра аўтара:
Валерый Шкаруба нарадзіўся ў 1957 годзе ў Барысаве. У 1981 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. З 1984 года ўдзельнічае ў выставах. З 1989 – сябра Саюза мастакоў. У 2002 атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. У 2008 уганараваны медалём імя Францыска Скарыны. Аўтар вялікай колькасці персанальных і ўдзельнік шматлікіх калектыўных выставаў. Працы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях па ўсім свеце.
Ад самоты
Гіперрэалізм гэтай выявы ўражвае. Амаль поўная ілюзія фотаздымка. Таму адразу ж узнікае пытанне, нашто аўтару так паслядоўна і зацята прамалёўваць дробязі, набліжацца да 100-адсоткавага супадзення з рэальным? Адказ тут такі: гэта своеасаблівая магія. Як, шапочучы замовы, варажбіты прагаворваюць, напрыклад, усе магчымыя варыянты хваробы і тыя органы, за якія яна можа ўзяцца, а потым паслядоўна пералічваюць усё, што яны (шаптуны) з гэтаю хваробаю зробяць, так і мастак прапісвае самыя дробныя рысачкі свайго ўяўнага свету, магчыма, у спадзеве туды трапіць ці, прынамсі, разлічваючы на тое, што яму павераць.
Андрэй АдамовічІ хаця вераць цяпер далёка не рэалістам, рэалістычнае мастацтва можа быць не менш пераканаўчым. Асабліва калі вядзецца не пра правакацыйнае. Ясна, што аўтары, якія працуюць у рэчышчы актуальнага мастацтва, не могуць дазволіць сабе рэалізму з той простай прычыны, што канкураваць у абсурдзе і шакаванні са штодзённымі навінамі вельмі складана. Патрэбны адмысловы “мастацкі” падыход хаця б у стылістыцы.
А вось ствараючы пейзажы, можна дазволіць сабе наколькі заўгодна рэалістычную манеру пісьма. Адначасова з гэтым мастак пазбавіцца і погляду на свае палотны як на карціны, якія мусяць несці нейкі сацыяльны, палітычны, шаблонаразрывальны і які-кольвечы іншы “мастацкі” сэнс.
Таму такая манера цалкам апраўданая. Больш за тое, яна адзіная магчымая для данясення думак і пачуццяў без даважкаў і белага шуму. Тут сп. Шкаруба проста гаворыць наўпрост з нашым падсвядомым, нагадваючы нам пра дом, сям’ю, дзяцінства. Можна было б сказаць, што мімімішнасць гэтага палатна – 111 адсоткаў, але тут не пра замілаванне, тут пра крыху сумную цеплыню, што разліваецца ў грудзях дарослага чалавека, які згадвае самыя галоўныя рэчы.
|
|
У матэрыяле выкарыстаны фотаздымак Д. Раманюка.