Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Васіль Касьцючэнка і яго “Каровы”. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.
Пра аўтара:
Васіль Касцючэнка нарадзіўся ў 1953 годзе ў Гомельскай вобласці. У 1974 скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Сябра Саюза мастакоў. Працы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Саюза мастакоў Беларусі, Музеі сучаснага мастацтва (Мінск), Магілёўскім абласным музеі, у прыватных калекцыях Расіі, Нямеччыны, Швецыі, Італіі і іншых краінаў. У 2006 годзе Васіль Касцючэнка стаў лаўрэатам прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Тэорыя бесканфліктнасці
Штосьці ёсць у гэтай працы ад фальклору. Можна падумаць, што гэта каровы, але не – не каровы. Каровы, як давёў адзін еўрапейскі праект, могуць паспяхова ўпісацца ў мадэрновы гарадскі пейзаж. Я б сказаў, што гэта агульнае спалучэнне элементаў твора, якія ўтвараюць настолькі бессюжэтны малюнак, (хаця паасобку яны маюць нейкае значэнне), што цяжка сказаць, пра што, у прынцыпе, вёў аўтар, але галоўнае – немагчыма сказаць нічога пра аўтара. Ён робіцца аўтарам фальклорным – то бок невядомым, ананімным аўтарам. Сам хаваецца за неакрэсленасцю сюжэта, вобраза і манеры.
Такое ўражанне, што ў мастака была задача намаляваць што заўгодна і намаляваць гэтае што заўгодна так, каб пра палатно нельга было сказаць наогул нічога, акрамя простага пералічэння: тры каровы, штосьці падобнае да жоўтага маладзіка, нейтральны зялёны і блакітны фон.
Натуральна, можна пайсці шляхам схаластаў і ўбачыць тут дваццаць шэсць анёлаў на іголцы, але, відаць, сам здаровы сэнс мусіць падказаць нам, што гэта нейкі адпаведнік аўтаматычнага пісьма, але такога аўтаматычнага пісьма, адкуль выкраслены ўвесь фрэйдызм і ўсе мацюкі. Нейкі танны займеннік для мастака, які прагне самарэалізацыі.
Перад намі аўтаматычнае пісьмо, бессюжэтнае, бесканфліктнае і пільна адрэдагаванае. Палатно, створанае калектыўным рэдактарам для калектыўнага спажыўца, што выпадкова трапіў у галерэю.
|
|
Выкарыстаная выява і даведкавая інфармацыя з сайта artkurator.com