Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане — гэта не толькі ўнікальны кнігазбор на 40 тысяч кніг, рукапісаў і старадрукаў, але таксама і калекцыя паштовых артэфактаў, якая ўтрымлівае больш за 50 тысяч асобнікаў. Гэта, магчыма, самая вялікая ў свеце калекцыя паштовак і паштовых марак, якую сабралі беларусы ў адным месцы.
Даследчык беларускай пошты Андрэй Мялешка распавядае пра «унікумы» (самыя рэдкія) з паштовых марак, якія яму пашчасціла знайсці падчас каталагізацыі калекцыі «Скарынаўкі».
Паштовыя маркі Асобнага Атраду БНР у аркушах
Маркі «Асобнага атраду БНР» можна лічыць фактычна першымі паштовымі маркамі, на якіх указана назва краіны Беларусь, у дадзеным выпадку «Беларуская Народная Рэспубліка». Мець такую марку было гонарам для любога аматара беларускай гісторыі. Гэта гістарычны артэфакт, які, на жаль, выйшаў па-за межамі краіны. Маркі былі надрукаваныя ў 1920 годзе ў Рызе, дзе ў той час знаходзіліся войскі Асобнага атраду.
Адметна, што ў калекцыі «Скарынаўкі» маркі Асобнага Атраду прадстаўленыя ў вялікіх аркушах. Такія аркушы гэтых марак я бачыў у сваім жыцці ўсяго некалькі разоў: на вялікім філатэлістычным кірмашы ў Санкт-Пецярбургу ў пачатку 1990-х і калі ў гарадзенскі клуб калекцыянераў прыносіў сваю калекцыю нашчадак аднаго з гарадзенскіх «балахоўцаў».
Падрабязней пра гісторыю марак Асобнага атраду БНР чытайце па спасылцы.
2. Пошта Украінскай Народнай Рэспублікі
У калекцыі «Скарынаўкі» прадстаўленыя паштовыя маркі Украіны перыяду 1918–1921 гг. у вялікай колькасці.
У гэтай калекцыі ў першую чаргу можна ўбачыць усе віды наддруковак на паштовых марках царскай Расіі, так званыя лакальныя выпускі гарадоў Украіны. У той перыяд, калі з гарадоў сыходзіла «царская ўлада», у такіх гарадах, як Харкаў, Кіеў альбо Чарнігаў пачала дзейнічаць лакальная пошта, і мясцовыя паштовыя работнікі ставілі адмысловую пячатку на марках ужо неіснуючай дзяржавы.
У калекцыі «Скарынаўкі» сабраныя ўсе выпускі Цэнтральнай Рады УНР і так званыя выпускі Украінскай дзяржавы. Ёсць таксама выпускі Украінскай паўстанцкай пошты і выпускі Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі.
3. Пошта нямецкай і літоўскай адміністрацыі перыяду Першай сусветнай вайны
«Скарынаўка» мае ў сваіх зборах даволі цікавыя выпускі 1916–1919 гг., калі ў розных гарадах Беларусі дзейнічала нямецкая акупацыйная, альбо пасля стварэння незалежнай Літоўскай Рэспублікі літоўская адміністрацыя. Гэта адмысловыя наддрукоўкі на марках нямецкага Рэйху альбо на марках «царскай Расіі».
На марках надпіс у перакладзе з нямецкай «Вобласць галоўнакамандуючага Усходу» і розныя наміналы. Таксама гэта і тыя паштовыя маркі, якія, да прыкладу, выпускалі ў Гародні ў 1919 годзе, калі ў горадзе дзейнічала літоўскага адміністрацыя.
4. Пошта Сярэдняй Літвы
Сярэдняя Літва — гэта дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала на тэрыторыі Віленшчыны і Гарадзеншчыны ў 1920–1922 гадах. Сярэдняя Літва поўнасцю ці часткова ахоплівала Ашмянскі, Свянцянскі, Трокскі, Віленскі, Браслаўскі і Лідскі паветы; яна займала каля 10 тыс. км і налічвала 530 тыс. чал., 40% з якіх складалі беларусы.
Першыя маркі Сярэдняй Літвы выйшлі 20 кастрычніка 1920 г. і мелі выяву двух гербаў, «Белага арла» і «Пагоні». На марках 1920–1922 гг. можна ўбачыць выявы помнікаў гісторыі і архітэктуры Вільні (сярод якіх касцёл Св. Ганны і Вострая брама), выявы каралевы Ядвігі і Ягайлы, Тадэвуша Касцюшкі і Адама Міцкевіча.
У калекцыі «Скарынаўкі» пошта гэтай дзяржавы, пра якую я пісаў яшчэ ў 2012 годзе, прадстаўлена ўсімі выпускамі і маркамі.
Калекцыя змяшчае цікавыя экзэмпляры не толькі ў адзінкавых марках, але і ў вялікіх аркушах. Маркі гэтай дзяржавы ў калекцыі ёсць як у зубцовым, так і беззубцовым выглядзе.
5. Польская пошта перыяду 1918–1939 гадоў
Гэты перыяд прадстаўлены ў калекцыі «Скарынаўкі» паштовымі маркамі незалежнай Польскай дзяржавы з рознымі пячаткамі беларускіх гарадоў. У зборы «Скарынаўкі» ёсць Пінск, Ліда, Гародня і іншыя беларускія гарады.
У гэтай калекцыі таксама ёсць і бадай самая дарагая і рэдкая марка, якая выпускалася на гістарычнай тэрыторыі Беларусі.
Гэта маркі, што з’явіліся ў 1923 годзе ў вёсачцы Варвішкі (цяпер знаходзіцца ў Лаздзейскім раёне Аліцкага павета Літвы на рацэ Нёман), і ўяўляюць сабою наддрукоўку «Варвішкаўскі самаўрад» на польскіх марках 1920 года. Маркі, на жаль, з’явіліся ў канцы сакавіка 1923 года, калі ўжо было прынятае рашэнне Лігі Нацый пра падзел тэрыторыі.
Падрабязней пра маркі вёскі Варвішкі чытайце па спасылцы: Гісторыя пошты маленькай вёскі на памежжы трох краін
6. Савецкія паштовыя маркі, якія тычацца Беларусі
Паштовыя маркі Савецкага Саюза, на якіх можна пабачыць Купалу ці Коласа, звяроў з Белавежскай Пушчы, помнікі і будынкі Мінска 60-х — 70-х гадоў ХХ стагоддзя, прадстаўлены ў калекцыі «Скарынаўкі» ў вялікай колькасці.
7. Замежныя маркі, прысвечаныя беларускім гістарычным асобам
У калекцыі — паштовыя маркі Чылі і Злучаных Штатаў Амерыкі, выпускі з выявамі Дамейкі, Касцюшкі і іншых гістарычных асобаў, што нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Паштовыя маркі, выдадзеныя поштай Чылі да 150-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі
Аднак самая цікавая частка калекцыі «Скарынаўкі» — гэта пошта беларускай эміграцыі, якая патрабуе асобнага артыкула, бо менавіта ў Лондане з’яўляліся паштовыя маркі беларускай эміграцыі.
Андрэй Мялешка, budzma.org