У інтэрнэце шмат раздражняльнікаў, але самы галоўны з іх, напэўна, «капча». Шведская праваабарончая група Civil Rights Defenders прапанавала зрабіць з абавязковай (і часам складанай) працэдуры – праверку на чалавечнасць. Замест скажоных слоў, якія не можа распазнаць бот, але лёгка пазнае чалавек, гуманныя шведы прапанавалі задаваць пытанні аб парушэннях правоў чалавека і высвятляць, якія пачуцці ў вас пры гэты з’яўляюцца.
Калі паведамленне пра забойства праваабаронцы выклікае ў вас захапленне – адназначна, нічога чалавечага ў вас няма і на прыстойныя сайты вас не пусцяць. Іншы прыклад: «Аляксандр Лукашэнка змяніў беларускую канстытуцыю, каб заставацца прэзідэнтам да канца жыцця. Што б вы пры гэтым адчувалі?» На выбар прапануюцца тры варыянты адказу: «Задавальненне», «Упэўненасць у сабе» і «Мне не па сабе» – з іх правільным, на думку Civil Rights Defenders, з’яўляецца толькі адзін. Калі карыстальнік выбраў няправільны адказ, з’яўляецца паведамленне: «Вы адказалі няправільна. Паспрабуйце яшчэ раз праз пяць секунд».
У свеце штодня выкарыстоўваецца 200,000,000 «капчаў», і калі гэта прымусіць карыстальнікаў аб чымсьці падумаць, магчыма мы станем жыць у больш гуманным свеце. Любы жадаючы можа паставіць на свой сайт «чалавечную капчу» – усё неабходнае для гэтага знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце арганізацыі.
Іншая выдатная ініцыятыва з’яыілася ў арганізацыі NotFound.org. У сеціве ёсць досыць шмат старонак з паведамленнем пра памылку 404. Кожны раз, калі карыстальнік спрабуе перайсці па неіснуючай спасылцы і трапляе на старонку з паведамленнем пра памылку 404, ён будзе бачыць і аб’яву аб зніклым дзіцяці: фота, кароткую інфармацыю, дату знікнення і кантактны тэлефон. Ініцыятыва запрацавала ў бліжэйшыя дні ў Еўропе, а агрэгатарам і пастаўшчыком інфармацыі аб зніклых людзях выступіць сама арганізацыя NotFound.org. Уладальніку старонкі патрабуецца толькі ўбудаваць адпаведны код і спадзявацца, што менавіта яго памылковая спасылка дапаможа знайсці чалавека.
Паводле lookatme