Псіхолаг пра забарону мабільнікаў у школах: «Самае, бадай, далікатнае пытанне даверу: а што ж з гэтымі тэлефонамі робіцца, пакуль яны не ў нашых руках»

Яшчэ ў 2022-м у Беларусі забаранілі «некантраляванае выкарыстанне школьнікамі мабільных тэлефонаў на ўроках», зараз жа адміністрацыі шэрагу мінскіх школ рыхтуюць настаўнікаў да таго, што з чацвёртай чвэрці вучням будзе забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі нават на перапынках.


Zabarona na karystannie smartfonami

Абмежаванне ўжо тэстуецца з 1 снежня 2024 года ў сталічнай школе № 187. У вучняў забіраюць тэлефоны перад пачаткам заняткаў, аддаюць, калі тыя ўжо збіраюцца дахаты. Плануецца, што гэтая практыка будзе ўведзеная паўсюль з новага навучальнага года.

Пра мэтазгоднасць барацьбы са смартфонамі і магчымыя наступствы такой барацьбы Budzma.org пагаварыла з практыкуючым псіхолагам Верай Н.

«Тут, як заўжды ў псіхалогіі, адназначнага адказу няма, плюс гэта ці мінус, — зазначае псіхолаг. — Усё моцна залежыць ад таго, хто гэта будзе рабіць, як гэта будзе рабіць, як гэта будзе падавацца дзецям. Бо з аднаго пункту гледзішча, смартфон — гэта дафамін (дафамін — хімічнае рэчыва, якое выпрацоўвае наш мозг, калі мы прадчуваем задавальненне ці чакаем узнагароджання), і нават дарослым даволі цяжка з яго «выліпнуць», калі трэба справу зрабіць. У дзяцей жа гэтыя кіруючыя функцыі мозгу знаходзяцца яшчэ ў працэсе развіцця, і ім, каб вучыцца, «патрэбная дапамога ў гэтым месцы, у тым ліку нейкія абмежаванні».

Псіхолаг заўважае: «Пагадзіцеся, паўсюль, куды мы прыходзім, ёсць нейкія правілы паводзінаў, кшталту, мы ж не ходзім у купальніках усюды. Ці, напрыклад, чалавек хоча ў сваю хату пускаць людзей толькі ў беларускім нацыянальным строі — гэта яго права. Калі нам ягоныя правілы не падыходзяць, то што ж — проста можна да гэтага чалавека ў госці не хадзіць. А вось у школу не хадзіць не атрымаецца. Гэта выбар без выбару: нельга пайсці ў іншую школу, нельга не пайсці ў школу, калі гэта табе не падабаецца.

І самае, бадай, далікатнае пытанне, пытанне даверу: а што ж з гэтымі тэлефонамі робіцца, пакуль яны не ў нашых руках».

Сёння ў людзей вялікая частка жыцця праходзіць з гаджэтамі, а ў дзяцей і асабліва ў падлеткаў, можа, і больш ад сярэдняга значэння на чалавека.

Dzieci i mabiĺnyja teliefony

«Вось нейкая частка жыцця была, а ў мяне яе забралі прымусова — такое сабе, шчыра кажучы, — зазначае Вера Н. — Канечне, шмат залежыць ад таго, як гэта будзе пададзена. Калі б, напрыклад, было так: глядзіце, вось мой сейф, вось вы сюды кладзяце гэты тэлефон, вось я замыкаю на ключык, вось гэты ключык вісіць у мяне на шыі і вы ўвесь дзень бачыце, што ён вісіць, ніхто туды да вашага смартфона не лезе. І мы, настаўнікі, гэта робім, каб вам дапамагчы вучыцца, такія ў нас правілы: не бегаем, не крычым, не б’емся і заадно ў тэлефоны не глядзім. А калі трэба тэрмінова звязацца з роднымі на перапынку, напрыклад, то, калі ласка, усё будзе. Гэта ваша рэч, яна вам належыць, я яе часова захоўваю, выдаліўшы з навучальнага працэсу. Гэта адна справа».

І зусім іншая справа, калі ўсё гэта будзе суправаджацца даволі распаўсюджаным прымусовым: «вы такія-сякія, за вамі вока ды вока, кантроль і нагляд, забарона, забарона і яшчэ раз забарона з наступствамі за парушэнні», тады гэта можа быць і «даволі траўматычным перажываннем».

Слова «кантроль» у Беларусі мае сваю спецыфіку

Mabiĺnyja teliefony

На беларускіх прапагандысцкіх рэсурсах падчас нібыта дыскусій наконт абмежаванняў выкарыстання смартфонаў у школах гучала і заклапочанасць уплывам на дзіцячы розум «экстрэмізму», «дэструктыўных плыняў» і г.д.

«Гэта тое месца, дзе пачынаецца беларускі кантэкст, — зазначае псіхолаг. — Гэта пра тое, што бацькі павінны дзецям даводзіць, што мусіць быць у іх тэлефонах, а што мусіць не быць у іх тэлефонах, правяраць, кантраляваць. Сапраўды, тут ёсць гэты момант. Але як бацькі давяраюць дзяцей гэтым людзям у школах, то гіпатэтычна ў іх нібыта і няма іншага выхаду, толькі як давяраць і ў гэтым пытанні з кантролем за гаджэтамі».

«Зазначу, што ў Літве, дзе мы зараз жывём, маё дзіця таксама падпарадкоўваецца мясцовым абмежаванням у школах. У школе ўсе гаджэты забіраюць перад пачаткам заняткаў і кладуць у шуфлядку, пасля канца заняткаў аддаюць, тлумачаць, што гаджэты не павінны адцягваць увагу ад навучання. Ведаю, што ёсць такія абмежаванні ў Іспаніі, іншых еўрапейскіх краінах», — кажа Вера Н.

На думку псіхолага, выклікі з гаджэтамі стаяць перад шмат якімі краінамі — «гэта сучаснае жыццё, да якога класічная сістэма адукацыі проста яшчэ не адаптаваная, а беларуская ўвогуле мала мянялася». «Калі так глядзець, то гэтыя школы, дзе дзеці сядзяць за партамі 45 хвілін, гэтыя прадметы кожны асобна, гэтая сістэма ўвогуле не прыязная да дзяцей — не пасуе ні патрэбам дзяцей, ні патрэбам сучаснага жыцця. І пакуль не знойдзецца нейкі спосаб, як прыладзіць сістэму адукацыі да сучаснага жыцця з гаджэтамі, яно і будзе неяк так. Бо гаджэты ёсць, і вялікая частка жыцця зараз адбываецца анлайн. Мы з гэтым нічога не зможам зрабіць, толькі прыняць і прыстасавацца да яе. Сапраўды гэта агульная праблема», — лічыць спецыялістка.

«Зразумела, што калі мы чуем пра любыя абмежаванні ў Беларусі, то першае, што прыходзіць на думку, улічваючы бэкграўнд, ну вось, дзяржава дабралася і сюды. І падстаў хапае думаць у гэтым кірунку. Бо незразумела, як гэта будзе рэалізавана ў Беларусі.

Калі мы часткова захоўваем вашыя тэлефоны, каб вы маглі вучыцца, — гэта адна гісторыя. Другая гісторыя, калі мы праз гэтыя тэлефоны кантралюем вас і вашых бацькоў. Вялікі Брат назірае і ўсё такое», — дадае псіхолаг.

Вера Н. не выключае таксама, што пазбаўленне чалавека на даволі працяглы час гаджэта можа выклікаць шмат непрыемнага для яго, калі справа дайшла да залежнасці ад прылады. «Такое магчыма, канечне. Тут ужо пытанне не ў тым, што ў чалавека забіраюць тэлефон, а ў тым, што ў яго ёсць у жыцці апроч тэлефона, — заўважае яна. — Я, як спецыялістка па працы з залежнасцямі, магу сказаць: калі ў чалавека забіраюць аб’ект залежнасці, трэба яму даць штосьці іншае.

Maliunak Andrusia TakindanhaВялікая праблема сучаснасці — залежнасць ад гаджэтаў. Малюнак Андруся Такінданга

Нельга проста так забраць у чалавека тое, на чым будуецца ягонае жыццё. Трэба пабудаваць побач нейкую сістэму падтрымкі, нейкую замяшчальную канструкцыю, на якую можна абапірацца, і тады паціху выводзіць аб’ект залежнасці з ужывання. Гэта ўжо не пра школу, не пра забарону ў школе, а пра тое, што ў дзіцяці ёсць за межамі школы.

Ці ёсць у яго стасункі, якія яго задавальняюць, ці ёсць сябры, каханне, можа, секцыі, нейкія інтарэсы апроч гаджэтаў, і што ў яго ў сям’і робіцца? Бо залежнасці ўзнікаюць праз нейкі траўматычны досвед. Насамрэч, гэта даволі вялікая праблема і ёй даволі цяжка даваць рады, бо сучаснае жыццё вельмі залежыць ад гаджэтаў. Рэчыва, калі гэта нейкая хімічная залежнасць, з жыцця дастаць можна, а гаджэты — не».

Рыгор Сапежынскі, budzma.org

Ілюстрацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніц, апроч пазначанай