У Мінску паказваюць знакамітыя «касмічныя серыі» Язэпа Драздовіча. Некаторыя з работ выстаўляюцца ўпершыню

10.10.2023 Мастацтва

Выстава «Космас Язэпа Драздовіча» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Экспазіцыя, прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння беларускага Леанарда, будзе працаваць да 16 кастрычніка, і вось чаму на яе варта схадзіць.


Язэп Драздовіч — адна з найбольш загадкавых персон беларускай культуры і мастацтва. Таленавіты мастак, але яшчэ і выдатны скульптар, самабытны пісьменнік і паэт, настаўнік, этнограф, фалькларыст, філосаф, хірамант, археолаг, астраном. Маштаб яго асобы быў надзвычайным! 

Drazdowicz-3.jpg
Язэп Драздовіч, Сустрэча вясны на Сатурне. 1932

Ці не самай эксцэнтрычнай стыхіяй мастака стаў космас. Драздовіч вывучаў астраномію і нават выдаў папулярную кнігу ўласных разваг пра касмічную прастору «Нябесныя бегі» на беларускай мове.

Drazdowicz-Artopolis.jpg
Язэп Драздовіч, Артополіс. Горад палацаў (Artapolis). 1934–1935

Да дня нараджэння майстра, які з'явіўся на свет 13 кастрычніка, у Нацыянальным мастацкім музеі будзе працаваць выстава «Космас Язэпа Драздовіча». На ёй сабралі творы з калекцыі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.

На экспазіцыі можна ўбачыць карціны, якія з’яўляюцца часткай знакамітых “касмічных серый” Драздовіча, а таксама работы, дзе мастак праявіў свой талент партрэтыста. Усяго на выставе экспануецца восем жывапісных твораў, а таксама два барэльефы. Частку з іх глядач адкрые для сябе ўпершыню. 

Drazdowicz-palatno.jpg
Язэп Драздовіч, Астран-абсерваторыя з квадрантам на кольцы Сатурна, 1923

Drazdowicz-autapartret.jpg
Язэп Драздовіч, Аўтапартрэт, 1943

Варта звярнуць увагу і на тое, што ў межах падзеі 11 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім пройдзе круглы стол, на якім навукоўцы і даследчыкі прачытаюць свае даклады, прысвечаныя маштабнай фігуры мастака. 

Чытайце яшчэ: Язэп Драздовіч. Да Космасу праз «магнетыстычныя сны» у беларускіх вёсках