Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў... І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.
Крыніца: kartinkin.net
Народны каляндар беларусаў, багаты і цікавы — прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж, наш каляндар мае свае асаблівасці: амаль усё мы святкуем двойчы — па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі — з прыкладнай розніцай у 2 тыдні.
Першы тыдзень кастрычніка ў некаторых рэгіёнах Беларусі называлі жалезным. У гэты час клапаціліся пра жалезныя прылады працы: чысцілі іх ад іржы, змазвалі, вастрылі. Верылі, што цэлы год жалезныя рэчы, «ушанаваныя» на гэтым тыдні, не паламаюцца і не заржавеюць.
2 кастрычніка — дзень пакутніка Зосімы, які лічыўся захавальнікам пчол («Пчаліны Бог»). Час, калі вуллі заносілі на зімоўку. Моладзь у гэты вечар ладзіла «Трафімаўскія вячоркі» — хлопцы запрашалі дзяўчат на гарбату, частавалі мёдам, абіралі нявесту. Лічылася, што св. Трафім дапаможа знайсці сваё шчасце нават «засідзеўшымся» — «На Трафіма шчасце не праходзіць міма». Падаецца, і на сёння гэта цудоўная нагода сустрэцца з блізкімі на сяброўскай вячэры.
Крыніца: web-zoopark.ru
7–14 кастрычніка — тыдзень Бабіна лета. Традыцыя варажыць на «шчаслівую» бабулю вядомая на Мядзельшчыне. Даведацца, у якой бабці-пупарэзніцы (павітухі) у гэтым годзе будзе самая «лёгкая» рука, можна было наступным чынам. Кожны дзень тыдня «аддавалі» той ці іншай бабулі і глядзелі, якое надвор’е будзе ў гэты дзень. Калі сонечна і цёпла, то роды, якія будзе прымаць «прызначаная» бабуля, пройдуць лёгка. Калі ж надвор’е пахмурнае, з ветрам ці дажджом, лепш не звяртацца па дапамогу да «гаспадыні» гэтага дня.
8 кастрычніка — сёлета на гэты дзень выпадаюць Пакроўцы (Дзяды напярэдадні Пакравоў) на Магілёўшчыне. Дзень быў прысвечаны ўшанаванню продкаў. Прыбіралі чыста ў хаце, гатавалі памінальную вячэру, збіраліся разам са сваякамі, прыгадвалі продкаў.
9 (па старым стылі) кастрычніка — Шаптун Пакроўны (Журавіннік). Гэты дзень — мяжа ўсім шчыраванням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае благаславенне на спакой да самае вясны. А свахі і жаніхі пачыналі «таемныя» шаптанні-дамовы, каб зладзіць вяселле.
14 кастрычніка — Пакровы (Пакроў, Трэцяя Прачыстая). У народным календары гэта межавая дата: заканчэнне восеньскіх клопатаў (збор ураджаю) і перамяшчэнне гаспадарскіх шчыраванняў з прыроднай лакацыі (поле, лес і г. д.) у абмежаваную (падворак, хата).
Назва тлумачылася па-рознаму: у хрысціянскай традыцыі — ад пакрывала (амафор) Дзевы Марыі, якім яна пакрывала вернікаў і малілася за іх выратаванне. Народныя тлумачэнні: зямля гатовая пакрыцца снегам, вада — лёдам. Таксама пачыналася вясельная пара (Вялікая Вясельніца) — дзяўчат-нявест пакрывалі шлюбным чэпкам.
Крныіца: natal.by
Нейкіх адметных святочных рытуалаў, характэрных для ўсёй Беларусі, даследчыкі не вылучаюць. Як і на іншыя святы: пяклі пірагі, наведвалі царкву, ездзілі на кірмаш. У некаторых рэгіёнах рабілі абыход падворка і гаспадарчых пабудоў, прыкладваючы пакроўні пірог да кожнай страхі — каб іх не разбурыла непагадзь.
З гэтага ж дня і па 21 кастрычніка на Мядзельшчыне адзначалася Дзявочае лета. Як і ў Бабіна, тут варажылі — «раздавалі» дні тыдня дзяўчынкам, якія былі прыняты сёлета «ў дзеўкі». Па тым, якое надвор’е выпадзе на той ці іншы дзень, меркавалі пра характар будучай маладухі.
28 кастрычніка — свята ў гонар Мокашы альбо Параскевы-Пятніцы. У адрозненне ад іншых святых, прататыпам Параскевы-Пятніцы з’яўляецца не рэальны чалавек, а выключны дзень у гісторыі чалавецтва. Ушаноўвалася Параскева-Мокаш як апякунка ўрадлівасці зямлі і шчаслівых шлюбаў. Уся абраднасць гэтага дня датычылася жанчын (напрыклад, ім забаранялася мыцца ў гэты дзень).
Свята прыпадае на самы пік Вялікай Вясельніцы — дзяўчаты на Параскеву прасілі сабе добрага суджанага ды шчаслівай долі з ім. Культ гэтай міфічнай асобы вельмі пашыраны сярод беларусаў і цесна звязаны з культам вады. Існуе шмат паданняў, што нерукатворныя іконы Параскевы-Пятніцы часта знаходзяць каля ручаін і крыніц. Вада ў іх пасля з’яўлення іконы набывае цудадзейныя ўласцівасці.
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфіі Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн.: 2022)
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org