Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе запрашае валанцёраў далучыцца да даследчых прац — абследаванне канструкцыі кляштара, сцен і падмуркаў алтарнай часткі касцёла Адведзення НПМ 1643 года. Даследчыя працы пройдуць 22 і 23 красавіка.
«Гэта неабходны крок, каб адкрыць перспектывы для далейшых археалагічных і гістарычных даследаванняў. Калі вам блізкая гісторыя, спадчына і справа захавання Будслава — далучайцеся!», — адзначаюць даследчыкі.
З сабой трэба ўзяць толькі рыдлёўку — усім астатнім валанцёры будуць забяспечаныя.
Нагадаем, 11 мая 2021 года ў будынку касцёла ўзнік моцны пажар. Агонь знішчыў дах, пашкодзіў скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. Унутры касцёла быў пашкоджаны алтар, жывапіс і арган. Кіраўніцтва Каталіцкай царквы ў Беларусі неадкладна звярнулася па фінансавую дапамогу да людзей.
Беларусы хутка адгукнуліся і сабралі сродкі на аднаўленне храма.
Рамонтныя працы пачаліся амаль адразу, аднаўляўся дах, умацоўваліся і аднаўляліся купал і алтарная частка.
Падтрымаць Будслаўскі касцёл можна па спасылцы.