Хто прыдумаў азначэнне «трыадзіны народ», ці ўзраслі рызыкі паглынання Расіяй, чаму нам неабходна захаваць беларускую мову і ці пасуе Беларусі досвед Аўстрыі і Швейцарыі? Госцем новага выпуску на канале Жыццё-маліна стаў гісторык, этнолаг і культурны антраполаг Павел Церашковіч, які паразважаў пра важныя аспекты мінуўшчыны Беларусі і нашы агульныя перспектывы. «Салідарнасць» выбрала найбольш цікавыя моманты з вялікай гутаркі.
Павел Церашковіч. Скрыншот з відэа
— «Трыадзіны народ», калі не памыляюся, выдумалі ў Магілянскай акадэміі, у Кіеве, яшчэ ў 17 стагоддзі, — згадвае прафесар, адкуль растуць ногі наратыву, які ўзяла на ўзбраенне і Расійская імперыя, і яе наступнікі. — Але росвкіт — гэта менавіта 19 стагоддзе, калі нас «аб’ядноўвалі». Там усё было зразумела: калі б адкінулі ўкраінцаў і беларусаў, то рускія апынуліся б у меншасці ў імперыі. Вось гэта спрацавала.
Нашмат пазней, у савецкі час, гэтую ідэю паспрабавалі абсалютызаваць, працягвае Павел Церашковіч:
— У пасляваенны час быў такі археолаг Рыбакоў, вельмі славуты, беспартыйны, і ён не мог абараніць доктарскую дысертацыю, пакуль не стаў сябрам КПСС. А тады рыхтавалі з вялікай помпай юбілей Пераяслаўскай Рады як нібыта ўз’яднанні Расіі і Украіны. І вось ён выдае канцэпцыю «старажытнарускай народнасці» — нібыта ў той дзяржаве быў адзіны народ, з адзінай мовай, свядомасцю і гэтак далей.
А потым адбылася дзіўная рэч, што гэты прапанаваны Рыбаковым тэрмін быў замацаваны ў тэзісах ЦК КПСС.
Пры тым дзесяцігоддзямі цягнулася дыскусія, што такое народнасць, а што такое нацыя, і як яны паміж сабой адрозніваюцца... На самой справе ўсё гэта выдумкі. У тыя часы ўсё працавала інакш.
Ідэнтычнасць — або сваяцкая, або тутэйшая, па-іншаму быць не магло. Не было там нейкай адзінай народнасці, была супольнасць тых, хто меў палітычную ўладу — а яны былі звязаныя сваяцкімі сувязямі. І гэта ўсё бачна па перапісах, усё адлюстравана: хто каму сваяк.
Летась Павел Церашковіч прачытаў у Вільні адкрытую лекцыю пра «рускі свет», — яго гісторык называе «заблюранай ідэалогіяй».
— Чаму? Бо мы прызвычаіліся, што ідэалогія — гэта штосьці выразнае, як маніфест Камуністычнай партыі, ці «Майн Кампф». У дадзеным выпадку гэтага няма. Няма і канцэптуальнай цэласнасці, якую мусіць мець ідэалогія, быць правай, левай, ліберальнай і г.д. Тут жа адначасова — дасавецкае, савецкае, постсавецкае і антысавецкае ў адным флаконе, як такое асарці.
«Рускі свет» у выпадку яго перамогі — гэта свет, у якім дамінуе Расія. І не проста дамінуе, а кіруе, Расіі падначалена ўсё. Штосьці ўваходзіць у Еўразійскую імперыю, штосьці не, але рускія складаюць у гэтай імперыі цэнтральную нацыю. Выхоўваецца яна на прынцыпах нацыянальнай выключнасці, а галоўны вораг, як гэта прапісана ў ідэолага «рускага свету» Дугіна — атлантызм, англасаксы і іншыя, хто «навязвае свету індывідуалізм».
Галоўнымі правайдэрамі «рускага свету» ў Беларусі, на думку навукоўцы, выступаюць Наталля Качанава, з чыёй падачы былі зменены ўсе беларускаарыентаваныя кіраўнікі ВНУ, Свята-Елісавецінскі манастыр з ягонай непрыкрытай прапагандай, а таксама ГУБАЗіК.
А вось Лукашэнка «ўсё ж мае адчуванне, што ёсць пэўная чырвоная мяжа, якую пераходзіць для яго небяспечна».
Агулам ідэалогія «рускага свету», дадае гісторык, у Беларусі прыжываецца дрэнна — тыя «каштоўнасці» беларусам проста не падыходзяць. Да прыкладу, у беларусаў няма месіянскай ідэі альбо ўнутранай варожасці да Захаду.
— І сацыялагічныя даследаванні сведчаць: не працуе гэта, беларусы супрацьстаяць пуцінскай прапагандзе, — зазначае Павел Церашковіч.
Калі ўзяць канкрэтна, чаго хоча «рускі свет» у Беларусі — гэта каб Беларусі не было, а было шэсць губерняў Расіі. І хто гэта падтрымлівае? Максімум, 4% насельніцтва. Хоць ёсць шмат прыхільнікаў «трыадзінага народу», тых, хто лічыць, нібыта мы нічым не адрозніваемся — і гэта самае небяспечнае.
Але іншыя пастулаты рускамірнасці «не пракатваюць». Бо гэта імперская, гіпернацыяналістычная ідэалогія — нам нічога такога не трэба.
У нас ужо ёсць свая нацыянальная ідэя, святы ёсць, помнікі, падручнікі па гісторыі. Нам патрэбная беларуская мара. Трэба яе сфармуляваць. Гэта — жыць па-людску. Па справядлівасці.
Стан беларускай мовы — адна з найвялікшых праблем для нас. Бо мы ва Усходняй Еўропе, тут усё дакладна: ёсць мова, ёсць дзяржава, ёсць нацыя. А калі гэтага няма, узнікае пытанне, а хто вы такія, чаму не размаўляеце на сваёй мове?
Калі пачынаеш параўноўваць з іншымі краінамі — адказваюць: глядзіце, вось жа ёсць Аўстрыя. Але там зусім іншая гісторыя. Аўстрыя была імперскай краінай, а не падначаленай часткай імперыі, як Беларусь. Прыводзяць у прыклад Швейцарыю — але ж яна ад пачатку была федэратыўнай краінай, як і Бельгія.
Ці ўзяць Ірландыю, — у нас няма выспы, як у ірландцаў... Мова — тое галоўнае, што робіць нас адрознымі. У 32 з 44 еўрапейскіх краін менавіта так: ёсць краіна, адпаведна ёсць свая мова.
На што я звярнуў увагу — што ўсё больш у Беларусі адзначаюць дзень роднай мовы, дыктоўкі пішуць і ўсё такое.
Летась з’явілася сацыялагічнае даследаванне, зробленае рэспубліканскім Інстытутам адукацыі — там сцвярджаецца, што сярод школьнікаў да 90% лічаць беларускую мову роднай, многія размаўляюць па-беларуску. І галоўная выснова была: школьнікі лічаць, што размаўляць па-беларуску — гэта паказчык інтэлігентнасці.
Што сёння рабіць беларусам, якія не могуць ці не хочуць з’ехаць і хочуць проста спакойна жыць?
— Спакойна — не атрымаецца, — мяркуе Павел Церашковіч. — Перадусім, беражыце сябе. Адукоўвайцеся. У любой краіне, з самым лютым, чалавеканенавісным рэжымам, вы здолееце на 80% самаадукоўвацца. Усё адно ёсць бібліятэкі, ёсць інтэрнет, і нават без VPN можна знайсці безліч таго, што дазволіць развівацца.