Лаканічны, прыгожы, натхняльны бела-чырвона-белы сцяг распрацаваў Клаўдзій Дуж-Душэўскі ў пачатку ХХ стагоддзя. А ці задумваліся вы, хто можа стаяць за стварэннем некаторых вядомых і цікавых сцягоў? Мы даследавалі пытанне і дзелімся з вамі.
Сучасны сцяг Чэшскай Рэспублікі. Фота: mprnews.org
Напрыканцы Першай сусветнай вайны велізарная Аўстра-Венгерская імперыя, некалі магутная, як бык, ляжала ў руінах. 28 кастрычніка 1918 года чэшскі і славацкі народы адмовіліся ад імперскага панавання і абвесцілі аб незалежнасці новай рэспублікі.
Аднак нараджэнне любой новай дзяржавы патрабуе не толькі дэкларацыі. Каб аб’яднаць разнастайныя землі Багеміі, Маравіі, Славаччыны і Карпацкай Русі, кіраўнікам Чэхаславаччыны быў патрэбны бачны сімвал.
Спачатку быў прапанаваны дастаткова просты дызайн з дзвюма палосамі, белай і чырвонай. Але гэта выклікала б скандал, праблемы і складанасці. Нядаўна адноўленая Польшча мела практычна ідэнтычны сцяг. Блытаніна на сусветнай арэне была б непазбежнай. Патрэбна было нешта свежае, штосьці адназначна «чэхаславацкае».
Для гэтай мэты не быў абраны адказны, узоры вырашылі стварыць шэраг асобаў. Але толькі адзін з іх увайшоў у гісторыю — архівіст і эксперт па геральдыцы, які працаваў у Міністэрстве ўнутраных справаў Чэхаславаччыны — Яраслаў Курса. Яго місія: вывучыць багацце багемскіх, мараўскіх і славацкіх сімвалаў і аб’яднаць іх у дызайн, які б сапраўды належаў гэтай новай рэспубліцы.
Праект Яраслава Курса. Фота: Lidové noviny
Для яго колеры казалі пра многае: белы і чырвоны былі спрадвечнымі тонамі Багеміі, у той час як Славаччына захоўвала традыцыі, звязаныя з белым, сінім і чырвоным, якія часта асацыяваліся і з іншымі славянскімі народамі. Курса прыдумаў рашэнне.
Дзве гарызантальныя паласы — белая зверху і чырвоная знізу — прадстаўлялі гістарычную Багемію і Маравію. Тым не менш, каб упісаць славацкую частку дзяржавы і стварыць сцяг, які абсалютна ніхто не зблытае з суседняй краінай, Курса ўставіў яркі сіні трохкутнік ля вяршыні сцяга. Гэты трохкутнік працягваўся ў сярэдзіне сцяга, утвараючы тоўсты клін, які кідаўся ў вочы.
Яраслаў Курса. Архіўнае фота
Вядома, проста прыдумаць дызайн было недастаткова. Новы парламент павінен быў зацвердзіць яго. У сакавіку 1920 года заканадаўцы абмяркоўвалі не толькі сцяг Курса, але і іншыя прапановы. Аднак менавіта эскіз Яраслава Курса быў замацаваны законам ад 30 сакавіка 1920 года ў якасці дзяржаўнага сцяга Чэхаславаччыны.
Чэхія і Славаччына дамовіліся мірна разысціся 1 студзеня 1993 года. Паўстала пытанне: каму дастанецца адметны чэхаславацкі сцяг? Славаччына вырашыла выкарыстоўваць новы дызайн, уключыўшы старажытную эмблему ў выглядзе трох гор і падвойнага крыжа. Чэхія ж працягнула выкарыстоўваць сцяг, у якім на фоне белай і чырвонай палосаў клінам уваходзіць сіні трохкутнік.
Сцяг Канады. Фота: Pexels.com
Знаёмы ўсім «кляновы ліст» не заўжды быў дзяржаўным сцягам Канады. Каб зразумець, чаму новы сцяг стаў неабходным, нам трэба вярнуцца ў канец 1950-х і пачатак 1960-х гадоў. На працягу амаль стагоддзя фактычным нацыянальным сімвалам краіны быў сцяг, на якім быў брытанскі «Юніён Джэк» у левым верхнім куце і канадскі герб на чырвоным полі.
Шматлікія канадцы ставіліся да гэтага сцяга з любоўю, іншыя сцвярджалі, што ён занадта ўкараніўся ў каланіяльнай брытанскай традыцыі. Было вырашана шукаць выразна канадскую эмблему — такую, якая не абапіралася б так моцна на брытанскую сімволіку і адлюстроўвала б моўную дваістасць краіны.
Лэстэр Пірсан, які стаў прэм’ер-міністрам у 1963 годзе, з запалам узяўся за гэтую справу. Пірсан быў дыпламатам і дзяржаўным дзеячам. Ён атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў 1957 годзе за сваю ролю ў разраджэнні Суэцкага крызісу. Ён бачыў, наколькі істотныя выразныя нацыянальныя сімвалы. Калі канадцы хацелі ўпэўнена стаяць на глабальнай арэне — асобна ад ценю Вялікай Брытаніі ці любой іншай вялікай дзяржавы — ім патрэбны быў зусім новы сцяг.
Праект Джорджа Стэнлі ў лісце да Джона Мэцісана. Фота: University of Alberta Libraries
У пачатку 1964 года Джордж Стэнлі падзяліўся сваімі дызайнерскімі ідэямі з Джонам Мэцісанам, сябрам парламента, прызначаным у камітэт, якому было даручана стварыць новы нацыянальны сцяг. Стэнлі быў дэканам мастацтваў у Каралеўскім ваенным каледжы Канады.
Ідэя Стэнлі была простай: адзін кляновы ліст у цэнтры паміж дзвюма чырвонымі палосамі. Нічога іншага — ні гербаў, ні «Юніён Джэка», ні бабра, ні кветак ліліі — элементаў, што былі распаўсюджанымі ў шэрагу іншых эскізаў.
Прэм’ер-міністр Пірсан сутыкнуўся з апазіцыяй не толькі з боку некаторых слаёў грамадства, але і з боку свайго галоўнага палітычнага суперніка, былога прэм’ер-міністра Джона Дыфенбейкера. Той, выступаючы ад імя шматлікіх канадцаў, якія шанавалі канадскі чырвоны сцяг і сувязь краіны з Вялікай Брытаніяй, рашуча выступаў за дызайн, які захаваў бы большую частку брытанскай спадчыны Канады — калі не сам «Юніён Джэк», дык, прынамсі, відавочную адсылку ў бок манархіі.
Гэта быў час «баёў» на старонках прэсы, у залі парламента, у барах. Пасля некалькіх тыдняў гарачых дыскусій і начных сесій трохліставы «Вымпел Пірсана» (яшчэ адна прапанова, якая ўключала тры злучаныя кляновыя лісты на белым полі з сінімі палосамі) быў адкінуты на карысць адзінага, стылізаванага чырвонага кляновага ліста Джорджа Стэнлі, абрамленага чырвонымі палосамі з правага і левага бакоў.
Джордж Стэнлі. Фота: University of Alberta Libraries
Стэнлі для свайго дызайну выбраў просты кляновы ліст з адзінаццаццю канцамі, які на адлегласці выглядаў бы выразным і сіметрычным. Белае поле стварала ідэальны кантраст, а чырвоныя палосы на абодвух канцах паказвалі афіцыйныя колеры краіны, якія ўзыходзяць да таго, як у 1921 годзе брытанскі кароль Георг V абвесціў, што чырвоны і белы з’яўляюцца нацыянальнымі адценнямі Канады.
15 лютага 1965 года пад гучныя воплескі (і некалькі працяглых бурчанняў) кляновы ліст быў упершыню ўзняты ў якасці дзяржаўнага сцяга.
Сцяг Венесуэлы. Фота: Los Angeles Times
У пачатку ХІХ стагоддзя панаванне Гішпаніі над велізарнымі тэрыторыямі Паўднёвай Амерыкі скончылася. Той, каму наканавана было стварыць нацыянальны сцяг — Францыска дэ Міранда — нарадзіўся ў Каракасе ў 1750 годзе. У маладосці ён не абмяжоўваўся толькі венесуэльскімі справамі. Ён шмат падарожнічаў, служыў у гішпанскай арміі, быў сведкам амерыканскай барацьбы за незалежнасць, а пазней стаў удзельнікам Французскай рэвалюцыі.
У 1806 годзе Міранда ўжо спрабаваў узняць сцяг, які нагадваў яго трыкалор, падчас няўдалай экспедыцыі, мэтай якой было вызваленне венесуэльскіх берагоў ад гішпанскага панавання.
5 ліпеня 1811 года Венесуэла афіцыйна абвесціла сваю незалежнасць ад Гішпаніі. Праз некалькі дзён Міранда пераканаў лідараў рэспублікі прыняць яго дызайн у якасці нацыянальнага сцяга. У тым жа годзе выйшаў афіцыйны ўказ, які замацаваў жоўта-сіне-чырвоныя палосы ў якасці дзяржаўнага сімвала.
Прыём Францыска дэ Міранды ў Ла Гуайра. Мастак: Ёган Морыц Ругендас, пачатак ХІХ ст.
За два стагоддзі назапасілася багата тлумачэнняў, чаму Францыска дэ Міранда абраў такія колеры, але асноўныя наступныя: палосы сімвалізавалі індзейцаў, неграў і мулатаў, што жылі на той зямлі. Але больш афіцыйным лічыцца больш абгрунтаваны варыянт:
Жоўты колер сімвалізуе багацце зямлі — залатыя рэсурсы, урадлівую глебу Амерыканскага кантынента. Некаторыя таксама разглядаюць гэта як святло незалежнасці, якое асвятляе нацыю, калісьці кінутую ў цемру каланіяльнага панавання.
Сіні азначае акіян, які аддзяляе Венесуэлу ад Гішпаніі. Гэта была метафара адлегласці, якую краіна імкнулася змясціць паміж сабой і старой імперыяй.
Чырвоны звязаны з крывёю, пралітай патрыётамі ў барацьбе за вызваленне Венесуэлы. Гэта напамін пра тое, што свабода не прыходзіць без ахвяраў.
Колькасць зорак, змешчаных на цэнтральнай сіняй паласе, адпавядала колькасці гістарычных рэгіёнаў Венесуэлы. Адпачатку іх было 7, і толькі напачатку ХХІ стагоддзя папярэдні дыктатар Уга Чавес сваім рашэннем дадаў на сцяг яшчэ адну — у гонар Сымона Балівара. Хаця некаторыя кажуць, гэта нахабная прэтэнзія на суседні рэгіён іншай дзяржавы — Гаяны.
Хаця Францыска дэ Міранда не дажыў да канчатковага вызвалення Венесуэлы ў 1821 годзе, яго сцяг перажыў свайго стваральніка і лунае дагэтуль. А калі Сымон Балівар узначаліў рух, які забяспечыў свабоду не толькі Венесуэлы, але і суседніх Калумбіі і Эквадора, і спраўдзілася мара пра «Вялікую Калумбію» — краіну, якая аб’яднала гэтыя рэгіёны, новая дзяржава прыняла трохкаляровы сцяг Міранды.
На працягу наступных дзесяцігоддзяў, калі з гэтага хаўруса вылучыліся новыя дзяржавы, кожная з іх захавала варыяцыі жоўта-сіне-чырвоных палосаў.
Павал Хадзінскі, budzma.org