Гэта адбылося па чарговым даносе так званай інфаказачкі, прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай. Цяпер яна патрабуе разабрацца з Тадэвушам Касцюшкам.
Кастусь Каліноўскі
Адыёзная камуністка дзякуе Гродзенскаму гарвыканкаму за тое, што прыбралі «польскага тэрарыста» і «мярзотнага масавага забойцу праваслаўнага насельніцтва Беларусі» з ліку знакавых для горада асобаў.
Бондарава таксама бярэ на сябе адказнасць за знікненне 20 ліпеня мемарыяльнага знаку ў гонар паўстанцаў 1863-64 гадоў на чыгуначным вакзале Гродна. Улады замянілі яго на шыльду ў гонар камуністаў-падпольшчыкаў.
Але Бондарава незадаволеная пільнасцю дзяржаўных чыноўнікаў, якія «прыбралі аднаго тэрарыста», але «пакідаюць другога». Аказваецца, гэта яна пра Тадэвуша Касцюшку, які ў простых беларускіх сялян, паводле як фантазій, «забраў надзею на адраджэнне нацыянальнай культуры, рэлігіі і правоў». «Прашу адміністрацыю Гродна прыбраць ворагаў дзяржавы з ліку герояў горада, а таксама помнікі ім», — піша прарасійская актывістка ў сваім тэлеграм-канале.
Тадэвуш Касцюшка ў Гродне ўганараваны двойчы ў Кафедральным касцёле Святога Францыска Ксаверыя. Першая шыльда з надпісам па-польску ўсталяваная на сцяне касцёла яшчэ ў 1917 годзе да стагоддзя са дня смерці нацыянальнага героя.
Шыльда ў гонар Тадэвуша Касцюшкі ў касцёле Святога Францыска Ксаверыя. Фота: сайт Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна
Другая шыльда з’явілася ў касцёле 15 снежня 2017 года. На ёй тры надпісы на беларускай, польскай і англійскай мовах: «1817–2017. Тадэвушу Касцюшку — удзячныя нашчадкі».
Шыльда 2017 года ў гонар Тадэвуша Касцюшкі ў касцёле Святога Францыска Ксаверыя. Фота: сайт Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна
Чытайце яшчэ:Чаму варта шанаваць Каліноўскага? Разбураем міфы, створаныя прапагандай
budzma.org