Міна запаволенага дзеяння: як рагачоўская хата Караткевіча стала полем ідэалагічнай бітвы

Відэа пра занядбаны дом Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове, якое атрымала розгалас у сацсетках, выклікала хваравітую рэакцыю дзяржаўных СМІ. Замест таго, каб прыслухацца да меркавання людзей, дзяржаўныя прапагандысты пішуць абразлівыя агіткі і шукаюць ворагаў. Чаму шчырая турбота пра культурную спадчыну ўласнай краіны сёння прыраўноўваецца да «антыдзяржаўнай хвалі», і каму насамрэч гэта выгадна, піша гісторык Алесь Крыжэвіч.

Рагачоўскі космас у запусценні 

Нядаўна ў сацыяльнай сетцы Instagram з’явілася відэа, дзе беларуска паказала рэальны стан драўлянага дома ў Рагачове, у якім часта бываў і працаваў Уладзімір Караткевіч. Гэтая хата, пабудаваная яшчэ ў дарэвалюцыйны час дзедам пісьменніка Васілём Грынкевічам, сёння стаіць закінутай.

Dom, dzie žyŭ Uladzimir Karatkievič u Rahačovie
Дом, дзе жыў Уладзімір Караткевіч у Рагачове. Крыніца: planetabelarus.by 

Раней гэтым домам валодаў дзядзька Уладзіміра Караткевіча. Пісьменнік неаднаразова бываў у яго ў гасцях і ствараў тут некаторыя свае творы. Караткевіч прызнаваўся, што нідзе яму так добра не пісалася, як у Рагачове.

Менавіта тут творца задумаў свае знакавыя творы: «Ладдзю Роспачы», «Сівую легенду», «Віно дажджоў». Тут былі часткова напісаны легендарныя раманы «Каласы пад сярпом тваім» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». У інтэр’ерах дома дагэтуль захаваліся шпалеры тых часоў і любімая кушэтка Караткевіча. 

Мясцовыя жыхары і ўраджэнцы Рагачова ўжо не першы год мараць адкрыць тут музей, аднак размовы застаюцца толькі размовамі. А дом тым часам пакрысе разбураецца. 

Калі ў гнілым плоце бачыцца «дыверсія»

Здавалася б, мясцовым уладам варта было проста прызнаць праблему і нарэшце пачаць крокі па стварэнні абяцанага музея. Але замест гэтага ў бой уступіла прапаганда абласнога ўзроўню. 

Карэспандэнтка дзяржаўнага выдання «Гомельская праўда» Ірына Палубец разрадзілася выкрывальным артыкулам у найлепшых традыцыях савецкіх агітак. У звычайнай гісторыі пра безгаспадарлівасць і пагардлівае стаўленне да спадчыны журналістка Палубец угледзела «политический душок» і ідэалагічную дыверсію. Палубец заявіла, што «имя Короткевича здесь лишь инструмент в чьих-то грязных руках, дубина в политических драках», а стваральніцу відэа абвінаваціла ў тым, што тая яго зняла адмыслова, каб «запусціць антыдзяржаўную хвалю» і спекуляваць на імені класіка. Больш за тое, яна задалася пытаннем, каму выгадная гэтая «свістапляска», і прыйшла да кароннай высновы: тым, хто не зацікаўлены ў моцнай і суверэннай Беларусі. 

У сваю чаргу, абурэнне людзей непавагай чыноўнікаў да нацыянальнай культуры і гісторыі ў каментарах пад відэа праўладная публіцыстка кваліфікавала як «русафобію», «святатацтва» і неабгрунтаваныя нападкі на дзяржаву. 

Dom, dzie žyŭ Uladzimir Karatkievič u RahačovieЦяперашні стан дома, у якім ствараў Караткевіч. Скрыншот відэа з сацсетак

Калі карыстацца такой логікай, то ўзнікае сустрэчнае пытанне: а як тады расцаніць тое, што знакаміты гістарычны раман «Каласы пад сярпом тваім» выкінулі са школьнай праграмы? Можа, гэта і ёсць спланаваная акцыя па паступовым знішчэнні памяці пра бацьку гістарычнага дэтэктыва Караткевіча? 

Вось і атрымліваецца, што з кожнага тэлевізара гучаць словы пра патрыятызм і захаванне гістарычнай памяці, а ў рэальнасці тое, што мусіць захоўвацца, дзяржава ігнаруе, а спробу падняць аб гэтым пытанні таўруе як спробу «переформатировать историческую память целого народа», кажучы мовай Палубец.

Схема падмены паняццяў з уласнага вопыту

Гэтая гісторыя не ўнікальная — яна толькі адлюстроўвае агульную сістэму працы дзяржаўных органаў і чыноўнікаў ад культуры. Увосень 2022 года я напісаў матэрыял пра занядбаную драўляную капліцу пачатку ХХ стагоддзя на могілках горада Крычава. Знешне яна выглядала няблага, аднак у пабудовы былі выбітыя дзверы. На жаль, невялікая па плошчы каплічка ўжо не першы год выкарыстоўвалася як сметніца: была заваленая будаўнічым смеццем, бярвеннямі, пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі. У выніку публікацыя выклікала рэзананс, прыцягнуўшы ўвагу незалежных медыя, на што раённая прэса адрэагавала імгненным раздражненнем. 

Draŭlianaja kaplica
Выгляд драўлянай капліцы пачатку ХХ стагоддзя з выбітымі дзвярыма. Фота аўтара 

З нагоды з’яўлення майго матэрыяла ў раённай газеце «Крычаўскае жыццё» была напісана невялікая зацемка нейкага А. Сямёнава, у якой аўтар прызнаў, што публікацыя прыцягнула ўвагу. Але, маўляў, гэтым тэкстам было паказана, што «в Кричеве живут малосознательные люди, которые сорят там, где находятся могилки их предков», а не праблема з захаваннем гістарычнай спадчыны. 

Ну, і канечне, аўтар дзяржаўнай прэсы А. Сямёнаў палічыў вінаватым мяне, а не камунальныя службы ці мясцовую вертыкаль, пра іх ён амаль не згадваў. На мой адрас калумніст раёнкі «Крычаўскае жыццё» абрынуўся з натацыямі, дыктуючы, што «если этого фотографа так беспокоит чистота нашего города, то как настоящий кричевлянин он должен был поступить иначе. Если и выложить фото, то с другой надписью...». І далей па тэксце праўладны журналіст намякае на тое, што я сам мусіў парупіцца аб захаванні старой капліцы, а не пісаць пасквілі, а тым больш публічна асвятляць праблемы са спадчынай горада.

«Kryčaŭskaje žyccio»
Зацемка супрацоўніка газеты «Крычаўскае жыццё» з абвінавачаннямі ў мой адрас. Фота аўтара

Логіка выдатная: пакуль дзяржава будзе траціць грошы на ідэалогію і бессэнсоўныя мерапрыемствы, неабыякавыя грамадзяне павінны за свае сродкі рамантаваць і аднаўляць тое, што стаіць на балансе дзяржаўных органаў. Вядома, прасцей абвінаваціць таго ці іншага свядомага чалавека ў напісанні «пасквіляў», чым прызнаць недапрацоўкі і зрабіць адэкватныя захады.

Міна запаволенага дзеяння

Абодва прыклады — і рагачоўскі, і крычаўскі — паказваюць адно і тое ж: сучасныя беларускія чыноўнікі і дзяржаўныя служачыя абсалютна не ўмеюць прымаць крытыку і прызнаваць памылкі. Менавіта таму любая заўвага наконт безгаспадарлівасці ці абыякавага стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны выклікае ў іх хваравітую, амаль істэрычную рэакцыю. Любы чалавек, які адкрыта паказвае хібы ўлады, у афіцыйнай сістэме каардынат імгненна трапляе ў спіс «нядобранадзейных».

І справа тут нават не ў адсутнасці ахоўнага статусу ў таго ці іншага аб’екта, на чым спрабуе акцэнтаваць увагу гомельская калумністка. Бо калі праехацца па Беларусі, можна пабачыць сотні аб’ектаў з шыльдай «гісторыка-культурная каштоўнасць», якія пры гэтым знаходзяцца ў жахлівым стане.

Пытанне куды глыбейшае.

Чыноўнікі, якія выкідаюць Караткевіча са школьных падручнікаў і заплюшчваюць вочы на разбурэнне хаты, дзе паўставалі адны з найлепшых твораў беларускай літаратуры, падкладаюць пад падмурак краіны міну запаволенага дзеяння. Бо без мовы, без павагі да гісторыі і без ушанавання сапраўдных нацыянальных геніяў ніякая дзяржава існаваць не зможа.

Менавіта таму шчырае абурэнне людзей станам рагачоўскага дома, дзе жыў і ствараў Караткевіч, цалкам заканамернае. Мы хочам ганарыцца сваёй культурнай спадчынай, а не глядзець, як яна знікае пад акампанемент ідэалагічных лозунгаў і сухіх чыноўніцкіх адпісак.

Алесь Крыжэвіч, Budzma.org