Знакаміты раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» перавыдалі без цэнзуры. Купляюць не горш за «Гары Потэра»

Выдавец Яраслаў Іванюк расказаў пра кнігу, а пісьменнік Уладзімір Арлоў згадаў, як у студэнцтве сарваў з іншымі лекцыю, пабегшы па зборнік Караткевіча, піша «Наша Ніва».

karatkevich_1-1awob.jpeg.jpgНепадцэнзурная версія рамана «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча

На Міжнародным паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, які з 13 па 15 лютага праходзіў у Варшаве, прэзентавалі непадцэнзурнае выданне рамана «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.

«Гэта кніга ў топе»

Выдавец і стваральнік анлайн-бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк адзначае:

«Больш за сто асобнікаў прадалі ўсяго цягам месяца. Гэта кніга ў топе».

Ён кажа, што пасля таго, як у 2023 годзе «Каласы» выкінулі са школьнай праграмы ў Беларусі, стала зразумела: кнігу трэба выдаваць па-за межамі краіны. Тэкст без савецкіх купюр ужо выходзіў некалькі гадоў таму ў 25‑томніку ад выдавецтва «Мастацкая літаратура». Цяпер яго выпусціў фонд Kamunikat.

«Гэта не толькі пра цэнзуру. Гэта пра вяртанне слоў. У савецкіх выданнях не маглі гучаць словы «Беларусь», «беларусы» (іх выкрэслівалі з твораў Караткевіча. — НН)», — кажа Іванюк, згадваючы працу Валянціны Андрэевай, кіраўніцы выдавецтва Gutenberg Publisher, якая аднаўляла тэкст.

ivaniuk_arlou-z5yjj.jpg.jpg
Яраслаў Іванюк і Уладзімір Арлоў. Скрыншот трансляцыі: BellitInternational / YouTube

Сёння, напрыклад, «Каласы» ў кнігарні «Кнігаўка», якая цяпер месціцца ў варшаўскім раёне Прага, а калісьці была разгромленая Азаронкам у першы ж дзень працы ў Мінску, прадаюцца лепш за пераклады «Гары Потэра», усміхаецца Іванюк.

«Гэта беларуская кніга, якую мусіць прачытаць кожны беларус».

Таксама выдавец згадаў расповед палітвязня на Валадарцы, які падзяліўся, што змог прачытаць толькі першую частку рамана: другую нехта выдраў з турэмнага бібліятэчнага асобніка. Магчыма, каб забраць з сабой у камеру.

«Уваскрашаючы мінулае, нацыя ўваскрашаецца сама»

Пісьменнік Уладзімір Арлоў на прэзентацыі згадаў, што ў полацкім дзяцінстве і юнацтве яму не пашанцавала з настаўнікамі беларускай мовы і гісторыі. Паступіўшы на гістфак БДУ, ён не ведаў нават імя Караткевіча, не быў знаёмы з яго творамі. І «Каласы» прачытаў ужо студэнтам.

«Я чакаў, што там будзе нешта пра вёску... Але больш чытаць мне не было чаго. Мне далі кнігу на тры дні — мне не спатрэбілася столькі часу».

Ён гаворыць пра гісторыю як пра ўваскрашэнне.

«Існуе шмат дэфініцый. Мне найбліжэйшая такая: гісторыя — гэта ўваскрашэнне. Уваскрашаючы мінулае, нацыя ўваскрашаецца сама».

На думку Арлова, Караткевіч працаваў больш плённа, чым цэлы Інстытут гісторыі.

«Нам выкладалі густамешаныя імперскія міфы. Дзякуючы Караткевічу нам адкрылася акно ў іншую гісторыю — з нашымі героямі, авантурнікамі і асветнікамі».

Ён згадвае студэнцкую гісторыю: амаль увесь курс рынуўся ў цэнтральную кнігарню па зборнік Караткевіча «З вякоў мінулых». Лекцыя сарваная. Студэнты, накупіўшы кніг, вырашылі вярнуцца на наступныя заняткі і, мінаючы цяперашні праспект Незалежнасці, убачылі сланоў, якіх прывезлі з Індыі і вялі ў Белдзяржцырк. Вярнуўшыся ў сцены гістфаку, яны пачулі папрокі: «Не дурыце мне галавы, якія кнігі, які Караткевіч — вы пабеглі глядзець сланоў!».

Арлоў усміхаецца, маўляў, тыя, хто яго вучыў, не маглі зразумець імпэту маладых студэнтаў да нацыянальнага.

«З народу, у якога адбіраюць гісторыю, можна рабіць любыя палітычныя эксперыменты».

Але менавіта пасля «Каласоў», кажа пісьменнік, праз пэўны час ён перайшоў на беларускую мову.

«Апостал нацыі»

Арлоў называе Караткевіча найперш паэтам, а не празаікам. Згадвае словы Генадзя Бураўкіна, які назваў яго «апосталам нацыі», і фразу, пачутую на імпрэзе да 75‑годдзя пісьменніка ў доме-музее пісьменніка ў Воршы, які сам вельмі раіў да наведвання:

«Калі б Бог не паслаў Беларусі Караткевіча, у свеце было б на адну краіну менш».

karatkevich-mpczt.jpeg.jpg
Экспазіцыя дома-музея Уладзіміра Караткевіча ў Воршы

Ён згадвае, як адзін з мастакоў-ілюстратараў, што працаваў з Караткевічам, перадаў яму арыгінальны машынапіс «Каласоў». На палях — заўвага рэдактара: «Шаноўны, у вас няма пачуцця гумару». І адказ Караткевіча: «У вас гэтага пачуцця няма».

«Улада ва ўсе часы любіла мёртвых геніяў. Яны не выходзяць на плошчы і не падпісваюць лісты, — кажа Арлоў. — Але гэтая ўлада не здольная нават на гэтае».