«Хацелі пад шум бомбаў зарабіць на краіне-агрэсары?» У Пецярбургу адкрылася выстава з працамі беларускіх аўтараў — і разгарэўся не абы-які скандал

13.09.2022 Мастацтва

У пачатку верасня ў Санкт-Пецярбургу (Расія) адкрылася выстава «Бетонны батут», якая складаецца выключна з работ беларускіх мастакоў. Праз некалькі дзён пасля пачатку выставы ў Байнэце разгарэўся скандал: беларускіх удзельнікаў абвінавацілі ў падтрымцы краіны-агрэсара. CityDog.io разабраўся ў інтэрнет-канфлікце.


image-12-09-22-01-24-1.jpeg
Асаблівае абурэнне крытыкаў выклікала тое, што ў выставе будуць удзельнічаць працы Захара Кудзіна, які загінуў некалькі гадоў таму і наўрад ці хацеў (на думку крытыкаў), быць удзельнікам такой выставы

У чым сутнасць выставы?

Выстава «Бетонны батут» знаходзіцца ў галерэі Марыны Гісіч у Пецярбургу. Як напісана на сайце, месца займае адну з ключавых пазіцый на рынку сучаснага мастацтва ў Расіі.

«Бетонны батут» — выстава з працамі беларускіх аўтараў. На ёй можна пазнаёміцца з карцінамі, скульптурамі і фатаграфіямі ў тым ліку тых, хто ў розныя гады прадстаўляў беларускі павільён на Венецыянскім біенале.

«Асэнсаванне кантрасту кантэкстаў, уплыў састарэлых рамак на сучаснае мастацтва, жыццё і лёс удумлівых аўтараў і стане эксперыментальнай мэтай праекта», — мудрагеліста пішуць куратары пра сутнасць выставы. Арганізатары праекта тлумачаць, што асноўная ўвага ў выставе скіраваная на асабістыя гісторыі мастакоў, а не на «нацыянальную беларускую ідэю». У фокусе будзе аповед пра тое, як эміграцыя паўплывала на развіццё творчасці асобных аўтараў.

image-12-09-22-01-24-2.jpeg
Праект складаецца з чатырох блокаў, якія будуць змяняць адзін аднаго. Пакуль выстаўляюць толькі адзін з іх — «Фрагменты маналіту». Дакладныя даты астатніх секцый пакуль не анансуюцца

Куратарам «Бетоннага батута» стаў беларус Васіль Маталянец. Да гэтага праекта ён ужо працаваў над падобнымі выставамі ў Расіі. Напрыклад, у 2021 годзе ў пецярбургскай галерэі Navicula Artis пад кіраўніцтвам Маталянца праходзіў падобны праект «Папрашу не блытаць!» Удзельнікамі тады былі сучасныя беларускія мастакі. Некаторыя з іх, напрыклад Міхаіл Гулін і Ігар Цішын, выстаўляюць свае працы зараз і ў «Бетонным батуце».

У чым сутнасць канфлікту?

Канфлікт адбыўся пасля таго, як некалькі беларускіх мастакоў у інтэрнэце пакінулі негатыўныя каментары пра выставу. На іх думку, паказваць свае працы пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў галерэі краіны-агрэсара як мінімум неэтычна.

Цікава, што праз нейкі час пасля крытычных публікацый некаторыя аўтары пастоў або выдалілі свае негатыўныя каментарыі, або пакінулі даступнымі толькі для сяброў, баючыся нашкодзіць удзельнікам выставы.

Па назіраннях CityDog.io, на негатыў практычна ніхто з удзельнікаў «Бетоннага батута» публічна не зрэагаваў. Нам удалося знайсці толькі адзін камент: Сяргей Кажамякін, чые працы прадстаўленыя на «Бетонным батуце», адказаў на адзін з’едлівы каментар, што ён з іншымі мастакамі проста стварае культуру і мастацтва ў Беларусі.

Паралельна беларусы абвінавацілі прадстаўнікоў расійскай галерэі ў падтрымцы вайны ва Украіне. Карыстальнікі заўважылі лайк ад акаўнта галерэі пад пастом вядомага расійскага мастака Алега Доу, які ў самым пачатку вайны падтрымаў агрэсію Расіі супраць Украіны.

image-12-09-22-01-24.jpeg
Пасля абвінавачання галерэі ў падтрымцы расійскай агрэсіі лайк з паста прыбралі

Прадстаўнікі галерэі адмовіліся каментаваць канфліктную сітуацыю, спаслаўшыся на вялікую занятасць і ўдзел у буйным праекце — фестывалі CosMoscow.

Удзельнік выставы: «Пакаяльнае відэа пакуль ніхто не адмяняў»

Пакуль дакладна можна казаць пра тых, хто ўжо выставіў свае працы ў галерэі. Экспазіцыя «Фрагменты маналіту» праходзіць з удзелам Ігара Цішына, Наталлі Залознай, Уладзіміра Парфянка і Ігара Падалкі.

Міхаіл Гулін, які заяўлены як удзельнік у наступным блоку «Бетоннага батута», кажа, што да гэтага часу не ўпэўнены ў сваім удзеле ў выставе. Аўтар расказаў, што ў бліжэйшы час адбудзецца сустрэча з іншымі ўдзельнікамі праекта, толькі пасля якой ён дакладна вырашыць, ці будзе выстаўляць свае работы.

Той факт, што ў афішы ён ужо ёсць, ніяк не хвалюе мужчыну. На негатыўныя каментарыі з інтэрнэту ён таксама не рэагуе.

— У мяне ёсць прывілей, каб падумаць і вырашыць, ці буду я выстаўляцца там. Функцыю з пакаяльным відэа, дзе тлумачу, чаму адразу пагадзіўся паказваць свае працы, пакуль ніхто не адмяняў, — жартуе Гулін.

На дадатковыя пытанні мастак адмовіўся адказваць.

Аўтары, якія ўжо ўдзельнічаюць у выставе, сваю прысутнасць там ніяк не каментавалі. Рэпост афішы на свае старонкі ў сацыяльныя сеткі — максімум, які яны зрабілі для прасоўвання івэнта.

Пасля «ўсплёску» негатыўных каментароў у інтэрнэце выстава працягвае працаваць у звычайным рэжыме. У тэлеграм-канале галерэі працягваюць публікавацца бэкстэйджы з «Бетоннага батута».