Спрадвеку галоўным выклікам для дойлідаў было пераадоленне зямнога прыцягнення: кожнае пакаленне імкнулася ўзвесці свае вежы і шпілі вышэй, чым у папярэднікаў. Нядаўна знакамітая Саграда-Фамілія ў Барселоне афіцыйна стала самым высокім храмам у свеце — яе вышыня дасягнула 172,5 метра. Каб абысці ўсіх канкурэнтаў на планеце, шэдэўру Антоніа Гаўдзі спатрэбілася больш за 140 гадоў будаўніцтва!
З гэтай нагоды Hrodna 11:27 сабраў топ самых высокіх храмаў Гродзеншчыны. Ад знакамітых на ўсю краіну неагатычных волатаў да трагічна страчанай спадчыны — вось дзе шукаць самыя высокія вежы ў нашым рэгіёне.
Барселонская Саграда-Фамілія — самы высокі храм у свеце. Фатаздымак зроблены дзякуючы супрацоўніцтву з Turisme de Barcelona
Абсалютны рэкардсмен Гродзенскай вобласці і адзін з самых высокіх касцёлаў усёй Беларусі. Яго шпіль уздымаецца на 61 метр — гэта адпавядае вышыні дваццаціпавярховага дома.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах. Крыніца: travel.by
Неагатычны помнік у Астравецкім раёне ўзводзілі на мяжы XIX і XX стагоддзяў (1899-1903 гады) па праекце архітэктара Аляксея Полазава, дапрацаваным Вацлавам Міхневічам. Гісторыя яго будаўніцтва абрасла легендамі: у прыватнасці, лічыцца, што для надання асаблівай трываласці ў вапнавы раствор дадавалі тысячы сырых яек, якія збіралі па навакольных вёсках. Лагістыку таксама прадумалі дасканала: цэглу выраблялі на спецыяльна пабудаваным побач заводзе, а дахоўку везлі цягнікамі з Германіі. Сёння Гервяты — гэта наша лакальная «Саграда» ў кантэксце турыстычнай прывабнасці.
На фоне высокай папулярнасці гервяцкай святыні, манументальная пабудова ў Ваўкавыскім раёне захоўвае спакойную атмасферу, застаючыся невідавочным, але вельмі выразным пунктам на карце вобласці. Касцёл Святой Тройцы ўзвышаецца на 55 метраў і кардынальна змяняе ландшафт невялікага аграгарадка.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах. Крыніца: vedaj.by
Храм будавалі з 1907 па 1914 год. Для сваёй лакацыі ён выглядае масіўна і строга. Манументальная цагляная вежа працуе як маяк і бачная за шмат кіламетраў да ўезду ў Шылавічы. Архітэктурны дэкор фасада не перацягвае на сябе ўвагу: уражанне дасягаецца за кошт чыстай геаметрыі, фактуры неатынкаванай чырвонай цэглы і, вядома, вышыні. Калі стаіш ля яго масіўных дзвярэй, маштаб пабудовы стварае адчуванне манументальнасці, параўнальнай з гістарычнымі саборамі Заходняй Еўропы.
Кафедральны сабор Святога Францыска Ксаверыя — галоўная вертыкаль гістарычнага цэнтра Гродна. Вышыня яго вежаў разам з крыжамі дасягае звыш паўсотні метраў.
Фарны касцёл у Гродне. Крыніца: Wikimedia Commons
У адрозненне ад геаметрычнай строгасці неаготыкі, гродзенскі Фарны — гэта ўрачыстае і дынамічнае барока. Езуіты, якія яго будавалі, імкнуліся стварыць адчуванне магутнасці не толькі праз вышыню, але і праз складаную пластыку фасада. Унутры ж знаходзіцца яшчэ адзін рэкорд — 21-метровы драўляны галоўны алтар, адзін з самых высокіх у Еўропе ў сваёй катэгорыі. Баракальныя вежы Фарнага стагоддзямі служылі арыенцірам, а на паўночнай з іх вядзе няспынны адлік часу адзін з самых старых дзеючых гадзіннікаў Усходняй Еўропы. Яго гісторыя пачынаецца з 1496 года на вежы гарадской ратушы, адкуль яго пазней і перанеслі на касцёл.
Касцёл Адшукання Святога Крыжа, або інакш бернардзінскі касцёл, знаходзіцца на высокім пагорку і візуальна ўзвышаецца над усім горадам. Таму яго часта называюць самым высокім у Гродне. Пры гэтым вышыня адзінай яго вежы таксама павінна быць каля 50 метраў. Але пакуль няма пераканаўчых дадзеных, будзем лічыць, што ён раздзяляе трэцяе месца з Фарным касцёлам.
Бернардынскі касцёл у Гродне. Фота: STRT LFA, unsplash.com
А яшчэ гэта самы стары каталіцкі храм Гродна. Ён спалучае рысы готыкі, рэнесансу і барока. Касцёл пабудавалі ў 1602-1618 гг., асобныя элементы дабудоўвалі ў XVIII ст. Высокую вежу-званіцу надбудоўвалі акурат тады — у 1788 годзе. Яе два верхнія познебарочныя ярусы спраектаваў архітэктар Міхалкевіч.
Гаворачы пра гарадскія вышыні, нельга не згадаць страчанае. Фара Вітаўта (касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі) на працягу стагоддзяў была архітэктурным цэнтрам Гродна. Восенню 2026-га споўніцца 65 гадоў з моманту, як касцёл стаў часткай страчанай спадчыны: ён быў узарваны савецкімі ўладамі ў ноч з 28 на 29 лістапада 1961 года.
Фара Вітаўта (Гарнізонны касцёл) у Гродне. Фотаздымак 1935 года. Крыніца: Wikimedia Commons
Вышыня вежы Фары Вітаўта, у залежнасці ад гістарычнага перыяду і шматлікіх перабудоў (ад готыкі і маньерызму праз класіцызм да псеўдарускага стылю і неаготыкі), ацэньваецца ў 50–60 метраў. Храм перажыў пажары і войны, але быў знішчаны ў мірны час. Гэты выбух не толькі знішчыў гістарычны помнік, але і назаўжды змяніў візуальнае аблічча Гродна. Сёння мы можам толькі ўяўляць па старых фотаздымках, як выглядаў бы цэнтр горада, калі б гэты велічны храм застаўся на сваім месцы.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.