На ўнікальны задыякальны коўш прэтэндавалі і літоўцы, і расіяне. А ён аказаўся з беларускага Слаўгарада

У экспазіцыі Музея беларускага народнага мастацтва ў Аколіцы захоўваецца сапраўдны скарб — вялікі драўляны коўш з загадкавымі малюнкамі, якія многія прымаюць за знакі задыяка. Гэты артэфакт дзесяцігоддзямі выклікаў спрэчкі навукоўцаў і нараджаў самыя неверагодныя тэорыі. Яго называлі «балцкім задыякам», прыпісвалі яму расійскае паходжанне і лічылі, што ён цудам ацалеў у руінах пасляваеннага Гродна. Аднак новае грунтоўнае даследаванне гісторыкаў змяняе ўяўленні пра гэты ўнікальны помнік, піша «Наша Ніва».

Litoŭski etnaastranom Jonas Vajškunas z kaŭšom-bracinaj z Muzieja biełaruskaha narodnaha mastactva ŭ Raŭbičach
Літоўскі этнаастраном Ёнас Вайшкунас з каўшом-брацінай з Музея беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. Фота дае добра ўяўленне пра памеры пасудзіны

Разбурэнне гродзенскага міфа

Коўш-бра́ціна, які сёння захоўваецца ў Аколіцы, гэта масіўная пасудзіна, па-майстэрску вырабленая з цэльнага бярозавага нарасту (капа). Яго галоўная таямніца — гэта дванаццаць малюнкаў у медальёнах, якія апяразваюць знешні бок: вершнік, ваяр, розныя звяры і птушкі. Многія даследчыкі бачаць у іх старажытны задыяк ці язычніцкі каляндар.

Гэты артэфакт лічыцца абсалютна ўнікальным для нашага рэгіёна — прамых аналагаў па форме і роспісе яму проста не існуе, што і ператварыла яго ў сапраўдную галаваломку для гісторыкаў.

Доўгі час вакол каўша-браціны існавала прыгожая легенда, якая трапіла ў навуковую літаратуру і экскурсійныя тэксты. Лічылася, што гэты ўнікальны прадмет быў знойдзены адразу пасля Другой сусветнай вайны ў падвале адной з разбураных цэркваў ці кляштараў Гродна. Гэтая версія замацавалася дзякуючы вядомаму мастацтвазнаўцу Міхаілу Кацару, які ў 1940‑х гадах сапраўды даследаваў гродзенскія помнікі і першым апублікаваў фота артэфакта.

Koŭš u 1945–1947 hh.
Коўш у 1945–1947 гг. Якасць фота палепшаная аўтарамі навуковага артыкула з дапамогай нейрасеткі

Аднак гэты міф быў канчаткова разбураны. Прарыў у даследаванні зрабіў старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Станіслаў Чавус. У 2023 годзе ён апублікаваў невядомыя раней архіўныя даныя, у тым ліку фотаздымак з Федэральнага архіва Германіі ў Кобленцы. Дзякуючы знаходкам Чавуса і далейшаму аналізу, праведзенаму Дзмітрыем Скварчэўскім і Іллём Бутавым, удалося аднавіць сапраўдны шлях артэфакта.

Zadyjakalny koŭš
Скрыншот відэа канала «Рагна»

Zadyjakalny koŭš
Скрыншот відэа канала «Рагна»

Сапраўдны шлях каўша быў куды больш складаным і драматычным, нагадваючы сюжэт дэтэктыва. Даследчыкам удалося прасачыць яго гісторыю да канца XIX стагоддзя.

Высветлілася, што да рэвалюцыі прадмет знаходзіўся ў калекцыі Магілёўскага музея. Затым, у віхуры войнаў і рэвалюцый, ён трапіў у Мінск, а падчас Другой сусветнай вайны быў вывезены нацыстамі ў Германію, дзе захоўваўся ў горадзе Кобленц.

Пасля перамогі каштоўнасць вярнулі ў СССР, і яна трапіла ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Менавіта гэты факт — паступленне з Германіі праз Гродна — і ўвёў у зман савецкіх даследчыкаў, якія памылкова прыпісалі яму гродзенскае паходжанне.

Прапойскі след

Prapojskaja carkva
Прапойская царква, з якой у музейныя зборы перайшоў коўш-браціна. Фота: Wikimedia Commons

Калі ж радзіма каўша не Гродна, то дзе яна? Архіўныя даныя прывялі навукоўцаў на ўсход Беларусі, у Прапойск (сучасны Слаўгарад Магілёўскай вобласці). Згодна з музейным апісаннем 1898 года, коўш перайшоў у магілёўскі збор з царквы Раства Багародзіцы ў Прапойску.

Больш за тое, існавала мясцовая легенда, быццам гэтую пасудзіну падараваў царкве расійскі цар Аляксей Міхайлавіч падчас вайны сярэдзіны XVII стагоддзя. Аўтары даследавання ставяцца да версіі пра царскі падарунак скептычна: цар у Прапойску не быў, горад бралі казакі, — але сам факт паходжання з усходу Беларусі цяпер не выклікае сумненняў.

Koŭš-bracina
Коўш-браціна ў экспазіцыі музея. Фота з публікацыі

Верагодна, у XVIII стагоддзі драўляныя распісныя сасуды выкарыстоўваліся ў мясцовых уніяцкіх храмах як даразахавальніцы.

Чужы ці свой?

Вакол паходжання самога вырабу таксама ламаліся дзіды. Некаторыя навукоўцы лічылі яго тыповым імпартам з Расіі, параўноўваючы з вядомымі паволжскімі ці «казьмадзям’янскімі» каўшамі, якія прывозілі стральцы або купцы. Аднак Скварчэўскі і Бутаў пераканаўча абвяргаюць гэтую тэорыю.

Расійскія каўшы традыцыйна рабіліся з ліпы, мелі выцягнутую форму ладдзі і востры «нос». Беларускі ж артэфакт выраблены з бярозавага нарасту (капа), мае круглявую форму і зусім іншую канструкцыю ручкі.

Zahadkavyja simvały z salarnymi znakami na kaŭšy-bracinie
Загадкавыя сімвалы з салярнымі знакамі на каўшы-браціне. Скрыншот відэа канала «Рагна»

Zahadkavyja simvały z salarnymi znakami na kaŭšy-bracinie
Загадкавыя сімвалы з салярнымі знакамі на каўшы-браціне. Скрыншот відэа канала «Рагна»

Zahadkavyja simvały z salarnymi znakami na kaŭšy-bracinie
Загадкавыя сімвалы з салярнымі знакамі на каўшы-браціне. Скрыншот відэа канала «Рагна»

Zahadkavyja simvały z salarnymi znakami na kaŭšy-bracinie
Загадкавыя сімвалы з салярнымі знакамі на каўшы-браціне. Скрыншот відэа канала «Рагна»

Іншы бок спрэчкі прадстаўлялі літоўскія даследчыкі, у прыватнасці Ёнас Вайшкунас, якія бачылі ў малюнках на каўшы старажытны балцкі задыяк і звязвалі яго выключна з літоўскай паганскай традыцыяй.

Supastaŭlennie znakaŭ na kaŭšy-bracinie sa znakami zadyjaka
Супастаўленне знакаў на каўшы-браціне са знакамі задыяка

Аўтары новага даследавання прызнаюць, што коўш сапраўды мае рысы, характэрныя для культуры Вялікага Княства Літоўскага, але настойваюць на яго беларускім паходжанні.

Галоўным доказам сталі знойдзеныя аналагі па форме — срэбныя кубкі XV стагоддзя са знакамітага скарбу каля вёскі Літва Маладзечанскага раёна. Падабенства драўлянага каўша да элітарнага срэбнага посуду даказвае, што перад намі аўтэнтычны твор мясцовых беларускіх майстроў, створаны ў перыяд паміж XV і XVII стагоддзямі.

Зніклыя святыя

Сёння наведвальнікі музея бачаць 12 загадкавых фігур: вершніка, ваяра, розных звяроў і птушак. Але так было не заўсёды.

Калі коўш трапіў у музей, гэтыя малюнкі былі схаваныя пад больш познім пластом жывапісу, нанесеным, верагодна, у другой палове XVII ці пачатку XVIII стагоддзя. На паверхні былі выяўлены хрысціянскія святыя.

Koŭš
Коўш падчас яго экспанавання ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. На нерэстаўраванай паверхні каўша відаць постаці святых Пятра і Паўла

Koŭš
Коўш падчас яго экспанавання ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. На нерэстаўраванай паверхні каўша відаць постаці святых Пятра і Паўла

У сярэдзіне мінулага стагоддзя рэстаўратары прынялі няпростае рашэнне зняць верхні пласт, каб адкрыць першапачатковы «задыякальны» роспіс. У выніку выявы святых былі амаль цалкам страчаны, але гісторыкам удалося рэканструяваць іх па архіўных фотаздымках.

Высветлілася, што па-над паганскімі ці свецкімі сімваламі былі напісаны святыя Пётр і Павел, якія трымаюць храм, а таксама святы Георгій на кані і святы Мікалай.

Гэта сведчыць пра тое, што бытавы або абрадавы сасуд з цягам часу быў пераасэнсаваны і пачаў выкарыстоўвацца ў царкве, магчыма, для захоўвання Святых Дароў. Сюжэт з апосталамі, якія трымаюць храм, з’яўляецца вельмі рэдкім і падкрэслівае высокі сакральны статус прадмета ў мінулым.

Frahmient kaŭša
Адзіны захаваны пад час рэстаўрацыі каўша фрагмент больш позняй размалёўкі другой паловы XVII — пачатку XVIII стагоддзя. Скрыншот відэа канала «Рагна»

Гэтае даследаванне вяртае Беларусі адзін з самых загадкавых артэфактаў даўніны. Цяпер мы ведаем, што гэта не імпарт з Расіі і не трафей, а ўзор нашага ўласнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва часоў ВКЛ.

Форма прадмета дазваляе аднесці яго стварэнне нават да XV–XVI стагоддзяў, што робіць яго адным з найстарэйшых драўляных мастацкіх вырабаў у беларускіх музеях.