Як фатальная памылка аўтараў фільма «Хроніка рэчаіснасці» нагадвае нам, чым сёння жыве Беларусь

Цяпер галоўны кінатрэнд у свеце — гэта спрэчкі вакол «Барбігеймера». Так іранічна называюць два вялікія і зусім не падобныя адзін да аднаго галівудскія блокбастары: казачна-сатырычную камедыю «Барбі» Грэты Гервіг і змрочна-сур’езную драму «Апенгеймер» Крыстафера Нолана. Але беларусам зноў не да міжнароднай кінакультуры.

Яе адсунула ў бок больш сур’езная падзея — няўдалая інтэрнет-прэм’ера дакументальнай стужкі «Хроніка рэчаіснасці» аператара, дакументаліста і фатографа Мікалая Мамінава.


Пратэсты ў Заслаўі, 2020 год
Пратэсты ў Заслаўі, 2020 год


Пра што фільм і што адбылося

Гэта фільм-хроніка жніўня і верасня 2020 года — першых месяцаў пратэстаў, зняты самім аўтарам падчас прагулак па Мінску. У той момант горад сапраўды бурліў — людзі выходзілі на вуліцы, каб вярнуць скрадзеную перамогу на прэзідэнцкіх выбарах. Праз амаль тры гады пасля тых драматычных падзей стужка выйшла на ютуб-канале балтыйскага выдання Delfi — і адразу трапіла пад увагу сілавікоў.

Бравыя ГУБАЗікаўцы заўважылі, што аўтары далёка не на ўсіх кадрах схавалі за лічбавым блюрам твары ўдзельнікаў маршаў — і абвясцілі новую хвалю рэпрэсій. Распачатую паніку падмацавалі праваабаронцы і СМІ, заклікаўшы людзей, калі яны сябе ці знаёмых пабачаць у кадры, хутчэй з’язджаць з Беларусі. Фільм хутка прыбралі з адкрытага доступу, а рэжысёр паспрабаваў няўпэўнена апраўдацца, што матэрыялы з фільма і так раней трапілі ў рукі сілавікоў, але сітуацыю было ўжо не выправіць.

Скандал з «Хронікай рэчаіснасці» падсвяціў шмат набалелых праблемаў, якія доўгі час застаюцца з намі, але мы спрабуем рабіць выгляд, што іх нібы не існуе.

Шлях ў пекла выбрукаваны добрымі намерамі

Кіно пра беларускія пратэсты павінна выходзіць за мяжой. Будзем шчырымі — пакуль цягнецца вайна, трэба нагадваць нашым суседзям, што саўдзел Беларусі ў ёй — гэта выбар у першую чаргу рэжыму, а не простых людзей. Офіс Святланы Ціханоўскай адзін з гэтай каласальнай задачай дакладна не справіцца. І таму фільм Мамінава трапіў у публічную прастору, а не чакаў у шуфлядцы лепшых часоў.

Пытанне толькі ў тым, што і аўтар, і яго партнёры з журналісцкага выдання цалкам забыліся на элементарную адказнасць. Адказнасць перад людзьмі, якія трапілі ў прастору дакументальнага кіно не па сваёй волі. Калі людзей у Беларусі ўсё яшчэ пераследуюць, то не павінна быць паўмер. Калі хаваць твары ўдзельнікаў пратэстаў — дык усіх, а не толькі буйныя планы. Так сілавікам і прапагандыстам не будзе падстаў для правакацый і сварак.

Заслаўе, 2020 год

Пры гэтым не трэба купляць за шчырую манету здзеклівыя заявы губазікаўцаў пра новыя арышты. Бо рэпрэсіі і не спыняліся, а людзей, якіх сістэма ўжо пакарала, працягваюць арыштоўваць і саджаць па чарговым коле. Не перабольшвайце разуменне алгарытму рэпрэсій. Яго ніхто насамрэч не разумее, бо яго хутчэй за ўсё не існуе.

Карная сістэма цяпер кожны дзень павінна даказваць, што на яе не дарма трацяць грошы з бюджэту. І была тут стужка, ці яе не было — гэта роўным лікам нічога не змяніла. Людзей працягнуць шукаць і судзіць абсалютна беспадстаўна, ігнаруючы любыя юрыдычныя абмежаванні. Таму, калі вы не адчуваеце сябе ў бяспецы, лепш скарыстацца прапановай аб рэлакацыі за мяжу, бо ў турме вы дакладна нікому не зможаце дапамагчы.

Як бачна, краіна і яе жыхары, якія з’ехалі ці засталіся, працягваюць існаваць у сітуацыі «каралеўства крывых люстэрак». Дрэннае — гэта добрае, сябры — гэта ворагі. А заканадаўства і грамадзянскія правы дзейнічаюць толькі ў выпадку, калі дзяржава не паварочвае на вас сваё драпежніцкае вока. Усё гэта чарговы раз нагадвае, што 2020 год ні для нас, ні для рэжыму па-сапраўднаму не скончыўся, як бы мы ні хацелі паверыць у зваротнае.

Дзіцячы малюнак. Батумі, кастрычнік 2022
Дзіцячы малюнак. Батумі, кастрычнік 2022

Ёсць у гэтай бочцы дзёгцю і кропля мёду — наша будучыня, лёс краіны яшчэ не вырашаныя.

І было б няблага, пакуль не наступіла развязка, не забывацца пра людзей, якія вас акружаюць і пэўным чынам залежаць. Толькі эмпатыя і ўвага адзін да аднаго здольныя нас уратаваць ад любых, нават самых фатальных памылак.

Тарас Тарналіцкі, budzma.org