Кінафестывальная культура Беларусі сёння добра адлюстроўвае працэсы, якія востра перажывае грамадства апошніх гадоў. Арганізатары падзей, якія яшчэ праходзяць у краіне, існуюць у двух вымярэннях: альбо прапагандуюць уладу, альбо працуюць у партызанскіх умовах. Тыя, хто эміграваў — узнаўляюць закрытыя праекты ці ствараюць нешта новае.
Фестываль Bulbamovie. Фота: Kino Iluzjon
Яскравы прыклад — прэмія беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас», якая аднавіла працу ў сярэдзіне верасня. Але гэта хутчэй выключэнне, якое толькі даказвае агульнае правіла — культурных падзей у публічнай прасторы Беларусі становіцца ўсё меней.
Узгадаем, як рэпрэсіі і вайна перакроілі кінафестывальную мапу краіны. Што з падзей на ёй засталося, а што на пэўны час знікла.
У першай частцы матэрыялу пойдзе гаворка пра першыя дзевяць фестываляў, у наступнай — пра 8 астатніх.
Фестываль кароткаметражных фільмаў «Нефільтраванае кіно»
Статус — актыўны, але церпіць ад цэнзуры
«Нефільтр» — апошні аскепак, што застаўся ад некалі ўплывовай мінскай кінасуполкі kinaklub.org. Яна з сярэдзіны нулявых ва ўсю моц займалася кінаактывізмам: ладзіла сумесныя кінапрагляды ў прасторах дома культуры «La мора» і галерэі Шчамялёва, вандроўныя кінабалаганы па розных кутках краіны, фестывалі Сinema Perpetuum Mobile, Kinaport, «Планетарыум» і шмат яшчэ чаго.
Кадр з фільму "Смеццевая галава".Фота: Unfilter.by
Актывісцкая закалка дапамагла «Нефільтраванаму кіно» і ў складаныя часы. Фестываль умудрыўся перажыць пандэмійны лакдаўн, некалькі хваляў рэпрэсій і нават пачатак поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Але ў гэтым годзе дзяржцэнзура нарэшце дацягнулася і да іх, спачатку адмяніўшы дазвол на правядзенне падзеі ў самы апошні момант, а потым яшчэ тры лакальныя падзеі ў розных гарадах. Арганізатары «Нефільтру» знайшлі выйсце і з гэтага тупіка, зладзіўшы прагляды сфарміраваных праграм у Вільні. Развітвацца з фестывалем пакуль зарана. Наколькі мне вядома, прыпыняць сваю дзейнасць праект не збіраецца.
Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка»
Статус — актыўны
Адзіны ў краіне фестываль анімацыі, які ладзіцца з 1998 года Магілёўскім выканкамам і Мінкультам у Магілёве. Як і ўсе падзеі, за якія нясе адказнасць дзяржава, існуе выключна дзеля дзвюх мэтаў: наладжвання культурных стасункаў з «сяброўскімі» краінамі, перш за ўсё — Расіяй, Кітаем і краінамі СНД, і дэманстрацыі выканання дзяржпалітыкі працы з моладдзю, якіх на сеансы дырэктыўным чынам прывозяць з гарадоў і вёсак.
Вялікай цікавасці да «Анімаёўкі» няма ні ў мясцовага, ні ў замежнага гледача. Трэба дадаць, што фестываль з’яўляецца таксама пляцоўкай, дзе праглядаюць і ўзнагароджваюць анімацыю «Беларусьфільма». Як кажуць, калі сам сябе не пахваліш, то і ніхто не пахваліць.
Анлайн-фестываль беларускай дакументалістыкі BelarusDocs
Статус — не праводзіцца
Гэта сёння правядзенне кінафестывалю ў сеціве тыповая з’ява, на якую ніхто не звяртае нават увагі. А ў сярэдзіне 2010-х, калі з’явіўся фестываль, такая практыка яшчэ была не вельмі распаўсюджанай. Таму BelarusDocs варта лічыць піянерам інавацыйнага падыходу, калі для знаёмства з беларускім кіно вам не трэба было нічога, акрамя ноўтбука і доступа ў інтэрнэт. Таксама фестываль выконваў важную справу прымірэння і паразумення, даючы пляцоўку як дзяржаўным, так і незалежным кінематаграфістам, што ў сённяшніх умовах проста немагчыма ўявіць.
Свята на вуліцы беларускай дакументалістыкі скончылася ў красавіку 2021 года, калі пачаліся затрыманні арганізатараў выставы «Машына дыхае, а я не», прысвечанай цяжкай працы медыкаў у часы пандэміі, і кінафестывалю пра правы чалавека Watch Docs Belarus (пра яго мы яшчэ пагаворым далей). Арганізатары зразумелі сігнал з боку дзяржавы і вырашылі праз бяспеку адмяніць падзею. Пакуль магчымасцей для аднаўлення фестывалю яны не бачаць.
Фестываль незалежнай відэатворчасці «HLIADAČ»
Статус — актыўны
Яшчэ адзін амбітны навічок у беларускай кінапрасторы з’явіўся восенню мінулага года. Падзея адбылася дзякуючы кінематаграфістам-пачаткоўцам, якіх падтрымаў прадпрымальнік і вялікі аматар кіно Іван Маслюкоў са сваёй Imaginary Studio. Падзея адбылася цалкам анлайн — абвесткі арганізатары рабілі ў тэлеграм-канале, а прагляды і сустрэчы з рэжысёрамі ішлі ў фармаце ютуб-стрымаў два дні запар. У фокус увагі фестывалю трапілі не толькі аматарскае дакументальнае і ігравое кіно, але відэакліпы і відэаарт.
Дзіяна Шпунцянкова"Калыханка".Фота з сацыяльных сетак HLIADAČ
Атрымалася драйвова, і па словах стваральнікаў, яны збіраюцца працягваць і далей.
Фестываль беларускага кіно «Бульбамуві»
Статус — актыўны
Гісторыя «Бульбамуві» ў нечым падобная на гісторыю волата са славянскіх былінаў. Ён можа існаваць толькі на радзіме, а за мяжой слабее і памірае. У кінафестывалю «Бульбамуві» роўна такі ж лёс. Ён з’явіўся ў Польшчы ў пачатку 2010-х гадоў, калі мала каму ў Беларусі было цікавае незалежнае айчыннае кіно. Яго арганізатары, сярод якіх Януш Гаўрылюк, Андрэй Кудзіненка, Максім Жбанкоў, цягнулі лямку да пары, да 2016 года, калі «Бульбамуві» перабралася ў Беларусь і амаль адразу знікла з радараў.
Паўстаў з мёртвых фестываль пасля 2020 года дзякуючы намаганням Януша Гаўрылюка і яго паплечнікаў, калі стала зразумела, што незалежнае кінамастацтва зноў можна глядзець легальна толькі за межамі радзімы. І вось ужо два гады фестываль паспяхова праходзіць у Варшаве, наступны — гэтым лістападам.
Фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы»
Статус — актыўны
Таццяна Гацура-Яворская (пасярэдзіне). Фота: Zviano.org
Наваствораны праект, які паўстаў ва ўмовах вайны ва Украіне з мэтай наладзіць масты камунікацыі паміж беларусамі і ўкраінцамі. Яго стваральнікамі сталі былыя арганізатары Watch Docs Belarus, сярод якіх можна ўзгадаць Таццяну Гацуру-Яворскую, Аліну Рудзіну і інш.
Прагляд кіно тут служыць не самамэтай, а адукацыйным і тэрапеўтычным сродкам, інструментам расповеду гледачам адной краіны пра гледачоў іншай, для чаго падбіралася распісанне падзеяў (чытанне вершаў, выступы і г. д.) і кінарэпертуар — для беларускай аўдыторыі ўкраінскае кіно, для ўкраінскай — беларускае. Гэтай восенню чакаецца працяг.
Чытайце па тэме: Спроба дыялогу падчас вайны. Таццяна Гацура-Яворская пра рэакцыю ўкраінцаў на кінафестываль «1084. На мяжы»
Беларуска-габрэйскі фестываль
Статус — актыўны
Адразу папярэджу, што не трэба блытаць гэту падзею з Кінафестывалем габрэйскага кароткаметражнага кіно, які праіснаваў 20 год і быў спынены праз нястачу фінансавання ў 2017 годзе.
Беларуска-габрэйскі фестываль з’явіўся самастойна ў 2021 годзе і меў на мэце падсвяціць шляхі перасячэння беларускай і габрэйскай культур. Носіць ён пераважна адукацыйны характар, і кінапрагляды, калі яны прадугледжаны праграмай, служаць той жа мэце.
Як распавялі арганізатары, у гэтым годзе фестываль таксама адбудзецца, але ў фармаце анлайн і, на жаль, без кіно.
Квір-фестываль Dotyk
Статус — не праводзіцца
Яшчэ адзін адукацыйны фестываль, мэтай якога было знаёмства з квір-культурай і ідэнтычнасцю, палітыкі дыскрымінацыі і самавыяўлення. «Дотык» праводзіўся з 2015 года вандроўным чынам у Віцебску, Гродна, Брэсце, Мінску.
Фота: Надзя Мататова, Dotykfest
Спачатку ён праводзіўся як кінафестываль, дзе можна было паглядзець фільмы пра жыццё ЛГБТК-людзей замежжа, пра іх побыт і іншыя акалічнасці жыцця. Але потым фестываль стаў факусіравацца на больш разнастайных фарматах узаемадзеяння з аўдыторыяй — праводзілі варкшопы, лекцыі, сустрэчы з замежнымі гасцямі, перформансы, дыскусіі.
Да нашых часоў фестываль не дажыў. Арганізатары прыпынілі яго працу ў 2019 годзе, але vk-cуполка праекта паведамляла, што праект яшчэ праводзіўся ў 2021 годзе у анлайн-фармаце, а вось пачатак вайны, падаецца, не адолеў.
Кінафестываль кіно краін СНД «Еўразія.Doc»
Статус — актыўны
Хрэстаматыйны прыклад так званай «мяккай моцы» Крамля. «Еўразія.Doc» быў створаны і пачаў праводзіцца пасля анексіі Крыма, у 2016 годзе, у Смаленску і Мінску, а ў мэтах фестывалю прапісалі такія феерычныя рэчы, як «супрацьдзеянне перагляду агульнай гісторыіі, “каляровым рэвалюцыям”», «выхаванне моладзі ў духу павагі да інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД» і іншая лухта.
Відавочна, што ў праграму фэсту бяруць пераважна тэлефільмы з дзяржаўных тэлеканалаў, змест якіх нясе падчас відавочна прапагандысцкі характар. Калі вы не гатовыя глядзець тэндэнцыйна ідэалагічны кантэнт у кінатэатры, вялікага сэнсу ісці на «Еўразія.Doc» няма.
Апошні фестываль адбыўся ў 2022 годзе, наступны пройдзе ў 2024-м.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org