Гарадзенскі народны хор “Бацькаўшчына” адзначыў 14 студзеня сваё 20-годдзе ўрачыстым канцэртам у лютэранскай кірсе.
Яго нязменны кіраўнік Вера Кунцэвіч расказала пра лёс хору і яго будучыню:
“За 20 гадоў існавання нам многае не ўдалося — не ўдалося праехацца з канцэртамі па Беларусі. Вельмі хацелася выступіць у полацкай Сафіі, каб адчуць старажытнасць будынка.
Не паспелі з’ездзіць па запрашэннях і канцэртах за мяжу. У першую чаргу гэта звязана з недахопам фінансавых сродкаў. Адзіны раз, калі мы з’ездзілі на фэст у Францыю, нам дапамог былы пробашч гарадзенскага касцёла, які нам даў значную суму”.
Спадарыня Вера працягвае “Цяпер вельмі цяжка быць беларусам. Ужо няма такога імпэту і ахвоты , як раней. Я лічу, што зорны канцэрт – гэта канцэрт на нашае 20-годдзе. Што будзе далей, пакуль невядома. Цягнік жыцця бяжыць, і я хачу рэалізаваць нерэалізаванае.
Хацелася б, каб быў больш прафесійна зроблены запіс гурта. На дадзены момант мы маем на дыску 22 песні, гэта было зроблена на нашае 15-годдзе, і амаль усе гэтыя дыскі раздадзеныя. Думалі іх прадаваць, аднак не атрымалася. Што будзе з хорам на яго 30-годдзе, пакуль не ведаю…”
Падчас канцэрту ў зале гарадзенскай кірхі не было вольнага месца. Павіншаваць хор прыйшлі творчыя калектывы з ўсяго горада, якія выступалі разам з юбілярамі.
Некаторыя песні выконваліся некалькімі калектывамі і на розных мовах. “Ціхую ноч”, да прыкладу, выканалі на трох мовах: польскай беларускай і нямецкай.
Віншавалі спадарыню Веру розныя людзі: а. Андрэй, святар уніяцкай царквы (на здымку ніжэй), кіраўнік ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік, прадстаўнікі “Універсітэта залатога веку”, якія аднагалосна прызналі Веру Васільеўну “душой універсітэта”.
На віншаванне завітаў і Аляксандр Мілінкевіч, які прызнаўся ў прыязнасці да хору і ў любові да спадарыні Веры. А лютэранскі пастар уручыў спадарыні Веры карціну з выявай храма.
Прысутныя выказалі спадзяванне, што творчы шлях гарадзенскага калектыву будзе працягвацца і яго зорка не згасне.
Андрэй Мялешка
Тэгі: Горадня