У мінскай кнігарні “Ў” назвалі імёны тых, ад каго можа залежыць будучыня беларускай літаратуры. Першую прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, якую заснавалі буйнейшыя пісьменніцкія арганізацыі – Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў, уручылі лепшым маладым перакладчыкам, празаікам і паэтам.
Генадзь Бураўкін
Уладзімер Арлоў
Лявон Баршчэўскі
Вядучы цырымоніі Андрэй Хадановіч пачаў з сумнага: згадаў падзеі ў Лівіі ды Японіі і папрасіў прысутных ушанаваць хвілінай маўчання памяць філосафа Аляксандра Грыцанава.
Кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру зазначыў, што арганізатары прэміі “Дэбют” вырашылі выправіць прыкрую недарэчнасць, бо дагэтуль не існавала ўзнагароды для літаратараў імя Максіма Багдановіча, трорцы, які паяднаў беларускую і еўрапейскую літаратурную традыцыю. Адсюль і вызначыліся патрабаванні: разглядаюцца тыя жанры, да якіх спрычыніўся паэт, аўтары мусяць мець дэбютную кнігу або буйную публікацыю, а ўзрост намінантаў мусіць быць не болей за 35 год. Сімвалічная повязь з жыццём і творчасцю паэта на гэтым сканчваецца, бо натуральнае пажаданне ўсім творцам пісаць ды перакладаць да глыбокай старасці.
Адкрыў цырымонію сваімі вершамі Генадзь Бураўкін, які зазначыў, што лічыць гэтую падзею гістарычнай і заўважыў, што ўзнагароды – не толькі даніна павагі, але і высокая планка для тых, хто толькі прыйшоў у літаратуру. “Класікі пасунуцца, між імі месца ёсць”, – такімі словамі скончыў паважаны паэт.
Вольга Цвірка
Наста Лабада
Ігар Бабкоў
У намінацыі “Мастацкі пераклад” перамогу падзялілі дзве перакладчыцы з шведскай мовы: Вольга Цвірка, дзякуючы якой па-беларуску з’явіўся твор “Папулярная музыка з Вітулы” Мікаэля Ніэмі і Наста Лабада, якая пераклала кнігу Тувэ Янсан “Маленькія тролі і вялікая паводка”. Наста заўважыла, што ёй асабліва прыемна атрымліваць прыз ад свайго былога выкладчыка – Лявона Баршчэўскага, дзякуючы якому яна ўласна і займела цікавасць да літаратуры.
Быў таксама адзначаны пераклад Антона Францішка Брыля “Каваль з Вялікага Вутану” Джона Рональда Толкіена. Сам перакладчык зараз знаходзіцца ў Дубліне, адкуль папрасіў узнагароду пералічыць у фонд сваёй будучай кнігі.
гурт “Вурай”
Сяргей Егарэйчанка
Анка Упала
Андрэй Хадановіч
Барыс Пятровіч і Наталка Харытанюк
Наталка Харытанюк
У намінацыі “Мастацкая проза” лепшай назвалі Наталку Харытанюк і яе “13 гісторый пра мёртвага ката”. У кулуарах пераможцу назвалі “самай літасцівай”, бо яна вырашыла не чытаць твораў, а сціпла і з густам праанансавала сваю кнігу. Лаўрэатамі ў гэтай намінацыі сталі Анка Упала з іранічнымі аповедамі “Інь-Ян” і Сяргей Егарэйчанка з “Аповесцю пра чалавека, які не хацеў быць Богам”.
Ірына Бельская
Ігар Кулікоў
Віталь Рыжкоў
Галоўная інтрыга прэміі “Дэбют” была ў намінацыі “Паэзія”. Прэтэндэнтаў тут было трое – Ірына Бельская, Ігар Кулікоў ды Віталь Рыжкоў. Пасля выступа кожнага з іх гледачы маглі самі зразумець, хто з іх найлепшы. Ім стаў аўтар зборніка “Дзверы, замкнёныя на ключы” і невялікі аматар казаць прамовы Віталь Рыжкоў. Ён атрымаў знагароду з рук Алеся Разанава, які і сам вырашыў узгадаць свае першыя вершы, напісаныя ўвесну 1968 году, а таксама падзяліцца сваімі думкамі пра дэбют, як спосаб далучэньня да творчасці. І разабраць было няпроста, калі паэт чытаў свае вершы, а калі прамаўляў па ходу справы, настолькі кожнае яго слова было прасякнута паэзіяй.
Алесь Разанаў