Калісьці іх называлі «дзядамі» і «жывой газетай». Яны аб’ядноўваліся ў закрытыя супольнасці, спявалі балады і камунікавалі паміж сабой на таемнай мове, якую не разумелі чужынцы. Традыцыя беларускага лірніцтва — унікальная з’ява, якую стагоддзямі спрабавалі выкараніць, але цяпер яна пачынае аднаўляцца, а да выдання рыхтуецца першая маштабная кніга-даследаванне пра беларускіх лірнікаў.
Яе аўтар, даследчык традыцыйнай культуры, папулярызатар беларускага фальклору і спявак Сяржук Доўгушаў, нядаўна разам з гуртом «Касары» засвяціўся яшчэ і ў серыяле Netflix «1670». Паразмаўлялі з Сержуком пра тое, навошта вандроўным музыкам спатрэбіўся свой шыфр і як беларусы трапілі на найбуйнейшую сусветную кінаплатформу.

Сяржук Доўгушаў. Фота з асабістага архіва музыкі
Ідэя выдання пра беларускае лірніцтва нарадзілася з магістарскай працы Сержука, якую ён рыхтаваў падчас магістратуры ў Акадэміі навук Беларусі. Пасля вымушанай эміграцыі ў 2021 годзе абараніць даследаванне не атрымалася, і матэрыялы доўга чакалі свайго часу. Цяпер жа даследаванне ператвараецца ў асобнае выданне, прысвечанае менавіта беларускім лірнікам.

Крыніца: Facebook Сержука Доўгушава
— Ліра стаіць у адным шэрагу з такімі маркерамі нашай нацыянальнай культуры, як дуда і цымбалы, аднак сучасных паўнавартасных выданняў пра яе няма. Больш за год я працаваў у архівах, шукаў матэрыялы для даследавання, каб іх можна было ўключыць у магістарскую — з яе пазней і павінна была атрымацца кніга. Хоць абарона магістарскай працы не адбылася праз эміграцыю, матэрыял усё ж быў сабраны — і было вырашана пачаць працу над кнігай. Апрацоўваць акадэмічны тэкст такім чынам, каб ён быў даступны звычайнаму чытачу, няпроста.
Але што каштоўна — гэта першая кніга, прысвечаная менавіта беларускаму лірніцтву. Выданне, якое будзе складацца прыкладна з 300 старонак, змесціць у сабе рэдкія матэрыялы, а таксама пакажа тэматычныя даследаванні беларускіх і замежных этнографаў.

Крыніца: Facebook Сержука Доўгушава
Выданне раскажа пра адметнасці нашых лірнікаў і іх песень. У кнізе можна будзе знайсці ўнікальныя архіўныя фотаздымкі. Асаблівасць праекта яшчэ і ў тым, што кніга выйдзе адразу на дзвюх мовах — беларускай і англійскай.
— Я доўга думаў, гэта будзе па-польску і па-беларуску ці ўсё ж такі па-беларуску і па-англійску. Прыйшоў да высновы, што па-англійску. Таму што я шмат вандрую, сам выступаю, граю на ліры — і бачу, што міжнародная супольнасць мала ведае пра беларускія традыцыі.
Асабліва ў ЗША ў людзей ёсць шмат пытанняў пра культуру Беларусі агулам. А калі расказваю пра інструмент, канешне, усім — і амерыканцам, і замежнікам у Еўропе — цікава даведацца больш. Вось такая будзе магчымасць пазнаёміць з нашай традыцыяй замежнікаў.
У нашых краях лірнікаў часта называлі «дзядамі». Гэта традыцыя з глыбокімі каранямі, шчыльна звязаная са святам Дзядоў і валачобнікамі. Але трапіць у іх супольнасць было зусім няпроста: лірнікі былі закрытай кастай, якая нават мела ўласную мову для зносін паміж сабой.

Крыніца: Facebook Сержука Доўгушава
— Гэтая сакрэтная мова называлася «любецкі лемант». У кнізе будзе прыклад такога слоўнічка, якім яны карысталіся і які разумелі толькі самі. Чаму з’явіўся такі шыфр? Адна з гіпотэз — яны максімальна закрывалі сваю супольнасць, каб зберагчы песні і традыцыі, каб іх не маглі зразумець іншыя. Лірнікі маглі прыходзіць з адной вёскі ў другую, з аднаго горада ў другі, — іх яшчэ называлі «жывая газета». І ў сваіх размовах ці спевах яны маглі перадаць нейкую важную інфармацыю.
Такая незалежная дзейнасць не магла заставацца незаўважанай, асабліва ў часы панавання на нашых землях Расійскай імперыі.
— Улады ў першую чаргу змагаліся з тымі, хто неяк вылучаўся. Лірнікі спявалі духоўныя вершы, але таксама і гістарычныя балады — што магло здавацца небяспечным той уладзе. Іх слухаў народ, яны неслі праўду, таму проста не ўпісваліся ў сістэму. Вядома, што знішчаліся і самі інструменты, і ўзгадкі пра музыку, і нават самі гэтыя людзі.
Цяпер ідзе актыўны збор сродкаў на друк кнігі — для гэтага неабходна 5500 еўра. Падтрымаць выданне і аформіць перадзамову на кнігу ў цвёрдай вокладцы, а таксама атрымаць архіўныя запісы ці індывідуальны майстар-клас можна на платформе Gronka.
— Падрыхтоўчыя выдаткі ўжо аплочаныя, цяпер мы збіраем толькі на друк. Збор працягваецца да сярэдзіны верасня. Спадзяюся, што, калі ўсё пойдзе па плане, да канца года людзі атрымаюць гэтую кніжку.
Пакуль ідзе праца над выданнем і пераклад тэкстаў на англійскую мову, Сяржук працягвае актыўнае творчае жыццё. Новым досведам з апошняга часу для яго і гурта «Касары» сталі здымкі ў папулярным польскім серыяле «1670» ад Netflix. Беларускія музыкі з’явяцца там у вобразах украінскіх казакоў.

Крыніца: Facebook Сержука Доўгушава
— Стваральнікі шукалі людзей, якія б падыходзілі на ролю: хто і спявае, і грае, і падобны на казакаў. Звярнуліся да нас. Мы адаслалі фотаздымкі і апісанне, потым была сустрэча, і нас выбралі. Пачаліся рэпетыцыі і прымеркі. Сцэна ў нас была масавая: там і танцоры былі, і спявалі ўсе, і танчылі. Прывезлі вялікі барабан з нацягнутай скурай, і мы рэпетавалі разам з усёй камандай, вучыліся роўна ў яго трапляць.
Да нас нават паступіла прапанова: «Калі вы зможаце пагаліцца нагала, каб былі толькі чубы, то мы вам дадаткова гэта аплацім». Прапаноўвалі добрыя грошы, але я не пагадзіўся. Яшчэ адзін наш хлопец таксама адмовіўся. Ну нам і сказалі: «Тады будзеце ў шапках».

Гурт «Касары» на здымачнай пляцоўцы Netflix. Фота: sasha.drahavoz / Instagram
Здымкі для сусветнай платформы моцна кантраставалі з папярэднім досведам музыкі. Калі зараз Сяржук здымаецца як актор для Netflix, то ў студэнцкія часы яму даводзілася падзарабляць у масоўках расійскіх фільмаў.
— Плацілі нейкія смешныя грошы, і я лічу, што гэта быў проста здзек з людзей. Стаўленне было дрэнным: напрыклад, ніколі не кармілі. Памятаю, мы там маглі быць па 24 гадзіны галодныя, а кіраўнікі брыгад на нас проста крычалі, калі мы бліжэй, чым трэба, падыходзілі. Масоўка лічылася самым нізкім класам.
А тут, на Netflix, я пабачыў вельмі крутую арганізацыю. Канешне, мы падпісалі шматстаронкавую дамову, што не маем права расказваць пра аплату ці публікаваць нешта да выхаду фільма — за гэта прадугледжаны вялікія штрафы. Але стаўленне, канешне, адрозніваецца кардынальна: масоўка і акторы другога плану былі проста як і ўсе, знаходзіліся разам з камандай і акторамі, харчаваліся на кейтэрынгу.
Як расказвае Доўгушаў, цікавае знаёмства адбылося проста падчас рэпетыцыі ў шатры, дзе музыкі пачалі спяваць свае «касарскія» песні:
— З намі сеў мужчына, які спакойна пра ўсё размаўляў, ведаў шмат і пра Беларусь, і пра беларусаў. А потым ён прызнаўся, што ён і ёсць рэжысёр гэтага серыяла.
То-бок няма ніякай класавай розніцы і перашкодаў. Мы вельмі файна паразмаўлялі з акторамі, пафоткаліся. Вельмі цёпла і душэўна правялі час, і яшчэ атрымалі за гэта грошы.
Цяпер беларускія традыцыйныя матывы ў выкананні Сержука гучаць і на беразе Балтыйскага мора: музыка бярэ ўдзел у міжнароднай рэзідэнцыі Music Camp у Літве.
— Тут сабраліся музыкі з розных краін: Сенегала, Ірана, Швецыі, Беларусі... Наша задача — зрабіць за гэты час як мага больш розных калабарацый, твораў і музыкі. І ўжо 16 чысла мы прэзентуем гэта на вялікім сумесным канцэрце на адкрытай сцэне ў Клайпедзе.
А. П., Budzma.org