Прэзентацыя кнігі і флэшмоб у падтрымку Уладзіміра Мацкевіча ў яго дзень народзінаў

Сёння дзень нараджэння за кратамі адзначае беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. У Варшаве адбываецца прэзентацыя яго новай кнігі «Свабода і мысленне. Эсэ пра грамадзянскую супольнасць».


Matskevich_EB_204_1.jpg

На сустрэчы агучваюць фрагменты кнігі, выступы беларускіх і польскіх інтэлектуалаў, культурных і грамадзянскіх актывістаў.

Трансляцыю прэзентацыі можна паглядзець па спасылцы.

Уладзімір Мацкевіч з 4 жніўня 2021 года знаходзіцца ў беларускай турме. Ён трапіў туды за свабоднае мысленне, грамадзянскую актыўнасць і сваю настойлівасць. Прэзентацыя кнігі адбываецца ў межах кампаніі # философ_в_тюрьме.

Гэта зборнік публікацый аўтара ў фэйсбуку ў снежні 2019 — студзені 2020 гг. Яны рабіліся на завяршэнне грамадскай кампаніі «Свежы вецер» і ёсць асэнсаваннем актуальнага стану беларускай грамадзянскай супольнасці.

Флэшмоб у падтрымку Мацкевіча

Да 20 траўня арганізатары прапануюць раздрукаваць фігурку, фота, цытату ці кніжку Мацкевіча, размясціць іх у асяродак, які, на вашу думку, спрыяе мысленню, сфатаграфаваць гэтую кампазіцыю і апублікаваць у сацсетках пад хэштэгам #день_рождения_мацкевича.

Самыя цёплыя віншаванні арганізатары абяцаюць перадаць Уладзіміру.

Лістуйце філосафу на адрас: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Мацкевічу Уладзіміру Уладзіміравічу