«Каб памятаць, што мы на самой справе тады перажывалі і рабілі». У Варшаве прэзентавалі кнігу пра Плошчу Перамен

У Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве 18 жніўня прэзентавалі кнігу «ПП» пра Плошчу Перамен. У ёй сабраныя фота журналіста і жыхара аднаго з самых пратэсных двароў Мінска Яўгенія Атцецкага, а таксама расповеды яго суседзяў. З выдання можна даведацца, напрыклад, як жыхары Плошчы Перамен спачатку хацелі змясціць выявы дыджэяў у іншым месцы, а Рамана Бандарэнку прынялі за ціхара.


2022-08-18 ПП_АЛ_003.jpg

У кнігу ўвайшлі фота, якія Яўген Атцецкі зрабіў у сваім мінскім двары на вуліцы Чарвякова з 20 жніўня 2020-га да 8 мая 2021-га года. Гэты двор увайшоў у гісторыю беларускіх пратэстаў як Плошча Перамен, бо жыхары зрабілі там мурал з выявай «дыджэяў Перамен» Уладзіслава Сакалоўскага і Кірыла Галанава. Хлопцы былі гукарэжысёрамі на праўладным мітынгу 6-га жніўня 2020-га года і на знак пратэсту пусцілі там кампазіцыю Віктара Цоя «Перемен». Мурал на вуліцы Чарвякова супрацоўнікі ЖЭС нішчылі больш за 20 разоў, і больш за 20 разоў жыхары яго аднаўлялі. Калі-небудзь выява застанецца канчаткова, а пакуль — чакаем перамен.

2022-08-18 ПП_АЛ_004.jpg

Укладаннем тэкстаў для кнігі займалася журналістка Алеся Песенка. Інтэрв’ю з жыхарамі Плошчы Перамен пачалі збіраць у лютым 2021-га. «Тыя словы, што людзі казалі тады — яны былі шчырымі, яны былі дастаткова вострымі, і людзі не цэнзуравалі сябе ў той ступені, як яны, на жаль, робяць гэта цяпер... Мы сутыкнуліся з гэтым на апошняй стадыі рэдактуры тэкстаў, калі пачалі ўзгадняць іх з героямі. Мы пабачылі, што многія з іх хочуць перапісаць ранейшыя тэксты», — распавядаў Яўгені Атцецкі на прэзентацыі ў Варшаве. Праца над праектам вялася з канца 2020-га, больш за год. На пачатку вайны ва Украіне зрабілі паўзу, а потым неўзабаве скончылі працу над кнігай. Яўгена вайна заспела ў Кіеве, на другі дзень ён выехаў у Львоў, дзе жыве дасюль.

2022-08-18 ПП_АЛ_013.jpg Злева направа — рэдактарка тэкстаў у кнізе Алеся Песенка, фатограф Яўген Атцецкі, дызайнерка Меліна Уілсан, перакладчык.

У Алесі звязана з Плошчай Перамен уласная гісторыя: 15-га лістапада 2020-га яна прыйшла туды на акцыю памяці Рамана Бандарэнкі і Аляксандра Тарайкоўскага, якую разагналі сілавікі, і цэлую ноч хавалася ў кватэры незнаёмага ёй да таго дня чалавека разам з яго сябрам і сяброўкай. «Калі я пачала працаваць з інтэрв’ю для кнігі, то ў іншых жыхарах Плошчы Перамен я нібы пазнала сваіх выратавальнікаў, якія пусцілі мяне ў кватэру, хаця гэта былі не яны. Гэтых людзей аб’ядноўвалі агульныя каштоўнасці салідарнасці, падтрымкі і гатоўнасці абараняць сваю маёмасць, двор і свае правы...

Мне здаецца, што Плошча Перамен паказала нам новы тып сацыяльнага, і ён быў уласцівы не толькі ёй. Мне здаецца, што такім дваром мог быць любы двор, але так выйшла, што менавіта гэты двор стаў сімвалам... Мне здаецца, што падобнымі дварамі, супольнасцямі і вызначаецца вобраз будучай Беларусі. Я веру, што ён нікуды не знік».

І сапраўды, пратэсных двароў у Мінску і па ўсёй Беларусі шмат. Жыхары кожнага могуць падзяліцца цікавымі гісторыямі. Нават выява дыджэяў магла б упрыгожваць іншае месца, як можна даведацца з кнігі. Вось фрагмент расповеда Яна, які разам з сябрамі стварыў першы мурал: «Мы дамовіліся сустрэцца а пятай ранку ў парку ля кінатэатра «Кіеў», літаральна за 300 метраў ад месца, дзе пару дзён таму міліцыя затрымала дыджэяў... Хлопцы прынеслі клей і інструменты. Я падрыхтаваў друк мурала... Усё адразу пайшло не паводле плана... Я заўважыў мянтоўскую машыну... Мы кінуліся ўрассыпную... Аказалася, што хлопцы далі дзёру з намочаным клеем трохметровым прынтам у руках. Яны беглі, а раздрукаваныя дыджэі за імі луналі, як сцягі. Гэтак мы па кустах і дабраліся да сябе ў двор на Смаргоўскі тракт. Ідэя наляпіць мурал на сцяну дваровай будкі прыйшла спантанна... Хто тады мог уявіць, якая гісторыя закруціцца вакол гэтай сцяны».

2022-08-18 ПП_АЛ_005.jpg

2022-08-18 ПП_АЛ_009.jpg

Меліна Уілсан, дызайнерка кнігі, цікавіцца маленькімі гісторыямі, якія расказваюць пра нешта большае. На прэзентацыі яна адзначыла: асаблівасць такіх праектаў, як «ПП» — што фатограф належыць да асяродку, з якім працуе, знаходзіцца па абодва бакі камеры: і ўдзельнічае ў падзеях, і здымае іх.

2022-08-18 ПП_АЛ_010.jpg

Кніга прысвечана памяці Рамана Бандарэнкі, на якога напалі на Плошчы Перамен 11-га лістапада. На наступны дзень ён памёр. «На вялікі жаль, гісторыя Плошчы Перамен — гэта не толькі гісторыя салідарнасці, радасці і барацьбы, гэта яшчэ і вялікая трагедыя. Мы памятаем не толькі пра Сцяпана Латыпава, пра іншых людзей, якіх затрымлівалі і затрымліваюць цяпер, і ім таксама прысвячаем гэту кнігу» — казаў Яўген Атцецкі на прэзентацыі. 

Алеся Песенка разважала: «Мне здаецца, што на нашых вачох мінулае губляе колеры. Ужо цяпер мы бачым, што не толькі дзяржаўныя тэлеканалы мяняюць мінулае ў сваіх рэпартажах, але нават частка дэмакратычна арыентаваных людзей пачынае абясцэньваць і па-новаму тлумачыць тое, што адбывалася ў 2020-м годзе. Я не думаю, што гэта кепска, гэта проста ўласцівасці чалавечай памяці. Таму заўсёды вельмі істотна памятаць, што мы на самай справе тады перажывалі і рабілі».

2022-08-18 ПП_АЛ_014.jpg
 Злева направа — жыхарка Плошчы Перамен Дзіяна, рэдактарка тэкстаў у кнізе Алеся Песенка, сястра Рамана Бандарэнкі Вольга

На прэзентацыі ў Варшаве выступіла сястра Рамана Бандарэнкі Вольга. Яна распавяла, што ўпершыню трапіла на Плошчу Перамен 31 кастрычніка, незадоўга да здарэння з братам, бо Раман шмат расказваў пра гэтае месца. Дваровая супольнасць для яго была як другая сям’я. Ён знайшоў там сяброў і магчымасць рэалізаваць сябе. Некалькі гадоў Раман працаваў на не вельмі цікавай для яго пасадзе ў краме, і гэта яго непакоіла. 11 лістапада, у дзень нападу на яго, Раман здаў усе справы на працы і звольніўся. Ужо меў дамоўленасць з фірмай, якая распрацоўвае камп’ютарныя гульні. Яго гатовыя былі ўзяць туды мастаком. Хлопец вельмі доўга пра гэта марыў, і вось калі яго жыццё павярнулася да лепшага, ён яго страціў... 

2022-08-18 ПП_АЛ_011.jpg

З кнігі можна даведацца, як суседзі спачатку выдалілі Рамана Бандарэнку з раённага чата за тое, што той раней служыў у спецназе, але потым вярнулі. А раз нават прынялі яго за ціхара. Вось фрагмент расповеду жыхаркі Плошчы Перамен Дзі: «У пачатку верасня мы з суседзямі стаялі на Плошчы, і нехта скінуў у чат фота Ромы, маўляў, гэта ціхар. Я кажу суседцы: «Быццам бы ціхар побач з намі». А яна да яго пайшла і проста спытала: «Ты ціхар?» Ён стаіць — вочы па пяць капеек: «Не, я Ромка!» Ён быў адзін, апрануты ў сваю чорную байку. Заўсёды з капюшонам на галаве. Рома звычайна адасоблена трымаўся...»

На прэзентацыі выступіла таксама жыхарка Плошчы Перамен Дзіяна. Яна распавяла, што пасля забойства Рамана ў іх двары паўгода стаяў патруль міліцыі. Паўгода яны з суседзямі чакалі магчымасці аднавіць мурал, на знак салідарнасці са Сцяпанам Латыпавым і ў памяць аб Рамане Бандарэнку. І 8 мая 2021-га года ў іх гэта атрымалася.

2022-08-18 ПП_АЛ_015.jpg 

Здымак ад 8-га мая 2021-га года — апошні ў кнізе.

Сястра Рамана Бандарэнкі Вольга казала на прэзентацыі: «Плошча Перамен — гэта для мяне не толькі асобныя людзі, з якімі пасля падзей лістапада 2020-га я пазнаёмілася асабіста, гэта для мяне ўся Беларусь. Там жывуць звычайныя беларусы... Хоць Рома і мой брат, я разумею, што Рома — гэта кожны з нас... І кожны з нас павінен рабіць усё, што можа... каб прынесеныя ахвяры былі недарэмнымі».

Алеся Песенка падзялілася ўспамінамі: «Можа быць, цяпер здаецца, што мы пацярпелі паразу і нам вельмі горка. Але... горыч паразы — гэта ў 2010 годзе лезці праз агароджу дзіцячага садка на вуліцы Калектарнай, ратуючыся ад светлашумавых гранат, бегчы ад АМАП-у па слізкіх парапетах плошчы Незалежнасці, а назаўтра пабачыць, што ўся краіна маўчыць, нібы гэтага і не было... А цяпер нас большасць, а іх купка, і самае прыемнае — што яны пра гэта ведаюць... Мы часта чуем, што не даціснулі. Але мне здаецца, што па-сапраўднаму мы ўпершыню толькі націснулі ў 2020 годзе».

Кніга — частка комплекснага праекта. Таксама праходзяць выставы, працуе сайт.

2022-08-18 ПП_АЛ_016.jpg

2022-08-18 ПП_АЛ_017.jpg

Алена Ляшкевіч, budzma.org