«Будзьма» падрыхтавала для сваіх чытачоў падборку кніг лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры, якія апавядаюць пра дыктатуру праз літаратуру. Гэтыя творы можна аднесці да кірунку, які літаратуразнаўцы ў заходняй традыцыі вылучаюць як «dictator novel».
Мігель Анхель Астурыяс
«Сеньёр прэзідэнт»
Гісторыя Лацінскай Амерыкі багатая не толькі на шматлікія жорсткія дыктатуры, але і на славутыя літаратурныя творы пра дыктатараў і дыктатуры. У сваім рамане ў жанры магічнага рэалізму, напісаным у 1946 годзе, аўтар паказвае сутнасць дыктатуры і яе ўплыў на жыцці асобных людзей. Фігура самога дыктатара ў творы прысутнічае і выяўляецца як бы ўскосна, праз дэталі, чуткі, меркаванні. Яе прататыпам лічаць прэзідэнта Гватэмалы 20-х гадоў, а ўласна ягоную дыктатуру — штуршком да напісання твора.
Марыа Варгас Льёса
«Свята Казла»
Раман перуанскага пісьменніка разгортваецца вакол падзей у Дамініканскай Рэспубліцы, дзе быў забіты дыктатар Рафаэль Трухільё. У сваім творы Льёса, з аднаго боку, пераплятае розныя пункты гледжання (жанчына, змоўшчыкі і інш.), а з іншага — розныя часавыя і сюжэтныя лініі, каб шматбакова адчуць існаванне дыктатарскага рэжыму ў розных яго праявах. Раман прасякнуты і шэрагам скразных праблем, сярод якіх і пытанні іерархіі па гендарнай прыкмеце.
Габрыэль Гарсія Маркес
«Восень патрыярха»
Раман, як і іншыя творы Маркеса, адметны сваёй атмасферай, а дыктатар, персона якога звычайна ўяўляецца жорсткай і страшнай, у творы надзвычай абсурдны і нягеглы. Кніга распавядае пра жыццё дыктатара, які трымаў уладу каля сотні гадоў, ад чаго ператварыўся ў суцэльны міф. Лічыцца, што свайго галоўнага персанажа Маркес стварыў як увасабленне не аднаго, а многіх дыктатараў Лацінскай Амерыкі.
Сінклер Льюіс
«У нас гэта немагчыма»
Пэўна, што матывы, прынамсі прататыпы, аўтараў ЗША і Еўропы адрозніваліся ад лацінаамерыканскіх. Так, раман Сінклера Льюіса з’явіўся ў кантэксце ўздыму фашызму і нацызму ў Еўропе. У творы апісваецца магчымасць узнікнення дыктатуры, аналагічнай дыктатуры Гітлера ці Мусаліні. У кантэксце назвы цікава адзначыць, што Адорна (які пакінуў Нямеччыну) ў сваім “Даследаванні аўтарытарнай асобы” фактычна даказаў наяўнасць усіх неабходных падставаў для ўзнікнення аналагічнага рэжыму.
Кадзуа Ісігура
«Не адпускай мяне»
Варта адзначыць, што гэтая кніга японскага пісьменніка была ўключаная ў спіс 100 найлепшых англамоўных раманаў (з 1923 па 2005 г.), а некаторыя, магчыма, бачылі яе экранізацыю. Кніга з’яўляецца антыўтопіяй і расказвае не столькі пра канкрэтнага дыктатара, колькі пра дыктатуру антыўтапічнай сістэмы, якая спараджае бяспраўных клонаў з мэтай донарства органаў, і тых, хто змагаецца за сваё жыццё ў такой сістэме.
Кірыл Стаселька, budzma.org