«Кніжны воз» — так называецца адмысловая платформа, дзе размяшчаюцца прафесійна агучаныя кнігі на беларускай мове для дзяцей і падлеткаў. «Воз» паспяхова едзе ўжо больш за паўтара гады. Мабільны дадатак можна бясплатна спампаваць на App Store і Google Play. Пра тое, з чаго ўсё пачыналася, як ідзе адбор твораў ды ўзгадненне пытанняў аўтарскіх правоў, што варта рабіць, каб насыціць беларускамоўнае асяроддзе дастатковай колькасцю зместу, пагаварылі са стваральнікам «Кніжнага воза» Міхасём.
— З чаго ўсё пачалося?
— Насамрэч пачалося ўсё даволі даўно. Я заўсёды хацеў зрабіць нешта па-беларуску, нейкае, прыкладанне, нават да канца не ведаў фармат. Нешта адукацыйнае ці хутчэй інфрастукутуру для засвойвання беларускай мовы. У пэўны момант мяне прыцягнуў фармат аўдыякніжак, і я знайшоў людзей, з якімі мы пачалі іх запісваць. Адпаведна зрабілі прыкладанне, дзе мы размяшчалі працы нашай каманды. Праз нейкі час таксама пачала налажвацца камунікацыя з камандамі, што агучвалі іншыя кніжкі, каб сабраць усю гэту працу на нашай пляцоўцы. Але першаснае тое, што мы робім, гэта не само прыкладанне, а менавіта агучванне аўдыякніжак.
— То бок мэта не збіраць старыя, а запісваць новыя аўдыякнігі?
— Дзве мэты фактычна. Гэта па-першае, каб была нейкая адзіная кропка доступу да дзіцячых аўдыякніг, каб гэта было бясплатна і проста ў карыстанні. Вось, напрыклад, дыскі цяпер мне няма дзе паслухаць. Такія рэчы, як падпіскі ў нейкіх платных крамах, таксама не вельмі добры варыянт — размяшчаць на пляцоўцы, дапусцім, рускамоўнай і туды ўставіць частку сваіх кніжак — яны будуць згублены. Патрэбна была адмысловая аплікацыя. На сённяшні момант яна існуе і працуе і на Android, і на iOS, і ёсць вэб-версія для людзей, у якіх, напрыклад, няма мабільнага тэлефона. Ці бываюць людзі, у якіх старая мадэль тэлефона і не падтрымлівае прыкладанне, мы тады ім раім карыстацца вэб-версіяй. Я вяду статыстыку, колькі ў нас усяго кантэнту. На сённяшні момант я магу сказаць, што мы набліжаемся ўжо да лічбы 100 гадзін, больш за 30 кніжак. Прыблізна палову з гэтага мы самі агучылі, палову мы атрымалі ад іншых людзей.
— Якім чынам ідзе адбор кніжак, казак?
— Ва ўсім, што звязана і з літаратурай, і ўвогуле з усім творчым працэсам, ёсць такая рэч, як аўтарскія правы. Вось, напрыклад, кніжку «Маўглі» мы змаглі агучыць ў тым ліку таму, што на яе аўтарскія правы ўжо скончыліся, але не ўсе кніжкі такія. І на нейкія кніжкі, няма нават такой магчымасці, як разава заплаціць за аўтарскія правы і потым іх бясплатна выкарыстоўваць. У іх такая мадэль аўтарскіх правоў, што вы павінны за кожнае праслухоўванне нейкае роялці плаціць. У бясплатным прыкладанні такі варыянт увогуле не працуе. Пакуль што за ўсе аўтарскія правы, на якія мы дамаўляліся, мы ні разу нікому не плацілі. Або мы дамовіліся асабіста з аўтарамі, і яны нам сказалі. «Добра. Запісвайце». Або іншы варыянт, калі аўтарскія правы, як на таго ж «Маўглі» ці «Тома Соўэра», ужо скончыліся.
— То бок атрымліваецца, што з беларускімі аўтарамі Вы дамаўляецеся на выкарыстоўванне, а з замежнай літаратуры бярэце ў большасці сваёй тое, на што ужо няма аўтарскіх правоў?
— Так. Ці, напрыклад, амбасада Швецыі дазволіла нам апублікаваць некаторыя запісы. Ёсць сувязі з некаторымі швецкімі аўтарамі, якія дазваляюць агучыць свае творы. То бок часам атрымліваеца і з замежнымі аўтарамі дамовіцца, але не заўсёды. Першыя паўгады-год, гэта быў насамрэч самы стрымліваючы фактар. На сённяшні дзень мы змаглі дайсці да сітуацыі, калі ў нас на агучванне ёсць, пэўны пул кніжак. Да канца гэтага года дакладна ёсць, што агучваць.
— Што датычыцца беларускіх аўтараў, ці проста з імі дамовіцца?
— Часцей за ўсё працэс дамовы займае 5 хвілін. Усе рады. Бываюць сітуацыі, калі аўтарскія правы яшчэ належаць выдавецтву, бо кніжка новенькая. Тады мы таксама дамаўляемся і з выдавецтвам. Часцей за ўсё ніякіх праблем з гэтым таксама няма. Адзінае што, сучасныя міжнародныя бестсэлеры, на жаль, гэта пакуль для нас закрытая дарога, там ёсць пэўная мадэль роялці, і пакуль мы не прыдумалі, як з ёй працаваць у фармаце бясплатнага прыкладання.
— Пакуль асноўная мэта — папулярызаваць менавіта беларускую літаратуру, так?
— Я б сказаў любую літаратуру на беларускай мове. Большасць літаратуры беларуская, але маем прыклады і замежнай літаратуры. Гэта і «Рабінзон Круза», гэта і «Маўглі», і «Том Соўэр», «Хронікі Нарніі», Пэтсан і Фіндус«. Зараз мы запісваем раман 1764 года. То бок шмат кніжак, якія не адносяцца да беларускй літаратуры, але яны вельмі якасна перакладзеныя на беларускую мову, і яны вядомыя нам у Беларусі.
— Раскажыце трошкі пра каманду, якая займаецца праектам?
— Усе людзі, што ўдзельнічаюць у праекце — прафесіяналы ў сваёй справе. Многія маюць, у тым ліку, і акадэмічную адукацыю, і вялікі досвед. У агучцы ўдзельнічаюць у тым ліку акторы вольнага Купалаўскага тэатра. Запісам, мантажом, музыкай і мастацкім афармленнем займаюцца таксама прафесіаналы ў адпаведнай галіне. Музыку для кніжак, што мы агучваем, мы не купляем дзесьці на інтэрнэт-пляцоўках, яна ўся адмыслова пішацца пад твор. Каманда вельмі матываваная на гэтую працу. Безумоўна, гэта таксама вельмі вялікі плюс.
Актрыса Крысціна Дробыш за агучваннем. Фота з асабістага архіву Крысціны Дробыш
— Як вы самі ацэньваеце поспех? З якімі праблемамі сутыкаліся за час працы?
— Скажу так: на пачатак 2021 года ў прыкладанні было 3 кніжкі, калі праекту ў верасні споўніўся год, было ўжо 10 кніжак, і мая мара была, каб да верасня 2022 іх было 20. Сёння ў нас 31 кніжка, то бок мы гэты план ўжо перавыканалі, у тым ліку дзякуючы і тым кніжкам, якія нам дасылалі іншыя каманды, і дзякуючы таму, што няспынна ідзе запіс новых кніжак.
Алег Гарбуз і Крысціна Дробыш. Фота са старонкі «Кніжнага возу» ў ФБ
— Ці ёсць у Вас статыстыка, колькі спампоўваюць прыкладанне, колькі праслухоўваюць тую ці іншую кніжку?
— Ёсць. Насамрэч я яе гляджу штовечар. Я пачаў весці і глядзець яе летам 2021 года. Тады слухачоў было 20-25 чалавек на дзень. Да нядаўняга часу гэтая лічба была 150-200 чалавек прыблізна. Але вось нядаўна пра нас напісалі многія медыя, і гэтая лічба зараз недзе 500-600 чалавек. Мая мара была, што напрыканцы другога года працы праекта нас будзе слухаць 300 чалавек на дзень, так што мы ідзем больш хуткімі тэмпамі, чым было запланавана.
— Якія кніжкі найбольш папулярныя?
— «Прыгоды мышкі Пік-пік» — гэта адназначны лідар. Калі новая кніжка выходзіць, яна на нейкі час яе пасоўвае з першых пазіцый, але з часам яна вяртаецца ў тройку лідараў. Папулярнасцю карыстаюцца «Прыгоды Пэтсана і Фіндуса». Бывае, што адну кніжку адзін дзень слухае 2 чалавекі, а на наступны дзень 20 чалавек. «Хронікі Нарніі» падабаюцца людзям. Зараз вельмі папулярная кніжка «Том Соўэр», якая нядаўна выйшла. І яшчэ адна з папулярных кніжак «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі. «Маўглі» таксама, то бок многія кніжкі карыстаюцца папулярнасцю.
— Ёсць такое прыкладанне «Краіна казак». Ці разглядаеце вы іх як канкурэнтаў?
— Не, у нас няма канкурэнцыі, мы ўсе робім адну справу. Увогуле ўся інфрастуркутура для беларускай мовы — гэта такая яшчэ не забяспечаная кантэнтам прастора, што тут цяжка казаць пра нейкую канкурэнцыю. Таму мы толькі рады іншым прыкладанням. Я размаўляў са стваральнікам гэтага прыкладання. Некаторыя кніжкі, якія ў нас апублікаваныя, былі апублікаваныя ў іх. Аўтар «Краіны Казак» дапамог мне выйсці на праваўладальнікаў. То бок гэта такая супраца і ўзаемадапамога. Канкурэнцыі ніякай няма.
— Як на вашу думку, якіх кніг не хапае беларускім дзецям? На што варта было б звярнуць увагу беларускім аўтарам?
— Цяжка сказаць. Мне падаецца, на дадзены момант не хапае літаратуры для падлеткаў, для ранняга падлеткавага ўзросту. Хацелася б, каб больш было беларускай літаратуры на гэты ўзрост арыентаванай. Гэта мае назіранні, я магу памыляца. Увогуле я ўсе дзіцячыя беларускамоўныя кніжкі, якія выходзяць, стараюся набыць, знайсці. Я скажу, што людзі, якія іх ствараюць, робяць велізарную працу. Але на жаль, мы пакуль не ў такой сітуацыі, каб дзіця магло вырасці, чытаючы і слухаючы толькі беларускамоўныя кніжкі.
— А што трэба, каб так стала?
— Працаваць, ствараць. Насамрэч, з аднаго боку, таго што ёсць, недастаткова для таго, каб насыціць усе патрэбы дзіцяці. З іншага боку мы бачым, што калі кніжкі выходзяць накладам 2 тысячы, то гэта проста супер поспех. Часцей наклад ад 500 да 1000, а часам нават 300. Невялікі наклад — значыць адсутнасць рэнтабельнасці, ганарару пісьменніку ці перакладчыку. І для чытачоў кошт кніжкі атрымліваецца занадта высокі. Я не магу даць лёгкага рэцэпта, як гэта змяніць. Тут проста трэба гэта рабіць. І чым больш гэта рабіць, тым больш гэтага будзе.
— Наколькі Вы ацэньваеце патэнцыял сваёй аўдыторыі ў тым сэнсе, што яшчэ ў лепшыя гады, калі пісьменнікі маглі ездзіць з прэзентацыямі кніг па школах і бібліятэках, многія скардзіліся на тое, што дзеці кепска разумеюць беларускую мову і аддаюць перавагу рускамоўным кнігам.
— Я на гэтую сітуацыю гляджу крыху інакш. Ёсць людзі, якія хочуць, каб іх дзеці былі беларускамоўнымі, але пры ўсім сваім жаданні арганізаваць гэта складана, таму што дзіцяці не хапае толькі размоў з бацькамі. Дзіцяці патрэбны кніжкі, аўдыякніжкі, кампутарныя гульні, фільмы — карацей, разнастайны кантэнт. Я ўжо не кажу пра адукацыю і іншыя рэчы. Адпаведна я б задаўся не пытаннем, наколькі мы можам атрымаць поспех на шырокую аўдыторыю, а тым, наколькі мы можам дапамагчы бацькам беларускамоўных дзяцей. У Фэйсбуку ў нашай суполцы некаторыя бацькі пішуць: «Ваша прыкладанне — гэта паратунак, бо мы не ведаем, дзе яшчэ гэта ўзяць». А ўвогуле ў Беларусі мільён дзяцей як мінімум ёсць, адпаведна я думаю, што мы знойдзем дастатковую аўдыторыю сярод іх.
— То бок праграма максімум — зрабіць так, каб слухалі ўсе дзеці?
— Няма праграмы максімум. Ёсць праграма актуальная — зрабіць так, каб бацькі маглі выхоўваюць дзяцей па-беларуску, і гэта не ператваралася для іх у другую працу. Каб гэта было натуральна.
Вось чалавек хоча размаўляць на нейкай мове, у яго ёсць усё дзеля гэтага: і тэлебачанне, і адукацыя, і ўсе іншыя рэчы прысутнічаюць. А ў чалавека, які хоча, каб яго дзеці размаўлялі па-беларуску, гэта, на жаль, ператвараецца ў бясконцае змаганне з невялікім шансам на поспех. Наша прыкладанне не зможа замясціць усе сферы, але чым можам, мы будзем падтрымліваць гэтых людзей, іх памкненні.
— Якая яна — Беларусь Вашай мары?
— Гэта Беларусь, у якой беларускамоўны чалавек можа адчуць сябе дома.
Т.П., budzma.org