Галіцка-Валынскі летапіс пераказвае смерць Міндаўга як ледзь не бытавое забойства — помсту за жанчыну. Сапраўды гісторыя дзіўная, ды яшчэ паходзіць толькі з адной крыніцы. Пра гэты сярэднявечны дэтэктыў распавядае Канстанцін Семяновіч.
Наўгародскі першы летапіс
Іншыя хронікі і летапісы абмежаваліся канстатацыяй факту забойства, трохі больш увагі падзеям ў Літве прысвяцілі суседнія наўгародскія і пскоўскія летапісцы.
Наўгародзец паведаміў, што ў Літве выбухнуў мяцеж, маўляў, бог на іх разгневаўся, паўсталі самыя супраць сябе і свае ж сваякі, таемна згаварыўшыся, забілі вялікага князя Міндаўга. Пскоўскі летапісец па-філасофску заваўжыў: «Заратишася Литва межю собою, яко же и всегда бывает княземь межю ими брани многы и кровопролития о суетнемь царствии света сего».
Галіцка-Валынскі летапіс — самая дэталёвая і надзейная крыніца па пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, таму не выпадае аб’явіць гісторыю забойства Міндаўга фантазіяй летапісца. Аўтар летапісу дадумваў маляўнічыя дэталі, пераказваў уяўныя выказванні і прыдуманыя дыялогі (агульнапрыняты стыль тагачасных летапісцаў-храністаў), але ў аснове аповеду ляжалі несумнеўна рэальныя падзеі. Дэталёвае апісанне абставінаў, якія прывялі да забойства, і самога забойства першага гаспадара Літвы не дзівіць — для Галіцка-Валынскага княства гэта была важная палітычная падзея.
Галіцка-Валынскі летапіс пра забойства Міндаўга
Паводле летапісца, прычынай забойства была жорсткая асабістая абраза манархам нальшанскага князя Даўмонта. Калі памерла жонка Міндаўга, той выклікаў да ўдзелу ў пахаванні яе сястру, якая была замужам за Даўмонтам. Потым не пажадаў адпусціць швагерку назад, бо захацеў мець яе за жонку; паводле летапісца, «восхотя пояти свѣсть свою за ся». Дзеля апраўдання гэтага ўчынку, ганебнага ва ўсе часы і эпохі, Міндаўг перадаў словы нябожчыцы, нібыта сказаныя той перад смерцю (вось адзін з прыдуманых летапісцам маналогаў): «Сестра твоя умираючы велѣла ми тя пояти за ся; тако рекла, ать иная дѣтiй не цвѣлить».
Даўмонт адрэагаваў так, як кожны мужчына ў Сярэднявеччы — пастанавіў змыць абразу крывёй, але не мог гэтага ўчыніць адразу, «зане бысть сила его мала, а сего велика». Тады ён знайшоў саюзніка — жамойцкага князя Траняту, а неўзабаве надарыўся зручны выпадак.
Транята. З Хронікі Гваньіні 16 ст.
Міндаўг паслаў сваю дружыну і васальныя войскі ў паход на Бранскае княства. Даўмонт, які нібыта таксама прыняў удзел у паходзе, нечакана павярнуў назад, напаў на двор Міндаўга, забіў таго і двух малодшых сыноў («…усмотри время подобьно собѣ и воротися назад … воротивъжеся назадъ погна вборзѣ, изогна Миндовга, ту же и уби его и оба сына его съ нимъ уби, Рукля же и Репекья»). Дружына Даўмонта не мела шанцаў супраць усяго войска Міндаўга, але яе хапіла, каб справіцца з прыбочнай вартай вялікага князя. Цікава, што Даўмонт учыніў з жонкай? Летапіс пра гэта маўчыць.
Князь Даўмонт. мал.Artūras Slapšys
Зразумела, даследчыкі ўбачылі ў замаху палітычную падаплёку паводле прыцыпу — шукай, каму выгадна. Месца Міндаўга заняў Транята (належаў да роду Міндаўга) і, хто ведае, ці не ён гэта падштурхнуў Даўмонта да помсты — мяркую, доўга ўгаворваць таго не давялося. Камбінацыя для Траняты атрымалася выгадная — фармальна ў забойстве гаспадара не ўдзельнічаў, трон заняў па праве родства, несумненна, быў заранёў падрыхтаваны, каб хутка з’явіцца ў сталіцы з усёй сілай.
Старэйшы сын Міндаўга Войшалк не меў спадзеву, што статус манаха, асобы па-за свецкім жыццём уратуе яму жыццё, тым больш перад язычнікамі, таму адразу пасля забойства бацькі ўцёк у недалёкі Пінск.
Забойства Міндаўга выклікала першы палітычны крызіс у Літве, але шчаслівым лёсам маладая дзяржава ацалела. Насуперак тагачаснай практыцы, суседнія дзяржавы не накінуліся на яе з усіх бакоў, каб адарваць кавалак зямлі, або і ўвогуле падзяліць. Сітуацыя звонку на той момант аказалася спрыяльнай для Літвы. Тэўтонскі ордэн быў заняты здушэннем паўстання прускіх плямёнаў. Польшча перажывала перыяд феадальнай раздробленасці. На ўсходзе і поўдні ўсходнеславянскія княствы не адышлі яшчэ ад жаху (5) мангольскага нашэсця. Зусім нядаўна, у 1259 г., манголам паддалася Галіцка-Валынская дзяржава.
Палітычны крызіс у Літве аказаўся кароткім, улада стабілізавалася ўсяго за некалькі месяцаў. Смерць Міндаўга выклікала жорсткае змаганне за вярхоўную ўладу і пацягнула за сабой шэраг новых забойстваў.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org