Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
У чым розніца паміж тытулам Вялікага князя і караля? Хто фактычна быў першым каралём у Літве? Якія два браты лічыліся адначасова каралямі нашай гістарычнай дзяржавы? Чаму Вялікія князі Літоўскія не прагнулі называцца каралямі? Як князю Ягайлу ўдалося стаць каралём?
На гэтыя пытанні дае адказы ў чарговым відэа гісторык Алесь Краўцэвіч.
Расшыфроўка відэа:
Наш глядач прыслаў пытанне: «Даўно яшчэ заўважыў, што суседнія еўрапейскія храністы, летапісцы, каралі і іншыя, называлі Вялікіх князёў літоўскіх каралямі, цікава, чаму? Ці яны не ведалі, хто такі Вялікі князь, але ж там такіх называли вялікі герцаг, ці ў іх усе, хто валодае дзяржавай, гэта кароль, вось не зразумела, а можа, увогуле Альгерд і Кейстут былі сапраўды каралямі? То тады пытанне, а чаму Ягайла і Вітаўт не былі каралямі? Вітаўт нават ледзь не каранаваўся? Вось цікава, так чаму ж нашых Вялікіх князёў заўсёды называлі каралямі?».
Сапраўды, ёсць розніца ў тытулатуры нашых гаспадароў на Усходзе і на Захадзе. Калі заглянем ва ўсходнеславянскі летапіс, напрыклад, такі салідны, як летапіс Вялікага Ноўгарада, то там ліцвінскія гаспадары тытулуюцца «вялікімі князямі», пачаўшы ад першага гаспадара — Міндоўга, вось як у тэксце пра яго забойства: «Таго ж лета і ў Літве быў мяцеж, Бог папусціў на іх гнеў свой: паўсталі самыя на сябе, забілі князя вялікага Міндоўга свае суродзічы, згаварыўшыся ў патаемна ад усіх» (Першы Наўгародскі летапіс, с. 313).
У той самы час у заходнееўрапейскіх хроніках нашыя князі тытулуюцца каралямі, нават калі яны не былі афіцыйна каранаваныя. Гедымін у сваіх лістах на Захад называўся «каралём ліцвінаў і русінаў» (letphinorum ruthenorumque rex), Папа Рымскі пісаў: «Слаўны муж Гедымін, кароль ліцвінаў і многіх русінаў».
Дык можа, гэта проста ветлівы зварот пісьмовай мовы і ніякага асаблівага сэнсу ў яго не ўкладаецца? Ды не, у сярэднявечнай Еўропе феадальная, сацыяльная іерархія была важнай часткай, асновай грамадскага ладу, ёй надавалі асаблівую ўвагу і строга трымаліся тытулаў: кароль, герцаг, граф, барон, у гараджан мэтр і г. д.
У інфлянцкіх, нямецкіх хроніках і актах XIII ст. полацкі князь тытулуецца каралём — пішацца рэкс-кароль, часам нават магнус рэкс — вялікі кароль. А старэйшынаў балцкіх плямёнаў, у тым ліку летапісных літоўцаў: dux, nobilis, magistratis, castellanus, capitaneus і г. д. Дарэчы, гэта яшчэ адно сведчанне пра адсутнасць летувіскай раннефеадальнай дзяржавы.
Ці возьмем Альгерда з Кейстутам. У заходніх хроніках і дакументах (найперш крыжацкіх) яны заўсёды тытулаваліся каралямі. Пры гэтым у крыжацкай хроніцы маглі абазваць язычніка Кейстута «шалёным сабакам». Аднак у непасрэдных кантактах, па сведчанні таго ж храніста, рыцары-тэўтоны адносяцца да яго з вялікай павагай і аддаюць каралеўскія гонары.
Вось цікавы эпізод крыжацка-ліцвінскай вайны, калі падчас паходу на Прусію сын Кейстута ледзь не ўтапіўся ў бурлівай рацэ. Аднак мясцовы крыжацкі ўраднік выцягнуў яго з ракі і, цытую: «узрадаваны, паклаў на воз і паслаў дадому, хацеў спадабацца каралю Кейстуту, бо то быў яго сын і аддаць яго яму як вялікі падарунак».
Выснова: заходнія каралі, папы і імператары называлі нашых вялікіх князёў каралямі, бо прызнавалі іх такімі дэ-факта, як рэальных манархаў моцнай дзяржавы. І тут узнікае пытанне, а чаму нашыя вялікія князі не згаджаліся на прызнанне іх каралеўскага статусу дэ-юрэ, менавіта далучэнне праз афіцыйную каранацыю да ганаровага шэрагу еўрапейскіх манархаў? Прапановаў было шмат, а яны іх не прымалі, або спачатку давалі згоду, а потым адмаўляліся, вось як Гедымін ці ягоны сын Кейстут.
Адказ даволі відавочны — нашыя вялікія князі не бачылі ў гэтым палітычнага сэнсу і выгоды для сябе і сваёй дзяржавы.
Ліцвінскі гаспадар не меў над сабой нікога, а вышэй за еўрапейскіх каралёў былі яшчэ імператар і Папа Рымскі. Вялікі князь маскоўскі быў васалам татарскага хана і называў яго цэзарам, у скароце царом.
Вялікія князі літоўскія ад Міндоўга да Альгерда з Кейстутам яшчэ не разумелі, аб’ектыўна не маглі разумець неабходнасці і непазбежнасці ўваходу ў палітычную сістэму Захаду, далучэння іх краіны да заходняй цывілізацыі. Права не даспела, колькасць яшчэ не перайшла ў якасць. Афіцыйна Літву ў Еўропу ўвёў толькі сын Альгерда Ягайла, і тое толькі таму, што тое адпавядала ягоным асабістым кар’ерным планам. Фармальна вялікі князь быў ніжэйшым па рангу за караля. Ліцвінскія гаспадары так і не сталі каралямі па прычыне супраціву Польшчы. Польскія палітыкі хацелі мець юрыдычную падставу для інкарпарацыі Літвы ў Польскае Каралеўства.
Пра разгром тэўтонамі літвінскага войска глядзіце па спасылцы.