З пачатку наступнага года ІП больш не змогуць займацца выдавецкай дзейнасцю

З 1 студзеня 2026 года ў Беларусі зменіцца парадак ажыццяўлення выдавецкай дзейнасці і дзейнасці распаўсюду друкаваных выданняў.

Knihi

Так, з пачатку наступнага года індывідуальныя прадпрымальнікі больш не змогуць займацца выдавецкай дзейнасцю, піша officelife.media са спасылкай на mininform.gov.by.

Тым не менш ІП, якія ўжо зарэгістраваныя як выдаўцы ў дзяржаўным рэестры, могуць да 31 снежня бясплатна замяніць свае пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі на новыя ў выпадку стварэння імі ва ўстаноўленым парадку камерцыйнай арганізацыі, заснаванай адной асобай.

Спіс відаў дзейнасці, згодна з якім дазволена быць ІП і самазанятым, з’явіўся ў ліпені 2024 года, з 1 кастрычніка таго ж года рэгістрацыю новых ІП з відамі дзейнасці, якія не ўвайшлі ў гэты пералік, спынілі.

Пры гэтым для ІП у новым годзе застанецца магчымасць працягваць гандаль друкаванымі выданнямі, але толькі раздробна.

У ведамстве таксама звярнулі ўвагу, што індывідуальным прадпрымальнікам, зарэгістраваным у Дзяржаўным рэестры ў якасці распаўсюднікаў друкаваных выданняў, якія ажыццяўляюць аптовы гандаль і не стварылі камерцыйную арганізацыю, заснаваную адной асобай, неабходна накіраваць у Міністэрства інфармацыі адпаведнае паведамленне аб унясенні змяненняў у Дзяржаўны рэестр.