Творы Якуба Коласа пераклалі на мальційскую мову

Пра гэта паведамляе выданне «Звязда».


yakub_kolas_in_office_0.jpg

Ёсць у Міжземным моры на Мальційскім архіпелагу такая краіна — Мальта. Насельніцтва — крыху болей за паўмільёна чалавек. Літаратура развіваецца на мальційскай мове.

Сувязяў літаратурнага характару паміж Беларуссю і Мальтай асаблівых не назіраецца. Праўда, на Мальційскім кніжным кірмашы ў 2019 годзе прысутнічала невялікая дэлегацыя ад беларускіх кнігавыдаўцоў. З яе прадстаўнікамі тады і пазнаёмілася мальційская паэтэса Яна Псайла. Менавіта яна падрыхтавала на мальційскую мову пераклад урыўка з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф». Нагадаем, што кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету» выходзіла ўжо чатыры разы. Спадзяёмся, што ў пятым выданнні абавязкова будзе і мальційскі пераклад.

А ў самой Мальце Яна Псайла надрукавала свае пераклады на мальційскую мову вершаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа «Не бядуй!» і «Родныя вобразы». Першы твор надрукаваны ў 2022 годзе ў часопісе-штогодніку Мальційскага ўніверсітэта «Лехен іль-Мальці» (нумар выдання — 41). А «Родныя вобразы» — у штодзённай газеце Мальты «іт-Торча» 4 снежня 2022 года. У Беларусі верш Я. Коласа на мальційскай мове ўбачыць свет у анталогіі аднаго верша Якуба Коласа «Родныя вобразы» на мовах народаў свету".

Яна Псайла шмат перакладае з паэзіі славянскіх народаў. Сярод яе здабыткаў — і пераўвасабленне на мальційскую мову твораў Адама Міцкевіча і Тараса Шаўчэнкі.