Колькі дзяцей павінна быць у класе? З гэтага навучальнага года будуць прынятыя новыя нормы

У гэтым навучальным годзе школу чакае змена напаўняльнасці класаў. Цяпер яна будзе вылічвацца зыходзячы з велічыні школьных памяшканняў.


dfbsfdbdf.jpg

У старым дакуменце напаўняльнасць была строга прапісаная: у пачатковай школе, напрыклад, у класе магло займацца максімум 20 вучняў, у 5-6 класах — 25 (у гімназіях — 20).

Паводле нормаў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі адзіных лічбаў больш не будзе. Напаўняльнасць пачнуць разлічваць зыходзячы з патрэб навучальнай установы і велічыні кабінетаў.

— Гэта не значыць, што з гэтага навучальнага года класы будуць па 34-40 чалавек. Ніякім чынам. Тут дзейнічаюць санітарныя нормы і правілы, якія ўстаноўлены пастановай Саўміна. У ім выразна прапісана: у класе можа быць такая колькасць навучэнцаў, каб на кожнае дзіця ў памяшканні было два квадратныя метры, — распавяла Ірына Каржова, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі. — Улічваючы, што на другой і трэцяй ступені адукацыі навучэнцы пераходзяць з аднаго кабінета ў іншы, усе навучальныя кабінеты павінны адпавядаць гэтаму патрабаванню.

Калі памяшканні ў школе маленькія, то і напаўняльнасць у класах павінна быць менш. Калі ж плошчы дазваляюць пасадзіць 26-28 навучэнцаў, то класы могуць быць і такімі.

Ірына Каржова супакоіла бацькоў: па сорак чалавек у класах не будзе.

— У нас няма праектаў устаноў адукацыі, якія б дазвалялі столькі дзяцей пасадзіць, — сказала яна.