У сталічным камітэце адукацыі лічаць, што беларускую мову добра выкладаюць і ў рускамоўных школах, піша «Наша ніва».
Намесніца старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова адзначыла на БТ, што на працягу апошніх пяці гадоў колькасць беларускамоўных класаў у Мінску не памяншаецца.
Яна трымаецца ў межах 160–170 класаў. У гэтым годзе ў сталіцы на беларускай мове пачалі працаваць 17 першых класаў, паведаміла чыноўніца.
І дадала, што ў рускамоўных школах беларуская мова выкладаецца не горш.
«Вынікі навучання беларускай мове мы цудоўна назіраем на прыкладзе ўдзелу нашых сталічных школьнікаў і гімназістаў у рэспубліканскім этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Кожны год нашы дзеці прывозяць з заключнага этапу алімпіяды прыкладна 7–9 дыпломаў».
У мінулым навучальным годзе з 9 дыпломаў заключнага этапу алімпіяды па беларускай мове 8 атрымалі дзеці, якія навучаюцца ў рускамоўных школах і гімназіях сталіцы.
«Ці гэта не паказчык якаснай працы настаўнікаў беларускай мовы ў звычайных школах?» — заўважыла Смірнова. Сітуацыю ў школах яна каментавала па-беларуску.
Раней чыноўніца ў інтэрв’ю выданню «Мінск-Навіны» расказала, што сёлета ў першы клас у Мінску пайшлі 22 тысячы вучняў. Для іх створана каля 860 класаў. Такім чынам, колькасць беларускамоўных класаў складае менш за 2%.