Міністр культуры Руслан Чарнецкі нядаўна заявіў, што гледачы павінны прыходзіць у тэатр «як на свята». Ідэя пра дрэс-код выклікала актыўнае абмеркаванне. Піша «Наша Ніва».
Сцэна са спектакля «Ладдзя роспачы» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Фота: rtbd.by
Міністр Руслан Чарнецкі, які працягвае выступаць на сцэне і як акцёр, у эфіры тэлеканала АНТ выказаўся пра ўвядзенне дрэс-коду для гледачоў у тэатрах Беларусі.
«Людзі павінны разумець, што паход у тэатр — падобны да свята. Вельмі шмат народу працуе, каб стварыць гэтае свята для гледача — гэта, па-першае. Па-другое, гэта, напэўна, будзе выражэннем стаўлення да працы гэтых людзей», — сказаў Чарнецкі.
Адразу падтрымала Чарнецкага прапагандыстка БелТА Алена Елавік — рэдактарка аддзела газеты «7 дзён», што выходзіць пры дзяржаўным інфармагенцтве.
Яна апублікавала ў Threads фотаздымкі з аднаго з самых вядомых сусветных тэатраў La Scala. Маўляў, была ў міланскім тэатры оперы і балета некалькі гадоў таму — дык публіка там як у трамваі: «У вячэрніх уборах — лічаныя адзінкі. Прычым многія не здаюць верхняе адзенне, хоць гардэроб працуе выдатна. Паход у тэатр — падзея. Прынамсі, нас так выхавалі. І мы з сабой нават зменку бралі. Ды і сёння шмат хто гэтак жа робіць».

Ёй адказала Алена Маставенка, былая дырэктарка Гомельскага гарадскога моладзевага тэатра: «Вы нагадваеце злосную бабку-«багамолку», якая шыпіць на маладых, калі тыя прыходзяць у царкву апранутымі не так, як хочацца гэтай бабцы. Я працавала дырэктаркай тэатра. І дакладна ведаю: няхай лепш чалавек прыйдзе глядзець спектакль у джынсах і майцы, чым увогуле не прыйдзе праз тое, што ў яго няма строгага касцюма ці вячэрняй сукенкі. Асабліва гэта датычыцца маладых людзей, у якіх няма набораў адзення на кожны выпадак жыцця. Хлеў — у галаве, а не ў джынсах».
Трэба адзначыць, што лайкамі прапагандыстку Алену Елавік падтрымалі 158 чалавек, а яе апанентку з сусвету тэатра — 2400 чалавек.

Актыўнае абмеркаванне ідэі дрэс-коду разгарнулася ў Threads тэатральнай блогеркі Юліі Шрамчанка. Былі галасы і «за», і «супраць».
Але аматары тэатра агучылі аб’ектыўныя прычыны, якія перашкаджаюць прытрымлівацца дрэс-коду.
«Вось я быццам бы «за». Але! У снежні прыйшла ўмерана прыбраная ў драмтэатр у Гродне. Яшчэ думала, можа, трэба было святочней. У антракце наведваю санвузел, а тамака ён па тыпе «дзірка ў падлозе». І як вось гэтым скарыстацца, будучы пры парадзе? У мяне не вяжацца гэта ў галаве: вячэрні ўбор, шпількі і «гэта», — напісала адна дзяўчына.

Яе падтрымала яшчэ адна тэатралка: «А як туалеты ў філармоніі? Ці ёсць петыцыя супраць гэтых негуманных выпадкаў пекла?».
Існуюць і іншыя праблемы: «Мы тут у студзені былі на спектаклях Рускага драматычнага ў Палацы прафсаюзаў. У залі стаяў такі жудасны холад, што большая частка народа сядзела ў футрах і пухавіках. А хацелі ісці ў святочным».

Блогерка Юлія пагадзілася: «Так, і ў Доме літаратара зімой заўсёды жудасна холадна. Святочны пухавік мець у гардэробе, імаверна, трэба? Да ўладальнікаў футраў пытанняў няма».
З холадам сутыкаюцца не толькі сталічныя тэатралы: «Хадзілі глыбокай восенню і напрыканцы зімы ў Віцебскі драматычны тэатр. Дубак такі, што прыйшлося ў антракце ісці ў гардэроб па верхняе адзенне. Усе сядзелі і стукалі зубамі. Вы пра які дрэс-код кажаце? Акцёрам усё роўна, хто і ў чым туды прыйшоў».

Дарэчы, праблему з тэмпературай у тэатрах прызнала нават прапагандыстка БелТА. Алена Елавік напісала: «У большасці нашых тэатраў вельмі цёпла. Але, канешне, бываюць выключэнні. У Доме афіцэраў, напрыклад, часта дубак. Вось у такім выпадку лепш, канешне, паклапаціцца пра здароўе. Сама нядаўна трапіла ў такую сітуацыю. У антракце пайшла ў гардэроб і забрала паліто. Так зрабілі і іншыя наведвальнікі».

Ёсць у жанчын і іншыя пытанні: «Паважаны міністр, а вы спрабавалі залазіць па высачэзных прыступках тралейбуса ў вячэрняй сукенцы? А калі дадаць галалёд і шпількі? І памножыць на тое, што пакеты (з ботамі) гардэроб не прымае? І ці гатовыя тэатры прымаць на вешалкі параднае футра без пяцелькі, бо ніводная пяцелька не вытрымлівае вагу доўгага футра?».
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.