«Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава: Чорны

29.05.2017 Мастацтва

Напярэдадні  прэзентацыі кнігі Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі», якая адбудзецца 30 мая ў Мінску, распачынаем публікацыю асобных раздзелаў гэтага выдання. На сайце ўжо даступна ўступнае слова аўтара, а цяпер надыйшоў час колераў. Першым з іх быў Белы, цяпер Чорны. Кніга «Колер Беларусі» – гэта вынік шматгадовых культуралагічных даследванняў Міхала Анемпадыстава. Варта адзначыць, што гэта не простая кніга, але шыкоўна аздоблены альбом, які будзе цікавы не толькі адмыслоўцам, але і шырокаму колу чытачоў.

 

 

Слова “чорны” паходзіць ад праславянскага čьrnъ, яно ў сваяцтве са старажытнапрускім кirsna(n) (чорны) і старажытнаіндыйскім kṛṣṇa (чорны).

У класічнай мадэлі чорны колер утварае бінарную апазіцыю з белым, падзяляючы сусвет на гэты і той, наш і не наш, людскі і нялюдскі. У беларускай традыцыі такая ярка выяўленая апазіцыя адсутнічае, і таму больш карэктна было б казаць пра свет “засвоены” і “незасвоены”. Незасвоеная прастора маркіруецца хутчэй не чорным, а сінім колерам, прычым не ў сучасным яго разуменні, а ў архаічным, дзе ён адпавядае сённяшнім цёмна-шызым адценням. Зрэшты, ведыйскае “кршна” азначае не толькі імя бога і не проста чорны колер, а колер чорна-сіні. Чорны колер у беларускай народнай міфа-паэтычнай творчасці пазбаўлены выразнай касмалагічнай нагрузкі. Не мае ён і адназначна негатыўнай канатацыі. Гэтаксама як белы, чорны колер полісемантычны і яго па-рознаму трактавала народная культура і культура эліты, што, найболей верагодна, звязана з розным узроўнем засваення хрысціянскага светапогляду.

Не ведаю, ці можна казаць пра негатыўны змест чорнага ў звязку з ягонымі магічнымі ўласцівасцямі, якія дапамагаюць кантактаваць з цёмнымі сіламі, весці з імі перамовы і нейтралізоўваць іх шкодны ўплыў. З пункту гледжання хрысціянства гэта тое, чаго рабіць нельга, але калі кіравацца прагматычным сэнсам, то здольнасць нейтралізаваць злыя сілы – гэта хутчэй плюс, як мінімум неабходнасць. Народная традыцыя ў якасці медыятараў згадвае хатнія жывёлы чорнага колеру – ката, пеўня, казла, сабаку. Разам з тым у беларускім фальклоры хапае гісторый, дзе прысутнічае вобраз “чорнай жанчыны”, як прадвесніцы хваробы, мору, бяды, як чарадзейкі, вядзьмаркі або прывіда. Ва ўсіх гэтых гісторыях праглядаюцца агульнаеўрапейскія сюжэты ў іх мясцовых інтэрпрэтацыях. Сімволіка чорнага як колеру смерці, жалобы, пакоры магутным пластом прысутнічае ў нашай культуры, але наўрад ці яе можна назваць базавай.

У эпоху барока культ смерці стаўся адным з важных складнікаў сармацкага этасу. Да смерці рыхтаваліся грунтоўна і загадзя, пахавальныя цырымоніі расцягваліся ў часе, а жалоба доўжылася гадамі, квітнелі такія мастацкія жанры, як эпітафія, трумны партрэт, надмагільны помнік. Падчас жалобных цырымоній ужываліся розныя “шляхетныя” колеры – кармазін, срэбра, золата, але галоўным колерам жалобы быў чорны. Фон сармацкага партрэта таксама заўсёды чорны – ён найлепей ствараў тэатральны эфект. Сармацкі стыль увогуле быў вельмі, калі можна так сказаць, тэатральным. Як і само барока. Смерць сапраўднага сармата была апошнім актам тэатральнага дзейства, за якім апускалася пышная баракальная заслона.

Неад’емнай часткай сармацкага строя з’яўляўся т.зв. “пас кунтушовы”, першапачаткова экспартаваны з Турцыі і Ірана, пазней пачаў вырабляцца і на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Найлепшымі з паясоў мясцовага вырабу лічыліся слуцкія. Самы просты слуцкі пас называўся аднабаковым, але меў два розныя малюнкі з адваротных бакоў свайго палотнішча. Вырабляліся таксама двухбаковыя і нават чатырохбаковыя паясы. Адзін з бакоў звычайна рабіўся жалобным – з выкарыстаннем срэбра і чорнага колеру. Аднак чорны колер вельмі часта прысутнічае і на святочных малюнках паса, там ён падкрэслівае бляск залатых нітак асновы і на кантрасце спалучае іншыя колеры. Можна сказаць, стварае эфект вітража. Той жа прынцып вітражнасці мы бачым у маляванках Алены Кіш, Язэпа Драздовіча і інш., калі коштам чорнага тла “збіраюцца” і ўзмацняюцца колеры іншых фарбаў, звычайна бруднаватых і не надта згарманізаваных. Маляваць даводзілася тым, што было даступна ў паваеннай Беларусі.

BW1

Адначасна чорны колер – знак пакоры, простасці, адасаблення ад мірскіх радасцей і спакус. Гэтыя катэгорыі захоўвала і прэзентавала шматлікае манаства. У часы росквіту сарматызму таксама. Чорны ў гэтай эстэтыцы сімвалізаваў адну з мажлівых дарог да Бога, гэтаксама як іншыя шляхі пазначаліся белым, шэрым, брунатным. Нельга ўявіць гістарычны краявід Вялікага Княства без стрыманай палітры манаскіх хабітаў. Чорным колерам карысталіся бенедыктынцы і бенедыктынкі, баніфраты і езуіты, піяры і марыяне. Брунатны насілі кармеліты і кармеліткі, францішканцы і бернардынцы. Белы – дамініканцы і дамініканкі, цыстэрыяне, паўліны, картузы, трынітарыі. Шэры – сёстры брыгіткі і салезіянкі.

Па-свойму трактаваў чорны колер пратэстантызм, ідэі якога былі папулярнымі сярод часткі магнатэрыі і шляхты. Ён не супрацьстаўляў чорнае беламу, а гарманічна спалучаў. Аддаючы перавагу колерам практычным і няяркім, пратэстанцкая эстэтыка шанавала парадак, строгасць, рацыянальнасць. Чорнае з белым – гэта вельмі рацыянальнае спалучэнне.

У канцы XVIII ст. яго абяруць прадстаўнікі “пратэстанцкіх” плыняў у юдаізме, апрануўшыся ў чорнае на знак жалобы па страчаным Вялікім Храме, і неўзабаве ўся габрэйская супольнасць паступова заменіць рознакаляровае адзенне на чорныя, з акцэнтам белых дэталяў, строі.

Напярэдадні паўстання 1863-га, ва ўмовах забароны палітычных свабод, адзенне чорнага колеру як знак жалобы было адной з нешматлікіх даступных формаў грамадзянскага пратэсту супраць расійскага панавання. Разам з тым нашэнне жалобы набыло характар канкурэнцыі культур, так, як гэта адбывалася і ў іншых праявах штодзённага жыцця цягам усяго ХІХ стагоддзя. Жалоба мусіла быць яшчэ і “элеганцкай”. Дамы шылі адмысловыя чорныя строі, да якіх падбіраліся чорныя ж аксесуары і біжутэрыя. Адказам расійскіх уладаў была забарона нашэння жалобы ў публічных месцах.

На пачатку ХХ ст., разам з ростам фабрычнай вытворчасці тканін і ўніфікацыяй грамадства, чорна-белы строй стане найбольш распаўсюджаным тыпам адзення для ўсіх канфесійна-этнічных і сацыяльных груп насельніцтва.

І ўсё ж такі, вяртаючыся да невыразнай апазіцыі белага і чорнага… У нашай традыцыйнай светапогляднай мадэлі не ўсе класічныя апазіцыі прысутнічаюць, а тыя, што ёсць, згладжаныя і размытыя. Дыхатаміі кшталту Бог – д’ябал, праўда – няпраўда, дабро – зло ў нашай традыцыі набываюць выгляд несіметрычны, скажоны, “крывы”. Богу ў беларускім фальклоры супрацьпастаўляецца блазнаваты чорт, нячысцік, праўдзе – крыўда, а дабро са злом разбаўлены максімамі кшталту “можа, так і трэба”.

Сучасная археалогія трактуе эпоху неаліту як стартавую цывілізацыйную пазіцыю дзеля засваення чалавекам свету. У эпоху неаліту ўзнікаюць розныя тыпы археалагічных культур, якія, у сваю чаргу, фармуюць асновы светапогляду. У нашым выпадку гэта так званая “культура прысваення лясной зоны”, то-бок культура, матэрыяльнай асновай якой былі паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва, а месцам лакацыі – лясная зона поўначы Еўропы. Гэты тып культуры праіснаваў тысячагоддзі – для пераходу да вытворчых формаў гаспадарання тут не было ані прыдатных прыродна-кліматычных умоў, ані патрэбы (стымулу), бо прыродных рэсурсаў хапала з лішкам.

Лес мае адметную прасторавую структуру, карацейшы шлях тут не па наўпроставай лініі, а паводле крывой. У лесе не бачная лінія далягляду, а гарызантальная прастора мае дадатковае вертыкальнае вымярэнне ў выглядзе дрэваў, над кронамі якіх – неба. Лес быў для чалавека і домам, і крыніцай харчавання, і адначасова пагрозай. З лесам трэба было суіснаваць, з лесам трэба было “дамаўляцца”. Таму тут узнікла адмысловая магія паляўнічых, рыбаловаў, збіральнікаў, якая паступова сфармавалася ў светапоглядны комплекс, для якога характэрна татэмізацыя жывёл, птушак, раслін, а навакольная прастора азначана адмысловымі месцамі, якія шануюцца і ахоўваюцца. Космас людзей лесу пранізаны шматлікімі і складанымі сувязямі на розных узроўнях, тут няма абсалютных катэгорый дабра і зла, і хаця вышэйшыя багі найлепей пачуваюцца на нябёсах, малодшыя з іх жывуць сярод людзей. Космас людзей лесу – эластычны, ён пазбаўлены жорсткай арганізацыйнай структуры і абсалютных катэгорый.

У народаў вытворчых культур зоны стэпу, аседлых земляробаў і жывёлагадоўцаў-качэўнікаў паўставалі другія формы вераванняў, іншыя светапоглядныя канцэпты, якія розніліся як ад светапогляду людзей лесу, гэтак і міжсобку. Выжыванне супольнасці земляробаў болей залежала ад ураджаю, а значыць ад колькасці святла і цяпла, умоў надвор’я, урадлівасці глебы. Таму ў земляробаў узнікаюць культ урадлівасці, салярны культ, каляндарна-абрадавая магія. Характар навакольнага асяроддзя, краявід тут таксама іншыя, адрозныя ад лясной зоны. Гэта адкрытая прастора, звышбуйны маштаб якой задаюць зямля і неба, а адлегласці міжсобку злучаюцца простай лініяй. Усё гэта разам фармуе тып светапогляду, які бачыць свет у абсалютных катэгорыях, здольных абагульняць і ствараць дакладна акрэсленыя апазіцыі. Умоўная мяжа паміж стэпам і лесам спрадвеку была адным з важных маркераў ідэнтычнасці. Гэта добра бачна на прыкладзе харонімаў і этнонімаў зоны прыродна-кліматычнага памежжа. Харонімы: Палессе і Падляшша. Этнонімы: палякі, паляне, палякшане, дрыгавічы, палешукі.

“Культура прысваення” існавала ў нашым рэгіёне цягам тысячагоддзяў, фактычна да пачатку эпохі жалеза, разам з якой пачаўся актыўны пераход да больш прадуктыўных формаў земляробства і жывёлагадоўлі. Гэты пераход адбыўся яшчэ ў балтаў, непасрэдных нашчадкаў культуры паляўнічых. Новыя ўмовы гаспадарання кардынальна мянялі лад жыцця, але старая светапоглядная мадэль аказалася дастаткова гнуткай, каб адаптавацца. Пра складаную, добра распрацаваную сістэму вераванняў старажытных балтаў распавядаюць сярэднявечныя храністы, шмат архаічныя ўяўленняў і вераванняў, звязаных са светапоглядам паляўнічых, захаваў (да пачатку ХХ ст. уключна) літоўскі і часткова беларускі фальклор. Апошні спалучае гэтыя вераванні з новай каляндарна-абрадавай магіяй земляробаў, носьбітам якой былі славяне. Што характэрна, у літоўскім фальклоры гэты тып народна-паэтычнай творчасці прадстаўлены ў асноўным у зоне беларуска-літоўскага сумежжа.

Працэс славянізацыі цяперашніх беларускіх земляў, які расцягнуўся болей чым на тысячагоддзе, на думку большасці даследчыкаў, меў пераважна мірны характар. Праз адсутнасць пісьмовых крыніц на ранніх этапах, ягоная дынаміка адсочваецца па наяўнасці славянскага альбо балцкага археалагічнага матэрыялу ў археалагічных слаях, а таксама па характары мясцовай тапанімікі – балцкай або славянскай. Зыходзячы з гэтага можна казаць пра працяглае існаванне на тэрыторыі сучаснай Беларусі (на пэўных этапах) умоўна-славянскіх і ўмоўна-балцкіх земляў, аднак частка яе тэрыторыі ўяўляла сабой тэрыторыі, на якіх жылі балты і славяне, утвараючы большыя і меншыя анклавы, цераспалосіцу альбо месцы супольнага пражывання.

З’яўленне славян на нашых землях, на Палессі, Верхнім Падняпроўі і Падзвінні, звязваюць з вялікім перасяленнем народаў. Каланізацыя імі Падняпроўя звязаная з засваеннем галоўнай воднай артэрыі на шляху поўнач-поўдзень. Складана, аднак, знайсці прычыны, якія б стымулявалі славян для далейшага прасоўвання ў глыб лясных тэрыторый. Перанасялення ў славянскіх племянных цэнтрах не назіралася, людзей увогуле было тады мала, а незаселеных месцаў шмат. Нават ад моманту ўзнікнення рускіх княстваў кантроль над аддаленымі тэрыторыямі ажыццяўляўся праз будаўніцтва апорных фарпостаў-градаў і не меў на ўвазе фізічную прысутнасць на ўсім абшары.

Таму найбольш праўдападобнай формай выглядае славянізацыя праз культурнае перайманне. Прычынамі такога паэтапнага пераймання мог быць цэлы шэраг аб’ектыўных фактараў, таксама паэтапных – наяўнасць у славян больш актуальнай для вытворчых формаў культуры комплексу вераванняў, больш эфектыўная сацыяльная арганізацыя, прыўнесеная пад канец тысячагоддзя варагамі, і, як яе вынік, інтэнсіфікацыя гандлю, што пацягнула за сабой пашырэнне функцый тагачасных славянскіх гаворак у якасці мовы міжнацыянальных зносін; яшчэ пазней у славян з’яўляецца такая зручная рэч, як пісьменнасць. У адрозненне ад культурнай экспансіі, якая свядома нішчыць культуру-папярэдніцу, перайманне інтэгруе новыя элементы ў поле ўласнай культурнай традыцыі, што мы і бачым на прыкладзе балцкіх элементаў у беларускім фальклоры, рудыментаў дахрысціянскіх вераванняў у традыцыйным светапоглядзе і г.д.

Ніякая схема не можа быць абсалютнай ва ўсіх выпадках без выключэння. Такім выключэннем, напрыклад, з’яўляецца старажытная Яцвязь – тэрыторыя паміж Нёманам і Нарвай, заселеная адным з прускіх плямёнаў – яцвягамі. Невядома, як яны называлі сябе і сваю зямлю самі. Яцвягі былі шмат у чым унікальнымі, непадобнымі не толькі да немцаў, славян і суседняй Літвы, але і да іншых прусаў. Усе крыніцы сведчаць пра іх незвычайную адвагу і ваяўнічасць. Яцвягі так і не прынялі хрысціянства і зніклі ў перманентных сутычках з суседзямі, пакінуўшы пасля сябе толькі загадкі. Адна з іх палягае на тым, што яцвягі нейкім незразумелым чынам у розных кантэкстах, паміж якімі не прасочваецца ніякіх лагічных сувязяў, так ці інакш звязваюцца з чорным колерам.

BW3

У беларускай традыцыйнай культуры яцвягі выступаюць як таямнічая, адасобленая група, злучаная з уяўленнем нашых прапродкаў пра “чужое, чарадзейнае”, ім надаюцца “іншасветныя ўласцівасці”. Іншымі словамі, для нашых продкаў Яцвязь была чужой, незасвоенай часткай белага свету, якая ў традыцыйнай беларускай культуры маркіруецца, як ужо казалася, сіне-шыза-чорнымі колерамі. Народная пагалоска прыпісвае яцвягам адмысловае шанаванне чорнага бусла, якога тыя лічылі каралём усіх птушак, у той час як жыхары ўсёй астатняй будучай Беларусі шанавалі бусла звычайнага, белага. Мажліва, дарэчным тут будзе прыгадаць і старажытны культ чорнай змяі, прысутны ва ўсіх балтаў, а таксама беларусаў. Пра нашых хатніх вужакаў, пра вужынага караля Жалціса, які, па ўяўленнях старажытных літоўцаў і прусаў, жыў у самым сэрцы Яцвязі ў глыбіні возера Шурпіла.

На тэрыторыі, якая амаль цалкам супадае з арэолам пражывання яцвягаў, лакалізуецца геаграфічная назва Чорная Русь, якой, як вядома, ніколі не існавала ў выглядзе нейкага дзяржаўнага ці хаця б проста адміністратыўнага ўтварэння. Алесь Белы лічыць гэтую назву прыдуманай еўрапейскімі географамі-схаластамі на ўзор і ў процівагу Русі Белай, відаць, не раней за XIV ст. Разам з тым ён мяркуе тэарэтычна мажлівым перанясенне крыжацкімі храністамі каларыстычнай маркіроўкі розных плямёнаў старажытных прусаў (яцвягі былі адным з іх) на “рускія” землі. Пры гэтым навукоўца спасылаецца на “Хроніку зямлі Прускай” Пётры з Дусбурга, дзе сярод іншага паведамляецца, што прусы мелі культ коней і адны прускія плямёны карысталіся выключна белымі коньмі, іншыя – выключна чорнымі.

Там жа, у “Хроніцы зямлі Прускай”, пералічваюцца 11 земляў (плямёнаў), на якія дзеляцца прусы. Сярод іх буйнейшая – Судовія (Яцвязь). Іншыя дакументы дадаткова прыгадваюць яшчэ некалькі назваў прускіх земляў, а таксама паведамляюць, што кожная зямля (territorium) дзеліцца на драбнейшыя воласці, у тым ліку і Судовія. Сярод іншых згадваецца яцвяжская зямля Kirsnovia – у перакладзе са старажытнапрускага “чорная” (зямля). Kirsna – “чорны”. Польскі даследчык Ян Паверскі лакалізуе Кірсновію ў басейне ракі Kirsnа, прытоку Шэшупы, левага прытоку Нёмана (цяпер Калінінградская вобласць). Іншыя ж даследчыкі яе лакалізуюць у басейне ракі Krznа, левым прытоку Заходняга Буга. Назву Kiersnowo маюць адразу дзве вёскі на былых яцвяжскіх землях – адна на Падляшшы, другая на Мазурах.

Беларускі лінгвіст Аляксандр Рогалеў звязвае з Кірсновіяй паходжанне назвы Чорная Русь. Беручы пад увагу тое, што назва іншай прускай зямлі – Warmia – можа перакладацца як “чырвоная” (wormyan – чырвоны), лагічна дапусціць, што каларыстычная маркіроўка земляў была: а) у нашым рэгіёне традыцыйнай, б) магла перакладацца з прускіх на рускія землі па аналогіі. Аналагічны тып мыслення панаваў у сярэднявечнай Еўропе. Увогуле на землях колішняй Яцвязі шмат тапонімаў, гідронімаў як балцкага, гэтак пазьнейшага славянскага альбо нямецкага паходжання, з прысутнасцю чорнага і белага колераў у назве. Як правіла, славянскія і нямецкія тапонімы гэтага тыпу з’яўляюцца перакладам ранейшых, балцкіх назваў. Новыя тапонімы са словам “чорны” найчасцей маркіруюць месцы былых яцвяжскіх сакральных аб’ектаў.

Шмат хто з даследчыкаў заяўляе, на жаль, без спасылак на першакрыніцы, што яцвягі аддавалі перавагу цёмным насычаным колерам. Так, прафесар Люцыя Акуліч-Казарын сцвярджае, што яцвягі насілі блакітныя (niebieskie) кашулі, гэта быў іх любімы колер, а чырвань яны пазбягалі. Іншы гісторык кажа, што прусы насілі адзенне сіняга і чырвонага колераў і мелі густы, падобныя да густаў славян. Мажліва, высновы навукоўцаў базуюцца на вядомай цытаце з працы Адама Брэменскага з апісаннем старажытных прусаў: мужчыны іх сіняга (azure) колеру, чырванатварыя і доўгавалосыя. Гэты дзіўны сіні колер прускіх мужчын па-рознаму трактуецца даследчыкамі і перакладаецца – і як колер вачэй, і як наяўнасць татуіровак, і як баявая расфарбоўка. Апошняе ўяўляецца найбольш верагодным, паколькі цёмна-блакітная баявая расфарбоўка сокам вайды фарбавальнай была распаўсюджана ў старажытных германцаў, брытаў, піктаў за часам Рымскай імперыі. Адна з версій паходжання назвы апошніх – ад лацінскага pictis (фарбаваны). Фарбавальныя ўласцівасці вайды былі вядомыя славянам, не маглі пра яе не ведаць і яцвягі. Наўрад ці ўжыванне сіняга старажытнымі германцамі азначала асаблівую любоў да гэтага колеру, хутчэй наадварот, падкрэслівала іхнюю гатоўнасць да парушэння табу. Ці маглі ў такі самы спосаб дэманстраваць сваю баявую рашучасць ваяўнічыя яцвягі? Маглі. Невядома, ці рабілі.

Некаторыя даследчыкі вылучаюць гіпотэзу наконт нябалцкага паходжання яцвяжскіх племянных эліт і шукаюць іхнія карані ў паўднёвых стэпах прычарнамор’я. Падставамі для гэтага служаць невядомы для лясной зоны звычай піць кумыс, надзвычайная прывязанасць да коней – ажно да рытуальнага, разам з коньмі, пахавання, тактыка конных наездаў, пакланенне “каменным бабам”, амаль цалкам ідэнтычным іх паўднёвым аналагам.

Чорны колер прысутнічае ў арнаментыцы тканін, якія паходзяць з арэалу былых яцвяжскіх земляў па абодва бакі ракі Заходні Буг, а таксама ў Маларыцкім раёне і на Падляшшы. Чорна-белая арнаментыка не характэрная для іншых беларускіх этнакультурных рэгіёнаў; па ўсёй Беларусі – за рэдкімі выключэннямі – традыцыйным колерам з’яўляецца чырвоны на белым тле. Сваім бездакорным і пазнавальным стылем вылучаецца так званы “чорны гафт“ з вёскі Страдзечы Брэсцкай вобласці, выкананы ў тэхніцы шытва наборам. Суадносіны чорнага і белага прыблізна аднолькавыя, на карысць чорнага колера. Прысутнасць чорнага ў традыцыйным строі характэрная і для суседніх вёсак па абодва берагі Заходняга Буга. Да гэтай традыцыі тэрытарыяльна і стылістычна блізкімі з’яўляюцца дамачаўскі строй на Беларусі, падляскі (альбо надбужанскі) строй на польскім Падляшшы, валынскі строй на поўначы Украіны. Ў арнаментацыі гэтых лакальных комплексаў таксама сустракаецца чорна-белая каларыстыка.Другім цікавым артэфактам ахраматычнай каларыстыкі з’яўляецца вялікодная пісанка з мястэчка Сапоцкін на Гарадзеншчыне. Чорны колер не надта пасуе да сімволікі Свята Уваскрашэння Хрыстова, але на самым паўночным захадзе Беларусі менавіта яму аддае перавагу мясцовая традыцыя. Падобныя пісанкі малююцца і па той бок мяжы – ў Літве і Польшчы. Раней традыцыя чорна-белых пісанак шпількай існавала і на Берасцейшчыне.

Спрабуючы ўсё гэта нейкім чынам патлумачыць, можна высунуць дзве гіпотэзы, якія не выключаюць адна адну. Першая палягае на тым, што тэрыторыя яцвягаў была для ўсіх яе суседзяў “незасвоенай” і небяспечнай прасторай. Не гэтым, не белым светам. Адпаведна і каларыстычная маркіроўка Яцвязі надавалася цёмная, чорная. Мажліва, гэта рабілася (і працягвае рабіцца) на падсвядомым, архетыпічным узроўні.

Другая прычына можа палягаць на тым, што самі яцвягі, ваяўнічыя людзі лесу, не абцяжараныя хрысціянскімі светапоглядам і сімволікай, па-іншаму, чым мы сёння, трактавалі сэнс і значэнне чорнага і выкарыстоўвалі яго ў якасці “фірмовага” колеру паводле аналогіі з татэмічнымі жывёламі – моцнымі, небяспечнымі, страшнымі. “Прыручаныя” страхі ўжо не надта каб страхі. Яны як той хатні вуж, што ласуецца малаком.

unnamed

Кераміка. Ад яе ў нас пачаўся неаліт, але чорнадымленая кераміка ўпершыню з’явілася на тэрыторыі Беларусі разам з пачаткам эпохі жалеза. Асноўныя цэнтры вырабу такога тыпу посуду былі на захадзе краіны – у Міры, Ружанах, Пружанах, Поразаве, а таксама на ўсходнім Падляшшы – у Кнышыне, Кляшчэлях, Варанянах, Чорнай Вёсцы Касцельнай, то-бок зноў-такі на былых землях яцвягаў. Захаванню гэтай тэхналогіі ў вялікай меры паспрыяў попыт на чорнадымлены посуд з боку мясцовага габрэйства. Лакальная традыцыя аддавала перавагу менавіта такой кераміцы. Такі адмыслова зроблены посуд называўся шабашоўкамі. Чорнадымленая кераміка можа быць яшчэ і лашчонай (глянцаванай). Дзеля гэтага паверхню падсушанага перад абпальваннем посуду лашчаць гладкай крамянёвай лусткай. Такі посуд называецца сівакамі. Гэтак жа наносіцца дэкор.Традыцыйным дэкорам для такой керамікі быў архаічны малюнак у выглядзе ліній і рамбічных сетак. Геаметрычны арнамент характэрны для ўсёй археалагічнай керамікі ўсёй лясной зоны, ад пачатку яе з’яўлення ў неаліце. Гэта тая стылістычная асаблівасць, якая адрознівае яе ад керамікі стэпавай зоны. Апошняй, наадварот, уласцівая раслінападобная, пластычная арнаментыка. Сярод мноства іншых тыпаў керамікі, апроч чорнадымленай, якая мае чорна-шызы колер ці шызы металічны бляск пасля лашчэння, сустракаецца т.зв. “малачоная”. Яна таксама можа быць чорнага колеру, але з цёплым цёмна-брунатным адценнем. Чорнадымлены, чорнадымлены лашчоны, а таксама малачоны керамічны посуд вырабляецца на Беларусі дагэтуль.

З іншых носьбітаў чорнага нельга абмінуць такія ўніверсальныя, знакавыя для мадэрных нацыянальных культур семантычныя вобразы, як зямля, ралля, ніва, узаранае поле. Зямля ў нас традыцыйна маркіруецца чорным колерам. Яна – аснова сялянскага дабрабыту і адначасова “вялікая беларуская мара”. Праграмны твор Якуба Коласа называецца “Новая зямля”. Праграмнае палатно Фердынанда Рушчыца – проста “Зямля”. Да вобраза зямлі як грунту рэчаў, першаасновы звярталіся нацыянальныя рамантыкі і польскамоўныя, і тыя, што пісалі па-беларуску. Яго выкарыстоўвалі ідэолагі польскага “пазітывізма“ і рускія “почвеннікі”. Вобраз апрацаванай, “акультуранай” зямлі, закладзены ў назве першай беларускай газеты “Наша Ніва” – інтэлектуальным цэнтры беларускага нацыянальнага Адраджэння.

На пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя пачынаецца найноўшае беларускае Адраджэнне. У 1985-м да, здавалася б, ужо неактуальнага вобраза зямлі, звяртаецца мастак Лявон Тарасевіч і стварае адну з найбольш вядомых сваіх работ (як заўсёды, “без назвы”), на якой мы бачым чорнае ўзаранае поле, перспектыву якога задае засыпаная снегам ралля. Дальні край поля ляжыць недзе за даляглядам. На самым пачатку 1990-х у Вільні выходзіць адроджаная “Наша Ніва”. Значэнне слова “зямля” паступова напаўняецца новым сімвалічным зместам, закладзеным яшчэ ў 1972 годзе Уладзімірам Караткевічам. Зямля пад белымі крыламі. Краіна.

 

Міхал Анемпадыстаў

Глядзіце таксама:

Міхал Анемпадыстаў: Колер як феномен культуры (уступ)

«Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава: Белы

«Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава: Чырвоны

Прэзентацыя кнігі Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» адбудзецца 30 траўня!

Шматгадовая даследчыцкая праца была рэалізаваная ў межах міжнароднага праекту па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.