У 1969 годзе амерыканскія навукоўцы Брэнт Берлін і Поль Кай надрукавалі даследаванне “Базавыя назвы колераў. Іх універсальнасць і эвалюцыя”. Яны вылучылі ў мове так званыя “базавыя колеры” (у еўрапейскіх мовах такіх колераў 11) і паспрабавалі прасачыць паслядоўнасць іх з’яўлення, прааналізаваўшы блізу 80 моў свету, у тым ліку мовы т.зв. “прымітыўных культур”, з тых, што захаваліся дагэтуль. Вынікі даследавання зрабілі значны ўплыў на розныя сферы гуманістыкі. У першую чаргу, яны пашырылі нашы веды пра механізмы паўставання і развіцця моў, па-другое, запачаткавалі новы дыскурс у каларыстыцы – колер набыў антрапалагічнае вымярэнне і стаў актыўна вывучацца праз опцыю гісторыі і культуры, матэрыяльнай і нематэрыяльнай.
Што такое ўвогуле колер і чаму ён адметны феномен? Колер – гэта суб’ектыўнае псіхічнае ўражанне, якое ўзнікае дзякуючы псіхафізіялагічным здольнасцям чалавека ў момант, калі ў вока трапляюць электрамагнітныя хвалі бачнага дыяпазону, то-бок святло. Звычайна мы ўспрымаем мешаніну з розных хваль рознай даўжыні, таму свет вакол нас выглядае каляровым, але здольнасць да ідэнтыфікацыі колераў не ёсць чымсьці жыццёва неабходным для чалавека – мы запамінаем візуальную інфармацыю адразу цалкам, з усімі іншымі характарыстыкамі аб’екта: формай, тэкстурай, малюнкам – і колерам у тым ліку. Здольнасць адрозніваць і ідэнтыфікаваць розныя колеры і іх адценні развівалася адначасова з развіццём мовы/культуры і з’яўляецца чыста культурным феноменам. Чалавек бачыць усе колеры, але ідэнтыфікуе толькі тыя, якія ў мове гэтай культуры вербальна абазначаны.
Берлін і Кай вызначылі заканамернасць з сямі этапаў, актуальную для любой мовы кожнай культуры, незалежна ад месца і часу яе паўставання. Першымі паўсюль і заўсёды з’яўляюцца назвы для белага і чорнага колераў. На другім этапе – для чырвонага. На трэцім – для зялёнага (альбо жоўтага). На чацвёртым – для жоўтага (альбо зялёнага). На пятым – для блакітнага. Потым для брунатнага. На сёмым этапе сюды дадаюцца назвы для фіялетавага (альбо пурпурнага), аранжавага, ружовага і шэрага колераў. Шэры звычайна выяўляецца апошнім і сведчыць пра “сталасць” культуры, хаця ў некаторых выпадках ён можа паўстаць раней як дублёр сіняга, а потым ізноў на нейкі час “знікнуць”.
Трэба, аднак, адзначыць, што цалкам універсальнай з’яўляецца паслядоўнасць узнікнення толькі першых трох колеранайменняў. Пазнейшыя даследаванні ўнеслі карэктывы ў першапачатковую канцэпцыю базавых колераў. Гэтак, напрыклад, выявілася, што ў некаторых культурах Усходу замест пары “зялёны-жоўты” выступае пара “зялёны-блакітны”. І не заўсёды брунатны апынаецца пятым. У сучаснай беларускай мове ён увогуле да нядаўняга часу адсутнічаў. У цэлым, аднак, канцэпцыя аказалася слушнай. Гэта, у сваю чаргу, спрычынілася да паўстання новых пытанняў: якімі былі гэтыя самыя першыя колеры, як чалавек іх бачыў, што яны азначалі тады, калі іншых колераў у мове яшчэ не было?
Найбольш цікавай у гэтым плане з’яўляецца трыяда “чорны, белы, чырвоны” – тое, з чаго “ўсё распачынаецца”. На самым пачатку гэта яшчэ не зусім колеры і адначасова болей чым колеры. Белы на гэтым этапе не толькі звыклы для нас найсвятлейшы ахраматычны колер, ён можа таксама азначаць светлыя адценні іншых колераў і нават некаторыя колеры як такія, а таксама само святло і вытворныя ад святла паняткі – “святлісты”, “бліскучы”, “зыркі”. Адпаведна і чорны азначае не толькі найбольш цёмны колер ахраматычнага шэрагу, але і іншыя, цёмныя, халодныя ці няяркія колеры, а таксама якасці, звязаныя з бракам святла, – цьмяны, змрочны, нават вільготны, гнілы, халодны. І першыя колеранайменні, і сам панятак “колер” на гэтым этапе неакрэсленыя і расплывістыя, яшчэ не зусім зразумела, што гэта такое, да таго ж невядома, што з чым параўноўваць, бо іншых колераў “яшчэ няма”.
Разам з тым наўпроставая (і нават відавочная) сувязь са святлом ды цемрай забяспечваюць апрычоны, міфалагічны і сакральны статус гэтых паняткаў. Іх семантычнае поле значна шырэйшае як за візуальнае, так і за сакральнае, яны выкарыстоўваюцца дзеля азначэння розных складаных абстрактных катэгорый. Менавіта з дапамогай колераў маркіраваўся падзел грамадства на саслоўі (варны) у грамадстве старажытных арыяў у эпоху Рыгведы (1700–1000 да н. э.). Санскрыцкае cлова varṇa якраз і азначае “колер”. Але апроч гэтага яно мае шэраг іншых сэнсаў, якія адпавядаюць сучаснаму значэнню слоў і выразаў “пэўная якасць”, “выбарка”, “катэгорыя”. Старажытнае varṇa падзяляла грамадства на розныя сацыяльныя групы, а сусвет – на свой (белы) і чужы (чорны).
Ад старажытных часоў і да нашых дзён колькасць колеранайменняў павялічваецца коштам канкрэтызацыі і дакладнай фіксацыі адценняў. На самым пачатку дадатковыя назвы ўзнікаюць дзякуючы новым фарбавальнікам, з’яўленне якіх абумоўлена даступнасцю адпаведных рэчываў у навакольным асяроддзі. Асобна фармуецца тэрміналогія колераў хатніх жывёл, каштоўных камянёў ды металаў. На пэўным этапе кожны колер набывае ўласную эканамічную (кошт фарбавальніка ды працы) і эстэтычную вартасці, прычым другое часцяком наўпрост вынікала з першага. Колеры пачынаюць дзяліцца на прыгожыя і непрыгожыя, элітныя і шараговыя. Разам з развіццём культуры (гандлёвых адносін, тэхналогій, навукі) геаграфія паходжання прыродных пігментаў пашыраецца, спосабы іх апрацоўкі ўдасканальваюцца, сталы попыт на “колер” (і яго прапанова) павялічваецца. Панятак “колер” становіцца канкрэтным фізічным вымярэннем, адначасна захоўваючы архаічныя абстрактныя сэнсы. З цягам часу іх семантычнае поле толькі пашыраецца, узнікаюць новыя сімвалічныя значэнні, з якіх, у сваю чаргу, паўстаюць адмысловыя візуальныя “мовы”.
Тэмы перцэпцыі і семантыкі колераў, а таксама этымалогіі ды генезісу колеранайменняў з’яўляюцца інтэрдысцыплінарнымі. Колеры наскрозь працінаюць любую культуру, вызначаюць базавыя знакавыя сістэмы і эстэтычныя прэферэнцыі. Першы і таму вельмі важны зрух у асэнсаванні феномена колеру еўрапейскай культурай адбыўся ў эпоху Антычнасці. Тагачасныя філосафы, не адмаўляючы боскай прыроды колеру, упершыню паспрабавалі вытлумачыць яе навукова. Яны ж першымі пачалі разглядаць колер сістэмна, склалі першыя тэорыі колеру і колераспалучэнняў, выпрацавалі такі ўніверсальны панятак, як “гармонія”.
“Гармонія” – чыста еўрапейскае вынаходніцтва, яно ляжыць у падмурку ўсёй еўрапейскай эстэтыкі. Гармонія – гэта сістэма ўзаемасувязей, адмысловы рацыянальны парадак, змест і правілы якога можна вербалізаваць, апісаць, перадаць нашчадкам. Яе нават можна спрасціць да трох пунктаў: 1) лад, дзе кожны паасобны элемент супадпарадкаваны і прыладаваны да іншых; 2) барацьба і адзінства супрацьлегласцей, кантраст-нюанс; 3) пачуццё меры, сумаштабнасць, функцыянальная простасць.
Заклік да простасці як да эстэтычнай – і нават шырэй – светапогляднай вартасці прысутнічае ва ўсіх разважаннях антычных аўтараў, датычных сутнасці гармоніі. У гэтым антычныя грэкі супрацьпастаўлялі сябе Усходу з ягонай шматфарбнасцю, бляскам, раскошай. На працягу ўсёй сваёй наступнай гісторыі, ад старажытнага Рыма пачынаючы, еўрапейская культура стане перманентна абрастаць празмернасцямі, але кожнага разу зноў і зноў будзе вяртацца да антычных ідэалаў гармоніі і рацыянальнай адпаведнасці.
Сістэмная цікаўнасць да колеру ў старажытнай Грэцыі – з’ява ўнікальная. Ніводная іншая цывілізацыйная мадэль не надавала колеру столькі ўсебаковай увагі. Старажытнагабрэйская культура развівала і паглыбляла сімвалічны аспект каларыстыкі. Арабы былі лепшымі ў свой час барвярамі і оптыкамі, але сама прырода колеру іх не зацікавіла. Цікаўнасць да ўсебаковага асэнсавання колеру падхапіў пераемнік антычных традыцый старажытны Рым, потым Візантыя, затым сярэднявечныя схаласты. Спробы “зразумець” колер у еўрапейскіх інтэлектуальных асяродках ніколі не спыняліся. У эпоху Адраджэння з’явілася новае разуменне яго сутнасці, удасканалілася каларыстыка, былі “адкрытыя” святлацень і рэфлексы, эфект паветранай перспектывы. Далей – болей: навукоўцы расклалі святло на барвы спектра, вызначылі іх фізічную і аптычную прыроду, апісалі механізмы ўспрымання колеру чалавекам, эмацыйныя і псіхалагічныя эфекты гэтага ўспрымання. Адначасова з працэсам навуковага спазнання адбывалася і практычнае засваенне – распрацоўваліся новыя пігменты, фарбавальнікі і фарбы. Развіваліся каларыстычная перцэпцыя і “культура колеру”.
У ХІХ ст. на хвалі навукова-тэхнічнага прагрэсу ў фарбавай прамысловасці адбылася своеасаблівая рэвалюцыя – з’явілася вялікая колькасць новых сінтэтычных пігментаў, трывалых і яркіх, фарбы пачалі вырабляцца ў гатовым да ўжытку змесціве. Напрыканцы стагоддзя асартымент гатовых колераў і адценняў стаў настолькі шырокім, што традыцыйных найменняў ужо не хапала. У гэты час узнікае мноства каларонімаў-наватвораў, частка з якіх прыжылася і ўзбагаціла мовы новымі словамі, як, напрыклад, “кобальт”, а некаторыя (як, скажам, “мерынга”) засталіся ў прафесійным лексіконе трэндмэйкераў, дызайнераў, мадэльераў. Веданне гэтых шматлікіх назваў і ўменне іх адрозніваць доўгі час лічылася неад’емнай якасцю “культурнага чалавека”. Колер стаў адмысловым таварам, а яго “імя” – прывабнае, узвышанае, экзатычнае – складовай часткай гэтага тавару.
Вялікая колькасць гатовых колераў і адценняў запатрабавала іх больш дакладнай не толькі вербальнай, але і візуальнай фіксацыі. На пачатку ХХ ст. узніклі першыя сістэматызаваныя каталогі – т.зв. “колерныя мапы”, альбо “палеты”. А ў другой яго палове даступных колераў стала так шмат, што мова перастала спраўляцца з іх азначэннямі і на змену назвам прыйшла лічба. Сёння колер найбольш дакладна апісваецца з дапамогай розных лічбавых сістэм – RGB, Pantone, CMYK, NCS. Першыя з іх створаныя для розных тыпаў прафесійнай дзейнасці, так ці інакш звязаных з колерам. Апошняя ў гэтым пераліку мадэль з тых, што мае ўніверсальны характар, яна апісвае “фізічныя каардынаты” колеру. Мы, аднак, па-ранейшаму больш ахвотна карыстаемся традыцыйнымі назвамі, чым лічбамі, бо кожная такая назва цягне за сабой цэлы ланцужок асацыяцый, вобразаў і нават гісторый.
Колер як феномен культуры… Гэты аспект каларыстыкі сёння з’яўляецца найбольш актуальнай тэмай даследаванняў, а яе рамкі практычна неабсяжныя. Міфалагічная і сакральная сімволіка колераў, сімвалічныя мовы на каларыстычнай аснове. Вобразнае, псіхалагічнае, эмацыйнае значэнне колеру ў паэзіі, літаратуры, камунікацыі, рэкламе, палітыцы. Колер як стылеўтваральны элемент, як функцыянальны інструмент у розных сферах дзейнасці чалавека. Колер як фактар эканомікі, бо змена каларыстычных трэндаў цягне за сабой попыт на новыя тавары. Колер як маркер і айдэнтыка – саслоўная, рэлігійная, палітычная, нацыянальная. Спіс можна працягваць. Варта, аднак, звярнуць увагу на тое, што колер (проста колер, без канкрэтызацыі, колер як з’ява) з’яўляецца маркерам усёй еўрапейскай цывілізацыі. У сваёй усебаковай і сістэмнай цікавасці да колеру, у пошуках адказаў адносна яго фізічнай прыроды і законаў гарманічнага колераспалучэння еўрапейская культура заставалася ў адзіноце ажно да пачатку ХХ ст.
Кніга не ставіць на мэце расказаць пра гісторыю каларыстыкі ўвогуле ці пра тую яе частку, якая даследуе колер у еўрапейскіх або – шырэй – сусветных культурах. Пра гэта ўжо напісана шмат выдатных прац, і кожны год з’яўляюцца новыя, бо цікаўнасць да тэмы не знікае, а толькі вялічыцца. Я паспрабую распавесці пра гісторыю і ролю колераў у беларускай культурнай традыцыі, ці, калі быць дакладным, у тых культурных традыцыях, якія ўтваралі аснову для паўстання беларускай культуры і з’яўляюцца яе неад’емнымі часткамі.
Міхал Анемпадыстаў
Глядзіце таксама:
Шматгадовая даследчыцкая праца была рэалізаваная ў межах міжнароднага праекту па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.